epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Адзін з нямногіх

Так... ён быў адным з нямногіх. Без перавелічэння... Таму той дзень, калі ў газеце «Звязда», што вывешвалася ў вітрыне перад санаторыем «Беларусь» у Друскеніках, я ўбачыў партрэт Міхася Лынькова ў жалобнай рамцы,— мне і сёння аддае болем. Перад ад’ездам з Мінска я ведаў: Міхась Ціханавіч цяжка хворы, у яго ўзросце ўсяго можна чакаць, але... каб так хутка... Недзе ў душы яшчэ цеплілася надзея, што ён паправіцца...

І вось — на табе...

Зрабілася гэтак балюча і сумна, што, каб не заплакаць на людзях, я пайшоў да Нёмана. Звычайна сонечны і лагодны, цяпер ён здаўся мне насцярожана змрочным, ад вады патыхнула пустатою і холадам. Як бы і ён адчуваў, што здарылася непапраўная бяда.

Берагам праходзілі людзі. І па тым, як яны захапляліся прыгажосцю шырокага воднага прастору, я зразумеў, што Нёман усё той жа, што гэта ў мяне на душы пуста і холадна, што гэта я страціў нешта вельмі дарагое і вялікае.

Страты... страты... Колькі іх давялося зведаць!.. І асабліва крыўдна тады, калі не стае добрага чалавека. Ты становішся як бы асірацелым. Асірацелым яшчэ на адну дабрату, яшчэ на адну чалавечую спагаду.

Кожны з нас мае свае схільнасці і свае прывязанасці. Нават не да ўсіх сяброў мы ставімся аднолькава. Некага паважаем больш, а некага менш. Да Міхася ж Лынькова я заўсёды ставіўся з асаблівай павагай. І не таму, што ён быў старэйшы за мяне. Старэйшымі былі і іншыя, але толькі да яго так гарнулася сэрца.

Як пісьменніка я палюбіў Міхася Лынькова куды раней, чым пабачыў. Яго вобраз увайшоў у маю душу яшчэ з часоў даваеннага настаўнічання на Міншчыне. Я выкладаў тады беларускую літаратуру ў Каралішчавіцкай школе. Тады і не ўяўлялася, што праз колькі год, адпачываючы ў Доме творчасці ў Каралішчавічах, мы будзем разам па вечарах раскладаць зыркія кастры, разам будзем смяяцца з розных вясёлых гісторый, якія ў такі час расказваюцца пры святле полымя. І я ўбачу яго звычайным чалавекам, простым у абыходжанні, уважлівым да ўсіх і кожнага.

А напачатку арэол пісьменніцкай выключнасці яшчэ лунаў над яго асобай. Выключнасці хоць бы ў тым, што ён гэтак маляўніча мог паказваць жыццё. І як выкладчык літаратуры я расказваў вучням пра яго герояў Ваньку разанскага і Ваську Шкетава з апавядання «Над Бугам», пра Міколку-паравоза з яго аднайменнай аповесці. І разам з імі адчуваў высакароднасць самога аўтара, яго гуманнасць — і пра сябе падумаў, што такія пачуцці можа выхоўваць толькі той творца, хто і сам падзяляе гэтыя пачуцці, чыя душа багата чалавечай дабратою, спагадай да пакрыўджаных, абыдзеных у жыцці. А заадно яшчэ падумаў і аб тым, што з такімі людзьмі павінны побач быць вельмі сардэчныя людзі.

Яшчэ перад вайной я пачаў прыносіць свае першыя вершы ў часопіс «Полымя рэвалюцыі», які тады рэдагаваў Міхась Лынькоў. З самім рэдактарам, паколькі ён празаік, мне сустракацца не даводзілася. Адбор матэрыялаў для часопіса рабіў сакратар рэдакцыі Хвядос Шынклер, пісьменнік, якому вельмі давяраў Міхась Ціханавіч. І я не помню ніводнага выпадку, каб вершы, ухваленыя Шынклерам, былі вернуты рэдактарам. Ён вельмі паважаў тых, з кім працаваў, не навязваў ім сваёй волі, не кіраваўся ў ацэнцы літаратурных твораў меркаваннямі, далёкімі ад літаратуры. Яго ацэнка твора не залежала ад таго, у прыяцельскіх ці непрыяцельскіх адносінах ён з аўтарам або якую пасаду займае апошні. Ён шчыра гаварыў праўду ў вочы кожнаму. І адначасна сам шчыра прымаў добразычлівую крытыку, бо разумеў, што збоку лепш відаць, што захвальванне і ўгодніцтва шкодзяць справе, не садзейнічаюць далейшаму росту аўтара. Хіба можна забыць, як у першыя пасляваенныя гады ён смела выступаў на пісьменніцкіх форумах і ў друку з крытыкай недасканалых твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, нацэльваючы літаратараў на глыбокае адлюстраванне падзей, на высокае пісьменніцкае майстэрства. І пад абстрэл сваёй крытыкі браў не зялёных пачаткоўцаў, а пісьменнікаў вопытных.

Мы, маладыя тады літаратары, якія хадзілі яшчэ ў франтавых шынялях, з захапленнем слухалі яго выступленні і вучыліся ў яго высокай адказнасці перад літаратурай, патрабавальнасці да сваёй працы.

Меў Міхась Ціханавіч і яшчэ адну добрую якасць: калі ён заўважаў, што маладога таленавітага аўтара незаслужана крыўдзяць, заўсёды заступаўся...

Маючы вялікі аўтарытэт, Міхась Ціханавіч ніколі не злоўжываў ім, не карыстаўся ім на шкоду самой літаратуры. Ён настолькі яе любіў і шанаваў, што не мог зняважыць яе ні ў малым, ні ў вялікім. Не дазваляў зневажаць яе і іншым.

Нястрымны гнеў выклікала ў яго чалавечая подласць. Нават і кроплі яе не мог ён цярпець у чалавеку. Ніколі яе не забываў і не мог яе дараваць, хоць знешне нічым не выдаваў гэтага пачуцця.

Апошнім часам з-за хваробы Міхась Лынькоў выступаў ўсё менш і менш, аднак пільна сачыў за літаратурай, стараўся не прапускаць важных сходаў і паседжанняў. І я заўважыў, што нават сама яго прысутнасць таксама нешта вызначала.

І вось... не стала ў жывых гэтага чалавека...

Як ні суцяшаў я сябе, неадольная туга не давала спакою. Я зразумеў — яе трэба было перажыць, перацярпець. Прайсці праз яе. Але так, каб ні кропелькі не разгубіць з таго, што перадаў ён у спадчыну сваім пісьменніцкім прыкладам. А перадаў ён нямала. Побач з тамамі твораў не менш важнымі для нас сталі яго сціпласць, дабрата, чалавечнасць, нястомная гатоўнасць памагчы таварышу. І ад усведамлення гэтага крыху адлягло на сэрцы. Толькі б не растраціць гэтую багатую спадчыну, не азмрочыць яго светлую памяць.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 227-230
Крыніца: скан