epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Чыстыя расінкі пачуцця

Раніцою, калі гарачае летняе сонца добра ўбярэцца ў сілу, вы бачыце, як на травах яшчэ зіхацяць празрыстыя краплінкі расы. Іх нямнога. Але пераліваюцца яны прыгожым іскрыстым бляскам. Гэты малюнак нагадаўся мне з прычыны іншай раніцы. Я маю на ўвазе першую паэтычную кнігу Вольгі Іпатавай, якая так і называецца «Раніца».

Як вядома, уранні нават сама прырода здаецца нібы народжанай нанава. Такой яе бачыць і паэтэса. Сонца малюецца ёй вялізным дзьмухаўцом, які «вырастае з прыціхлай ракі» і які, ледзь «дзьмухне вецер спрасонку», пырсне «промні ва ўсе бакі». А туманы, «як мядзведзі калматыя, дапаўзаюць да лесу крадком». І толькі рэальныя гукі жыцця ўрываюцца ў казачны свет паэтэсы: «за нямытай, заспанаю хатай аб даёнку цурчыць малако». Паэтэса настолькі ўлюбёная ў хараство сваёй зямлі, што нават здымае «з ног «шпількі» вострыя: незнарок не ўкалоць бы яе».

Такая асаблівая ўвага да ўсяго прыгожага на свеце — з’ява для паэтэсы невыпадковая. Ёй самой у жыцці давялося спазнаць нямала горкіх хвілін:

 

Руінаў дым, натоўп за хлебам ноччу

І крык: «Дзетдому ў першую чаргу!»

 

Звычайная жыццёвая хроніка тут стала самой паэзіяй, не салоннай, а той сапраўднай, якая разам з людзьмі стаяла ў доўгай чарзе за хлебам.

Мы часта спрачаемся аб прыродзе паэзіі, часам гаворым пра яе чыста знешнія прыкметы і вельмі мала пра тое, што яна павінна, як агонь з крэменя, высякацца з самога сэрца. Без гэтага — яна кволая травінка, узгадаваная без сонца. Народная мудрасць кажа: «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». Не быў бы дзіцячы дом жыццёвай калыскай паэтэсы, не нарадзіліся б і многія яе шчырыя радкі. Я не за тое, каб наклікаць на людзей розныя нягоды, а толькі за тое, каб жылі мы ў паэзіі не выдуманым, а сапраўдным жыццём, яго вострымі і балючымі праблемамі. І добра робіць маладая паэтэса, калі не губляе жыццёвай памяці і не баіцца нагадаць сваім сяброўкам з дзіцячага дома:

 

Вы помніце? У інтэрнаце

У цёплыя сны дзіцячыя

Прыходзілі нашы маці,

Якіх мы ніколі не бачылі?

Замучаныя — з канцлагераў,

З магіл уставалі брацкіх,

У сне нас пяшчотна лашчылі

І ў нябыт вярталіся раніцай.

 

Суровая праўда стала перад намі праўдай паэзіі. І мы ніколькі ўжо не сумняваемся, што так яно і было, верым паэтэсе і тады, калі яна піша, што яшчэ і сёння былыя дзетдомаўцы, людзі дарослыя, самі ўжо бацькі, усё бачаць, «сонныя, тых, нежывых, нябачаных».

Чытаючы гэта, зусім не заўважаеш, якія ў вершах рыфмы, якім памерам яны напісаны.

Сапраўднае паэтычнае хваляванне механічна не раскладзеш на нейкія састаўныя часткі. Ды і раскладаць няма ніякай патрэбы. Паэзіяй трэба гэтак жа дыхаць, як і паветрам,— незаўважна. Гэтак жа незаўважна ў паэзію павінна ўваходзіць і само жыццё, каб выліцца потым натуральнай яе плынню, у якой будзе ўвасоблена жывая практыка паэта, яго тэмы і ідэі.

Вольга Іпатава часта звяртаецца да свайго жыццёвага вопыту. І гэта ў пэўнай ступені засцерагае яе ад павярхоўнага стаўлення да праблем жыцця.

«Чужая жанчына бачыцца ў снах»,— так пачынаецца верш пра мачыху. Паэтэса не спрашчае тэмы, не абыходзіць вострых вуглоў. Дзіцячая памяць і разуменне не маглі адказаць дзяўчынцы, чаму мачыха «на сэрца сцюдзёнай завеяй ападала... чаму выкручвала душу бязлітасна, нібы да кроплі апошняй бялізну», і адбірала яе ў роднага бацькі, калі той прыгартаў дачку. Паэтэса ні слова не гаворыць пра рэўнасць. Відаць, дзіцячая душа не ведала тады гэтага недзіцячага слова. Ды і ці да гэтага было ёй, каго бацька, «як злоўленую буслянку, на руках... нёс у зямлянку»? Хіба ж яна разумела, што сабой напамінала мачысе тую другую жанчыну, якая рана памерла і якая была дарагой бацьку — і таму не магла быць любімай для мачыхі. Вось чаму ў яе сэрцы і не знайшлося ласкі для няроднай дачкі. А тая няродная дачка спрабуе сама ва ўсім разабрацца, каб зразумець паводзіны мачыхі. Лягчэй за ўсё тут спатыкнуцца аб камень крыўды. Аднак паэтэса па-жаночы імкнецца вытлумачыць і пачуцці мачыхі. І таму выносіць ёй даволі гуманны прысуд:

 

Мудрасці ёй не хапіла —

Яна таксама любіла.

 

Замест суровай кары — амаль апраўданне ці пакаранне ўмоўнае, улічваючы моцнае жаночае пачуццё, якое ва ўсіх выпадках заслугоўвае чалавечай спагады. Здавалася б, на гэтым і трэба было паставіць кропку. Але паэтэса чамусьці палічыла патрэбным працягваць размову і, замест натуральнага ў такіх выпадках падтэксту, загаварыла пра барацьбу за мужчыну, «за месца ля плячэй мужавых», і, вядома, збілася на рэзанёрства і рыторыку. А паэзія ж — заўсёды шчырая споведзь, даверлівасць і незвычайная душэўная цеплыня. Калі гэтыя якасці знікаюць, з’яўляецца халоднасць і ўяўнасць шчырасці, пачуцці становяцца прыблізнымі, недакладнымі. Праўда, гэта бывае не так часта. Часцей за ўсё псіхалогія лірычнага героя раскрываецца дакладна. У гэтым не раз пераконваешся, чытаючы вершы Іпатавай. Узяць хоць бы лірычны верш «Дол вясенні тонкія ільдзінкі...». Адразу агаворваемся, што верш гэты не самы лепшы, у ім здаюцца непатрэбнымі дзве першыя страфы, бо адцягваюць увагу чытача ад галоўнага. І хоць у іх ёсць спроба намаляваць своеасаблівы пейзаж, нават такія знаходкі, як «пахнуць туманы старой аўчынай»,— усё ж яны лішнія, без іх можна абысціся. Ды яны і ўвагу скіроўваюць у бок ад галоўнага. Пра чыстае і светлае пачуццё, якое глыбока кранула сэрца дзяўчыны, сказана ў адной апошняй страфе:

 

Твар падставіла дажджу шчасліва я.

Не дзівіся ты, калі наўзбоч

Ля твайго акна я тапалінкай

Вырасту за сённяшнюю ноч.

 

Сапраўдныя пачуцці не шматслоўныя. Яны павінны быць сабраны ў адзін пучок, каб як мага ярчэй заглянуць у самы дальні куток чалавечай душы. Яны павінны мець і сваё ўнутранае свячэнне, свой падтэкст. Калі б паэтэса толькі паведаміла нам, што яе гераіня, чакаючы свайго абранніка, гатова цэлую ноч прастаяць пад яго вакном, мы, напэўна б, і не звярнулі на гэта асаблівай увагі, бо ўжо колькі разоў чыталі падобнае раней. Аднак, калі для канкрэтнага пачуцця знайшлося і адпаведнае вобразнае выяўленне, мы адразу гэта заўважылі і адчулі. Падтэкст даў магчымасць убачыць неадольнае жаданне дзяўчыны дамагчыся свайго. У імя гэтага яна гатова вырасці нават тапалінкай перад яго акном. Можа, хто іншы пра гэта сказаў бы інакш — у кожнага па-свойму праяўляецца пачуццё. Аднак сказанае адразу запамінаецца.

У першай невялічкай кніжачцы Вольгі Іпатавай мы часта сустракаемся з крупінкамі чыстай паэзіі. І хай нас не палохае, што гэтых крупінак не так ужо і багата (цэльных, мастацкі закончаных вершаў — няшмат). Колькасць — справа нажыўная, было б самае неабходнае: вобразнае бачанне свету. А яно ёсць у паэтэсы. Пра гэта сведчаць не толькі вышэй прыведзеныя радкі. Узяць хоць бы тую ж неаднойчы апетую ў беларускай паэзіі Каложу — цудоўны архітэктурны помнік старажытнасці, які, як піша паэтэса, стаіць над Нёманам «ад сонца засланіўшыся далоняй, хмурынкай-хусткай атуліўшы плечы». Каложа не навейвае ёй асацыяцый звышчалавечых. Яна — вынік творчасці чалавека са сваім лёсам. Таму і здаецца яна пісьменніцы дзяўчынкай, «якая бегла верасам калючым», спяшалася па шчасце, але не дабегла да яго.

 

А потым, скамянелая ад гора,

Урасла навекі ў нёманскія кручы.

 

А пазней праз доўгія вякі — пасівела. І мы ўжо ніяк не можам адмахнуцца ад пытання: чаму Каложа, якая ўяўлялася паэтэсе імклівай дзяўчынкай, што некалі бегла за горад, стала «сівою беларускаю жанчынай»? Паэтэса не дае адказу на гэтае пытанне, і адвольны вывад павісае ў паветры. А шкада. Тыя добрыя знаходкі, якія ёсць у вершы, патрабавалі і адпаведнага вобразнага завяршэння. З выпадкамі незавершанасці, чытаючы зборнік, сустракаешся часта. Тут ужо хочацца папракнуць і рэдактара кнігі, які павінен быў дапамагчы маладой аўтарцы пазбавіцца ад падобных пралікаў.

Радуешся, калі бачыш, што ў паэтычны свет Іпатавай усё часцей і часцей урываецца подых грамадскіх падзей, ці, як мы часта кажам, грамадская тэма. Застаючыся вернай свайму прынцыпу, яна і ў вырашэнні грамадскіх падзей пазбягае сухой рыторыкі, якая вельмі часта падсцерагае нават вопытных паэтаў. Цеплынёю і шчырасцю вее ад верша «Гродзеншчына». Для выяўлення сваіх пачуццяў паэтэса знаходзіць і свежыя вобразы і нясцёртыя словы. І мы верым, што на гэтай зямлі, «дзе спелых яблык духмяны разліў», дзе «вочы поўніць пяшчота», а вусны — прага, так хораша «ўпасці, уткнуўшыся тварам у жоўтае лісце». Тым больш, што цяпер навекі адышоў у нябыт той час, калі:

 

Навісалі касцёлы над ёй, нібы груганы.

Выразалі, як хлеба акраец, яе з Беларусі.

І тапталі не раз і свае, і чужыя паны,

Каб забыць сваё слова, свой гонар і славу прымусіць.

 

Патрыятызм чалавека не вырастае на голым месцы. Найлепшай глебай для яго з’яўляецца гераічная гісторыя народа. Гэта добра разумее паэтэса. І таму не можа не захапляцца гераізмам і мужнасцю, якія дапамагалі гэтаму краю выстаяць перад навалай і застацца самім сабой. Гродзеншчына...

 

...яна, непакорная, ўсё паднімалася зноў,

Галавы не схіляючы перад чужынцам ніколі,

І расціла, і ўкладвала ў душы сыноў

Сваю прагу да шчасця, да лепшае долі.

 

І як бы працягам гэтай размовы пра гераізм гучыць верш «Жнівеньскай ноччу», прысвечаны памяці сакратара камсамольскай арганізацыі Забалацкага сельсавета Антона Савіцкага, забітага бандытамі ў 1948 годзе. Цікава зазначыць, што вершы грамадскага плана вызначаюцца найбольшай кампазіцыйнай завершанасцю. Можа, таму, што яны напісаны як бы на адным дыханні, як бы выхаплены з жыцця:

 

Жнівеньскія ночы — трывожныя, зорныя.

Пахнуць косы дзяўчат над вадою азёрнаю.

І матулі шчыльней зачыняюць дзверы...

 

Мы разумеем, чаму «матулі шчыльней зачыняюць дзверы» — навокал бандыты. Не разумее толькі ноч — яна аднолькава ставіцца і да сваіх і да бандытаў. Яе, як віноўніцу, і дакарае паэтэса:

 

Чаму ж ты хлапчыну гэтага, ноч, не ўберагла?

Пад ім зямля папалам з крывёю ліпкая, як смала,

І неба, перад світаннем шэрае, кружыцца ў вачах,

І цені, чорныя цені, здаецца, нешта крычаць.

Ды не, не крычаць — баяцца ружовай раніцы цені.

 

Гэта яны хацелі паставіць камсамольца на калені... і не паставілі. І цяпер, калі ў садах — «вільготныя яблыкі, шызыя ад расы», калі «пахнуць мятай і верасам у дзяўчат валасы», паэтэса крычыць праз гады ім, семнаццацігадовым: «Па-мі-раць не ха-чу-у!» І тут жа спахопліваецца, бо добра разумее, што гераізм — справа не паказная, не крыклівая, ды і

 

...ён тады не крычаў.

Адбіваўся світанак у сініх вачах.

І ў паветры апошняе слова дрыжыць:

«Я памру, але будзе ўлада савецкая жыць».

 

Чытач, яшчэ са школы знаёмы з праграмнымі творамі беларускай літаратуры, відаць, адчуе ў «Жнівеньскай ночы» нешта ўжо чутае, знаёмае па вершы«Камсамольскі білет» Аркадзя Куляшова. Што ж, у гэтым няма нічога благога. Гераічныя справы, як і традыцыі, з гадамі пераклікаюцца, і паэтычная памяць павінна не толькі не забываць іх, але і памнажаць у імя выхавання высокіх пачуццяў. А верш гэтаму памагае, тым больш што паэтэса ў вобразных сродках не паўтарыла свайго добрага паэтычнага настаўніка.

Я знарок выбіраў са зборніка В. Іпатавай самыя лепшыя вершы, каб паказаць чытачу яе аблічча і магчымасці, а саму аўтарку сарыентаваць на тыя сцежкі, дзе яе чакаюць, на мой погляд, найбольшыя ўдачы. Апрача памянёных вершаў, як лепшыя, можна назваць «Лес», «Раніца 22 чэрвеня», «Загарэлыя, вясёлыя...», «Вёсцы», «За акном зацвітаюць вяргіні», «Ліпнёвы поўдзень», «Як ты колешся, слова «сіротка...», «Казкі», «Не маці ў інстытут праводзіла мяне...» — хоць часам і ў іх сустрэнеш нязграбны радок, недакладнае слова ці выраз. Вершаў няўдалых і слабых я не разглядаю ўвогуле, а яны ёсць у зборніку — і нямала. Думаю, што чытач і сама аўтарка здолеюць іх заўважыць і вызначыць, чаму яны слабыя.

Што б хацелася сказаць паэтэсе ў заключэнне. Быць сабой, давяраць толькі ўласнаму пачуццю, спалучаючы ў сэрцы грамадзянскую палымянасць і шчырую лірычнасць. Смела глядзець у твар жыццю, бачыць з’явы не толькі анфас, але і ў профіль, наглядаць за імі не толькі зблізку, але і зводдаль, быць цікаўнай да ўсяго, што творыць само жыццё. Гэта дазволіць больш рознабакова раскрыць душэўны свет сучасніка. Шлях да вяршыняў паэзіі складаецца не толькі з поспехаў, але і паражэнняў. Таму трэба быць гатовай і да гэтага, маючы ўперадзе толькі адзін маяк — нашы высокія ідэалы і мэты.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 190-196
Крыніца: скан