epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Без права на бясспрэчнасць

Адказы на анкету газеты «Чырвоная змена»

Адразу агаворваюся: свае адказы не лічу вычарпальнымі ці, тым больш,— бясспрэчнымі. Яны — вынік толькі маіх нагляданняў, жыццёвага вопыту і практыкі. Гэтак было ў мяне. У іншых усё можа быць іншым і інакшым.

І. Майстэрства пісьменніка. У чым яно?

Кожная праца, калі ставіцца сур’ёзна, патрабуе, каб яе рабілі найлепшым чынам. Вось гэтае «найлепшым чынам» і ёсць тое, што называюць майстэрствам. Нават столяр і той спярша падбірае матэрыялы, аблюбоўвае канструкцыю, а потым ужо бярэцца за інструмент. Прыкладна тое ж робіць і пісьменнік. У яго таксама ёсць перыяд накаплення матэрыялу, канструяванне задуманай рэчы і стварэнне яе. Толькі пісьменніцкая праца мае справу з самым далікатным матэрыялам — душою чалавека, матэрыялам адначасова і складаным і вельмі ж індывідуальным. Прырода так стварыла чалавечую асобу, што вы не знойдзеце ў свеце двух аднолькавых па характару людзей. Нават блізняты і тыя розняцца адзін ад аднаго.

Неаднолькавымі характарамі надзелены і самі пісьменнікі. Неаднолькава яны бачаць і ўспрымаюць з’явы жыцця, неаднолькавая ў іх і творчая манера. І гэта вельмі добра, бо, калі б усе бачылі і адчувалі аднолькава, мастацтва не было б такім разнастайным.

Аднак пры ўсёй рознасці творчых індывідуальнасцей аб’ектыўна існуе і тое, што мы называем майстэрствам пісьменніка. Яго я разумею як уменне сродкамі слова найбольш поўна і глыбока раскрываць чалавечыя пачуцці. Без гэтага ўмення няма літаратара. Але і аднаго гэтага ўмення таксама недастаткова. Кожны твор павінен мець свае формы, памеры і, урэшце, самае галоўнае — сваё прызначэнне. Так што ў паняцце майстэрства, апрача ўмення раскрываць чалавечыя пачуцці, ствараць характары,— уваходзіць і ўменне будаваць сюжэт, выбіраць такія формы, якія найбольш адпавядалі б пастаўленай задачы. Формай нельга грэбаваць. Яна пэўным чынам арганізуе матэрыял, не дазваляе абцяжарваць твор, перагружаць тым, без чаго можна спакойна абысціся.

Разам з тым заўсёды трэба прывучаць сябе да большага назапашвання матэрыялу, каб потым было з чаго выбіраць, не шкадуючы адкідаць тое, што не кладзецца ў сюжэтную канву, што актыўна не працуе на ідэю твора, хоць само па сабе і цікавае і нават патрэбнае.

Асабліва ашчадным у сродках павінен быць паэт. І наколькі ашчадным у сродках, нагэтулькі неашчадным на пачуцці. Для пачуццяў не павінна быць ніякіх абмежаванняў. Чым усеабдымней і глыбей, тым лепш. І тым лепш, чым карацей. Нават і ў спрактыкаваных паэтаў нярэдка трапляюцца вершы расцягнутыя. Гэта здараецца тады, калі аўтар для ўвасаблення думкі не знайшоў адпаведнай формы, той формы, якая б надала вершу стройнасць, а думцы — лагічнае мастацкае развіццё і завяршэнне. Значыцца, да канца не вынашана думка, не знойдзены тыя адзіныя мастацкія сродкі, якія былі б найбольш прыдатнымі для яе ўвасаблення.

Ад правалаў ніхто не застрахаваны: ні аўтар малады, ні аўтар вопытны. Таму не трэба браць на веру: раз надрукавана, дык яно ўжо і добрае — і я маю права пісаць на такім узроўні. Зусім не. Шэрасць, нават калі яна надрукавана, застаецца ўсё ж шэрасцю.

З першых крокаў трэба прывучаць сябе да непаспешлівасці, навучыцца глядзець на сваю працу як бы збоку, як не на сваё. І тады, рана ці позна, ты сам заўважыш свае пралікі і сам знойдзеш спосаб, як іх выправіць. А гэта вельмі важна для пісьменніка, для яго творчага росту.

Памятаю: нешта доўга не даваўся мне адзін не такі ўжо мудрагелісты верш. Нарэшце я яго такі напісаў, але, калі пачаў чытаць напісанае, адчуў: атрымалася не тое. Пачатак і канцоўка верша ёсць, сярэдзіны — няма. Няма ў тым сэнсе, што сярэдзіна нічога свежага да думкі не дадавала, нават, больш таго, развадняла яе і як бы затуманьвала. І я рашыўся яе выкінуць, пакінуўшы з 24 радкоў толькі чатыры — два першыя і два апошнія. І што вы думалі — пасля канчатковай шліфоўкі я ўбачыў: больш як чатырох радкоў для верша і не трэба было.

Гэты выпадак гаворыць пра тое, што існуе сама праблема верша, яго задумы, формы, вобразнага вырашэння. Праблема, вартая самай пільнай увагі крытыкі. І шкада, што многія добрыя вершы спрактыкаваных майстроў і маладых паэтаў усё яшчэ вельмі і вельмі рэдка разглядаюцца крытыкамі асобна. Думаю, што гэта ідзе ад няправільнага разумення праблемы, бо ўрэшце вартасць твора вымяраецца не яго формай ці аб’ёмам, а якасцю. Іншы выдатны верш і кароткае апавяданне вартней доўгай расцягнутай паэмы ці пульхнага вадзяністага рамана. І часам дзівішся: чаму пасрэдная аповесць і такой жа якасці раман крытыка лічыць патрэбным абавязкова разгледзець, а асобны верш, нават выдатны, не ўдастойвае сваёй увагай? А як бы разумны артыкул памог чытачу зразумець, што такое ў мастацтве «добра» і што «блага», а пачынаючаму аўтару — з чаго складаецца высокае майстэрства і ў чым хараство сапраўднай літаратуры.

Паколькі гаворка скіравалася ў бок паэтычнай творчасці, хацелася б колькі слоў сказаць і пра выбар рытмічнага памеру верша. Можа, слова «выбар» і не зусім дакладнае, бо ўсё ж рытм у вершы ўзнікае як бы міжвольна, ад спалучэння слоў, якія фармуюць думку. Аднак і пры міжвольным узнікненні ўсё ж рытм трэба вывяраць, каб ён адпавядаў характару верша, каб пра сур’ёзнае і драматычнае не пісалася частушачным рытмам. Асцерагацца трэба і рытмаў ужо «заезджаных». На сабе неаднойчы адчуваў, як, трапіўшы ў каляю знаёмага рытму, потым даводзілася нялёгка з яго выбрацца. А часамі нанава ў іншым рытме пісаць верш. Добра, калі толькі верш... А калі паэма?.. І ты ўжо недзе на сярэдзіне. Што тады? Са шкадаваннем прыгадаеш тады, што не паслухаўся народнай прымаўкі: «Сем разоў адмерай, а адзін раз адрэж».

Пісьменніцкая праца не церпіць паспешлівасці. Як бы табе ні хацелася хутчэй убачыць свой твор надрукаваным, здолей наступіць на горла гэтаму жаданню. Дай час твору адлежацца, а самому сабе — адысціся ад яго, астыць. Пакуль твор пішацца, ты знаходзішся ў стане самага найвышэйшага ўзбуджэння, творчага падагрэву, калі здаецца, што ўсё напісанае — адэкватна тваім пачуццям, хоць на самай справе яно не так. Вось чаму трэба мець нейкі час, каб даць магчымасць асесці пылу ўзбуджэння, каб глянуць на сваю працу больш цвяроза, а значыць, і больш аб’ектыўна. І тады сам убачыш: што напісалася так, як думалася і адчувалася, а што — толькі прыблізна і зусім не так, як хацелася. І не спрабуйце сябе пераконваць, што можна пакінуць і гэтак. Абавязкова перапісвайце, і перапісвайце датуль, пакуль не адчуеце, што ўсе вашы магчымасці ўжо вычарпаны і далейшая праца не прынясе карысці.

Жаданне перапісваць зрабіце пастаяннай рысай вашага характару. Усё гэта пасля акупіцца. Так працавалі нашы вялікія класікі. Так працаваў малады Максім Багдановіч. Ведаў, што жыццё наканавала яму кароткі век, што трэба спяшацца, аднак у працы над радком паспешлівасці не прызнаваў. Як расказваў мне яго малодшы брат Павел Адамавіч, пасля ад’езду паэта з Яраслаўля ў Мінск, ён кошыкамі выносіў чарнавыя варыянты вершаў. Застанься яны — і мы б самі сталі сведкамі яго тытанічнай працы над радком. А заадно і яго высокай адказнасці перад літаратурай.

Хто з нас, выдаючы першую кнігу, не стараўся, каб яна была таўсцейшая, часам за кошт слабых вершаў. А вось як да гэтага ставіўся Максім Багдановіч. 27 лістапада 1913 года ён піша ў рэдакцыю «Нашай нівы», якая рыхтавала да выдання яго першы і адзіны пры жыцці зборнік вершаў «Вянок»: «Калі Вам дзе што хацелася б з выкінутага мной памясціць у кніжку — будзь ласка. Але мая думка — выкідайце болі, тады зборнік выйдзе лепі».

Або вазьміце другога нашага выдатнага паэта Аркадзя Куляшова. Як карпатліва шліфаваў ён свае вершы, як паляпшаў іх ад выдання да выдання. Як уважліва выслухоўваў заўвагі таварышаў і кожную з іх так ці інакш стараўся ўлічыць.

Закругляючы гаворку пра майстэрства і пераходзячы да другой часткі пытання: «У чым яно?», асмельваюся сказаць і такое: «Майстэрства — гэта, калі не відаць самога майстэрства, калі ўсё ў творы выпісана так ясна і свабодна, як бы яно само вылілася з сэрца, хоць на самай справе — дасталося аўтару ўпартай карпатлівай працай.

2. Найбольш важная праблема Вашай творчасці? Ці не змаглі б Вы падзяліцца яе «сакрэтамі»?

Пачну з другой часткі пытання, з «сакрэтаў». Пра іх, як мне здаецца, я ж і расказваў, калі вёў гаворку пра майстэрства. А ўвогуле стараюся не ленавацца перапісваць зробленае, шукаць для думкі і пачуцця самыя дакладныя словы і выкідаць тое, без чаго можна абысціся.

Сваёй найбольш важнай праблемай творчасці лічу: выхоўваць у чалавеку чалавечнасць, дабрыню, спагаду да чужой бяды, агіду да самазадаволенасці і імкнення любой цаной добра пажыць, бо гэта ўжо нешта жывёльнае. Той, хто жыве, каб пажыць — самы пусты і нікчэмны чалавек. Такі нічога добрага людзям не пакіне, не зробіць свет лепшым. А мы ж павінны зрабіць яго лепшым — інакш не варта і жыць.

3. Як Вы спалучаеце традыцыі і наватарства?

Спецыяльна — ніяк. Я гэтыя якасці паасобку не ўспрымаю. Яны ў сукупнасці. Бо што такое традыцыя? Багацейшы літаратурны вопыт і практыка, пакінутыя нашымі папярэднікамі. Ці ж можна іх бяздумна адкідаць і казаць, што яны нам не патрэбны? Патрэбны, ды яшчэ як! Потым, тое, што мы сёння лічым традыцыяй, некалі было наватарствам. Так што і сённяшняе наватарства — гэта працяг добрых традыцый, узбагачэнне іх новым зместам.

4. Наколькі важна, на Вашу думку, спецыяльная літаратурная адукацыя для маладога пісьменніка?

Я не хацеў бы асобна выдзяляць прафесію пісьменніка. Спецыяльная адукацыя патрэбна людзям любой прафесіі. Пісьменнік тут не выключэнне. У той жа час з практыкі мінулага мы ведаем, што не ўсе выдатныя пісьменнікі мелі спецыяльную літаратурную адукацыю. І гэта не зашкодзіла ім стаць вялікімі. Напрыклад, Максім Горкі не меў і сярэдняй асветы. Аднак з гэтага не вынікае, што ён быў чалавекам неадукаваным. Яго ведам і дасведчанасці маглі пазайздросціць і дыпламаваныя вучоныя. Толькі веды свае ён здабываў не лягчэйшым шляхам, не з дапамогаю кваліфікаваных настаўнікаў ці прафесароў. Зразумела, што такі шлях намнога даўжэйшы і больш цяжкі. Таму лепш, калі ёсць магчымасць пакарыстацца карацейшым шляхам. Бо тое, што абраў сваёй прафесіяй, ты павінен ведаць дасканала. Гэта аксіёма. Праўда, у ідэале, сённяшні літаратар мне бачыцца асобай не толькі літаратурнай. Зусім яму не зашкодзіць мець нейкую іншую прафесію і пэўны вопыт па той прафесіі. Гэта значна ўзбагачае пісьменніка разуменнем жыцця і, безумоўна, пашырае яго творчыя магчымасці. Ды і пра што б ён ні пісаў, ён у першую чаргу піша сам сабе, раскрывае свае погляды на жыццё. І, як правіла, найбольш удаецца яму тое, што вызнаў і адчуў на сваёй спіне. Вось чаму ранняя прафесіяналізацыя не заўсёды пажадана — асабліва пачынаючаму аўтару. Ён хутка выпісваецца. І яму, апрача як пра сваё дзяцінства, няма пра што пісаць.

5. Адносіны прызнаных майстроў слова і пачаткоўцаўшто Вы скажаце аб гэтым?

Вядома ж, кожнаму майстру хочацца, каб у яго былі свае паслядоўцы і прыхільнікі. Але для справы лепш, калі кожны пачатковец будзе прымервацца і на ролю суперніка, і сваёй няўрымслівасцю будзе дамагацца не толькі каб зраўняцца з майстрам, але і пераўзысці яго. На гэтым прынцыпе павінны будавацца і іх адносіны.

6. Якія творы маладых беларускіх пісьменнікаў апошняга часу Вы лічыце найбольш удалымі і чаму?

Называць канкрэтныя творы не буду. Кожны малады аўтар, крытычна ацэньваючы творчыя здабыткі, павінен сам убачыць, што новага і лепш за іншых ён сказаў. Бачыць не для таго, каб пахваліцца: «Глядзіце, які я малайчына», а каб, пераканаўшыся ў сваіх магчымасцях, паспрабаваць ускласці на свае плечы большую ношку. І не спадзявацца, што нехта паможа табе закінуць яе за плечы.

Не называючы канкрэтныя творы, усё ж мушу зазначыць, што найбольшых поспехаў, як мне здаецца, дасягнула не маладая паэзія, а — проза. Маладая паэзія не так актыўна бярэцца за распрацоўку актуальных праблем часу. Больш за ўсё яе ўвага засяроджана на пачуццях інтымных. Гэта таксама трэба, бо каму ж пісаць пра каханне, як не маладым. Аднак пішучы пра каханне, ім не заўсёды ўдаецца высока ўзлятаць на яго крылах. А крылы ж і дадзены на тое, каб зведаць вышыню.

7. Вашы парады маладым літаратарам.

Парада адна — не ведаць заспакаення. Памятаць, што жыццё — не такое ўжо і доўгае, як яно здаецца. Гэта толькі ў маладыя гады бяздумна суцяшаеш сябе: «Яшчэ ўспеецца». У больш паважным узросце ацэньваеш свае магчымасці больш правільна: «Хоць бы ўспець».

Пішыце штодня, каб быць «у форме». Але не ўсё напісанае адразу нясіце ў друк — будзьце пераборлівымі.

Пасіўна не чакайце, калі да вас завітае Муза творчасці: пасіўных яна і сама не любіць, і радзей за ўсё іх наведвае. А талент павінен развівацца з дня ў дзень. Таму творчая актыўнасць павінна стаць вашым галоўным абавязкам. Умешвайцеся ва ўсе жыццёвыя падзеі. Пакрыўдзілі чалавека — заступіцеся, нехта трапіў ў бяду — памажыце, некага напаткала гора — паспачувайце. Хай ваша сэрца будзе сейсмографам чалавечых радасцей і пакут. І хай лёс бароніць вас ад абыякавасці, ад боязі рынуцца ў бой за справядлівасць, нават калі гэта звязана з небяспекай. І ніколі не думайце аб выгадзе. Бо там, дзе творцам кіруе разлік ці выгада, там канчаецца пісьменнік. І, як ад назойлівай асы, адмахвайцеся ад спакус славы, спакус пастаянна быць навідавоку ў публікі. Гэта забірае лішні час. Ашчаджайце, беражыце яго для адной-адзінай спакусы — працы. Толькі яна і здольна ўзняць талент да вяршынь літаратуры. А на меншае і не варта замахвацца.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 202-208
Крыніца: скан