epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Як пісалася «Радзіма мая дарагая»

Пасля больш чым трыццаці гадоў прыпомніць ва ўсіх дэталях, як пісалася песня «Радзіма мая дарагая», проста немагчыма. Не ўсё ўтрымалася ў памяці. Таму раскажу пра той настрой і ўмовы, у якіх нараджаліся словы песні.

Гэта былі першыя пасляваенныя гады. Мінск яшчэ ляжаў у руінах. Цяперашнія прыгожыя вуліцы і будынкі існавалі толькі на праектах. Руінамі былі пазначаны і многія іншыя гарады. Мільёны людзей не мелі даху над галавой і туліліся ў наспех выкапаных, прадымленых зямлянках. І словы: «Красуйся і ў шчасці жыві» датычыліся краю заўтрашняга, таго, які будзе, які нам належала яшчэ стварыць.

Сам я тады жыў у адным пакойчыку каркасна-засыпнога барака на Старажоўскай вуліцы. Барак пабудаваны задоўга да вайны. У дажджы працякала столь, а ў ветраныя зімовыя дні цяпло настолькі выдзімалася, што можна было працаваць толькі ў паліто.

Не ў шыкоўных умовах жыў і аўтар музыкі — кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. І ўсё ж гонар за нядаўнюю вялікую перамогу над ворагам і светлая надзея сагравалі нашы сэрцы. Не пра сябе быў галоўны клопат. Самі мы маглі пацярпець, абы толькі добра жылося ёй, Радзіме. Абы яна адчула сябе шчаслівай і надзейнай. Гэтым жаданнем і былі прасякнуты нешматлікія радкі верша. Верш напісаўся за адзін вечар. Назаўтра я аднёс яго кампазітару.

Звычайна Уладзімір Алоўнікаў доўга працуе над песняй. Гэтую ж — ён напісаў вельмі хутка. Відаць, і ў яго, нядаўняга франтавіка, пачуццё любові да Радзімы абвострана жыло ў сэрцы, чакаючы толькі пэўнага штуршка, каб адразу ж выліцца на паверхню. І гэтым штуршком з’явіўся мой верш. Усё тое, што да гэтага было выспелена ў душы кампазітара, вылілася натуральна, шчыра і непасрэдна, тоячы побач са светлай радасцю і адценні светлай тугі. Тугі па сапраўдным шчасці.

Праўда, у першым варыянце песня мела іншы пачатак — пейзажны. Пачыналася яна словамі:

 

Люблю я глядзець, як блукае

Над рэчкай уранні туман...

 

Пейзаж быў навеяны ўражаннямі маленства, той ранішняй пары, калі гэтак прыгожа клубяцца над рэчкай туманы.

У фанатэцы Радыёкамітэта захоўваецца запіс песні менавіта з такім пачаткам у цудоўным выкананні тэнаровай партыі І.Балоціным. Аднак некаму такі пачатак не спадабаўся — і кампазітару давялося апусціць першую страфу верша. Без яе і спяваецца цяпер песня.

Народжаная ў нялёгкі час, яна на лёгкіх крылах узляцела ўвысь, туды, адкуль не такімі горкімі здаваліся тыя гады. Ды і самім нам вельмі ж хацелася, каб Радзіма і народ, якія гэтулькі перажылі і перацярпелі, урэшце адчулі і сапраўднае шчасце. Тое, якое належала ім па праву пераможцаў. А для пасляваеннага шчасця патрабавалася нямногае: мірнае чыстае неба, спакойная праца і жыццё ў дружбе і згодзе.

І яшчэ хацелася сказаць людзям усяго свету: мы народ мірны, працалюбівы; мы не пасягаем ні на чые землі і волю і клапоцімся толькі аб адным: каб ніколі ні нам, ні нашым дзецям не давялося гарэць у полымі вайны.

Простыя жаданні. Яны і выказаны не квяціста, а проста, без слоўнага мудрагельства. І трошкі з поглядам наперад, у светлую будучыню. Відаць, кожны раз нам не шкодзіць заглядаць крышачку наперад, у заўтрашні дзень. Бо для таго, каб заўтра буйна наліўся колас, трэба сёння кінуць у раллю адборнае зерне.

Любоў да Радзімы ніколі не пераставала хваляваць мяне. І колькі б я ні пісаў пра яе — не вычарпаю і дзесятай долі таго, што адчуваю. Бо пачуццё гэта — невычэрпнае.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 111-113
Крыніца: скан