epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Ён жыў літаратурай

У жыцці я сустракаў нямала літаратараў, для якіх творчасць была як бы і не асноўным заняткам. Гэтага не скажаш пра Івана Мележа. Ён усяго сябе аддаваў літаратурнай справе і жыў толькі ёю. Нават тады, калі працаваў выкладчыкам, і пазней, калі знаходзіўся на партыйнай рабоце. З гадамі літаратура канчаткова адцісне ўсе іншыя інтарэсы і стане адзіным яго заняткам. Яна ж пасля доўгай карпатлівай працы і творчых пакут увянчае яго — першага з беларускіх празаікаў — славай лаўрэата Ленінскай прэміі.

Аб прысуджэнні Івану Мележу Ленінскай прэміі мы, палымянцы,— а тады я працаваў у часопісе «Полымя»,— дачуліся напярэдадні публікацыі самой пастановы, калі яе тэкст быў перададзены па тэлетайпу рэдакцыям рэспубліканскіх газет. І нам захацелася адразу ж павіншаваць Івана Паўлавіча. Да яго на кватэру мы прыйшлі без папярэджання, каб першымі, як нам здавалася, парадаваць яго. Аднак і тут не мы былі першыя. Перад гэтым яму званілі з Масквы, віншавалі і работнікі нашага ЦК. І хоць усё было ясна, Іван Паўлавіч стрымліваўся радавацца на поўную сілу.

— Пачакайце, хлопчыкі, з віншаваннем,— гаварыў ён,— а раптам... заўтра выйдуць газеты, а там у спісках майго прозвішча і не будзе...

Мы засмяяліся. Наш дружны смех канчаткова развеяў яго скаванасць і настроіў на той лад, які і павінен быць у такую хвіліну. Тут жа была адкаркавана бутэлька французскага віна, прызапашаная «імяніннікам», і гаворка зашумела. І ўсё ж Іван Паўлавіч не мог прывыкнуць да свае новае якасці і, як бы баючыся яе, з насцярогай загаварыў, што цяпер у сваёй працы ён не можа дазволіць паслаблення, інакш не ўтрымаецца на заваяваных пазіцыях. А заваёўваліся яны нялёгка. Лёгка бывае хіба толькі графаманам ці зялёным пачаткоўцам, якім пасля ўдалога дэбюту здаецца, што ўжо ўсе вышыні пад сілу ім. Такога адчування Іван Паўлавіч не меў і тады, калі яго першыя апавяданні хваліў Кузьма Чорны. Пазней, успамінаючы мінулае, Іван Паўлавіч напіша пра свайго настаўніка: «...ён быў шчодры на пахвалу. Каму, як не яму, былі добра відны шматлікія пралікі і прамашкі няспелых твораў нявопытных пачынаючых, каму лягчэй было «зарэзаць» такі твор, а ён — шукаў крупінкі добрага, назіральнасці, роздуму, жыццёвага вопыту, крупінкі таленту. Шукаў, знаходзіў і паказваў: глядзіце, вось тут у вас добра, а тут кепска, але не вешайце галавы, усё будзе добра!»

І як такая пахвала і падтрымка старэйшага таварыша падбадзёрвала і акрыляла пісьменніка! Не скажаш, што Кузьма Чорны гаварыў яму толькі адны кампліменты. Ён старанна паказваў пачаткоўцу і яго недахопы, раіў, як і што зрабіць, каб твор станавіўся лепшым. Раячы, вопытны майстра не навязваў свае волі, а зыходзіў з аўтарскае задумы, што вельмі важна для правільнай арыентацыі пры дапрацоўцы твора.

Прыклад Кузьмы Чорнага вельмі памог Івану Паўлавічу выстаяць пазней, калі яму давялося сустрэцца з нядобрасумленнай крытыкай. А было гэта адразу пасля надрукавання першай кнігі рамана «Мінскі напрамак».

На старонках газеты з’явіўся разгромны артыкул. Аўтар артыкула менш за ўсё зыходзіў з задумы пісьменніка і доказамі сябе не вельмі турбаваў. Ад абзаца да абзаца нагняталіся вывады, накшталт такіх: «На жаль, у адлюстраванні барацьбы народных мсціўцаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў рамане «Мінскі напрамак» аўтара, на нашу думку, спасцігла няўдача», «Сапраўдных партызан, якія стваралі партызанскія зоны, ...няма ў творы І. Мележа», «Першая кніга рамана «Мінскі напрамак» не хвалюе».

Трэба было мець вялікую мужнасць, каб перажыць такую «крытыку». Іншы б, паддаўшыся настрою, назаўсёды выкінуў бы з галавы свае намеры і не стаў бы больш працягваць раман. Але І. Мележ гэтага не зрабіў. У яго хапіла цярпення перажыць незаслужаны разнос. Праўда, да канца сваіх дзён, нібы асколак у целе, насіў ён крыўду на рэцэнзента. І асуджаць пісьменніка за гэта мы не будзем: кожны мае права не паважаць таго, хто наўмысна пакрывіў душой.

Да літаратуры Іван Паўлавіч заўсёды ставіўся вельмі сур’ёзна. Разумеў, што ёй трэба аддаваць усяго сябе, інакш не зробіш таго, што думаеш. Пры першай магчымасці ён пакідае службу і жыве толькі з літаратурнага заробку. А ён у пісьменніка няпэўны. Трапіць кніга ў выдавецкі план — будзе матэрыяльная падтрымка. Не трапіць — разлічвай год прабівацца выпадковымі публікацыямі.

Новы твор — гэта заўсёды новае слова пісьменніка пра жыццё. А новы матэрыял патрабуе і новых выяўленчых сродкаў. Раман «Людзі на балоце» быў у гэтым сэнсе поўнай нечаканасцю для многіх. Адных гэта нечаканасць радасна ўсхвалявала, у другіх — выклікала пэўныя пярэчанні і нязгоду. І нязгоду з вельмі істотным — з мовай герояў, тым, што найбольш удалося І. Мележу. Знайшліся літаратары, і даволі спрактыкаваныя, якія папракалі аўтара за злоўжыванне дыялектызмамі, маўляў, дыялектызмы толькі абцяжарваюць успрыманне твора.

Папрок не на жарт устрывожыў пісьменніка. Як мастак ён адчуваў: адбяры палескі дыялект у Ганны і Васіля, і вобразы паблякнуць, страцяць сваю яркасць і непаўторны каларыт, якія дасягаюцца мовай. Аднак да папроку не застаўся абыякавым. А раптам... памыляецца ён сам?

Каго з літаратараў не мучылі падобныя сумненні! Каб іх развеяць, Іван Паўлавіч нярэдка заводзіў гутарку з таварышамі, чыйму густу ён давяраў, незалежна ад таго, быў гэты пісьменнік старэйшага ці малодшага ўзросту.

Памятаю, такую гаворку аднойчы ён распачаў і са мной, запытаўшыся спярша, ці чытаў я яго «Людзей на балоце». Паколькі раман прынёс мне шмат радасці, я ахвотна падзяліўся сваімі ўражаннямі. Калі ж зайшла гаворка пра мову герояў — відаць было, што гэта больш за ўсё непакоіла аўтара — я адкрыта сказаў яму тое, што думаў:

— Толькі спярша, пакуль не ўжыўся, мяне крыху насцярожвала мова персанажаў. Затое потым, углыбіўшыся ў побыт іх жыцця, я і ўявіць не мог, каб яны гаварылі інакшай мовай: настолькі ўсё было натуральна, хораша, настолькі сама мова памагала раскрыццю характараў.

Сказаў і тое, што ў параўнанні з «Мінскім напрамкам» раман «Людзі на балоце» намнога вышэйшы як твор мастацтва. У ім ужо відзён сталы майстра, якому пад сілу вялікія эпічныя палотны.

І, можа, калі б Мележ не збіраўся працягваць раман,— не з такой зацікаўленасцю выслухоўваў бы ён усіх і кожнага. Гэта яго жаданне па-чалавечы лёгка зразумець і вытлумачыць: душа пісьменніка прагла канчаткова ўпэўніцца, што абраны шлях — адзіна правільны і толькі на ім яго чакаюць новыя здабыткі. Яму ж такая ўпэўненасць патрэбна была яшчэ і для таго, каб ведаць, што ён марна не патраціць свой дарагі час, якога заставалася не так і багата. Ужо тады, сустрэўшыся ўзімку на вуліцы, Іван Паўлавіч мімікай даваў зразумець, што яму не можна гаварыць на холадзе.

Цяжка сказаць: адчуваў ён блізкую жыццёвую развязку ці не? Але, відаць, не вельмі суцяшаў сябе надзеяй, імкнуўся працай заглушыць думкі пра хваробу. А працаваў ён старанна і шмат. Адначасова з палескай трылогіяй ён доўгі час шчыраваў і над паляпшэннем рамана «Мінскі напрамак».

Неяк у час гутарак я сказаў яму:

— А ці варта гэтулькі сіл аддаваць на шліфоўку «Мінскага напрамку», ці не лепш пераключыць іх на завяршэнне «Палескай хронікі»?

Іван Паўлавіч не стаў пярэчыць мне, ён толькі патлумачыў:

— Хачу, каб «Мінскі напрамак» быў на маім узроўні.

Словы «на маім узроўні» ён асабліва падкрэсліў, надаючы ім такое значэнне: мастак не мае права пісаць ніжэй сваіх магчымасцей.

Аднойчы ўлетку ён запрасіў мяне на дачу ў Ждановічы:

— Паедзем, паглядзіш, дзе я жыву, а заадно і клубніцамі пачастую.

Я згадзіўся. Дарога ад Мінска да Ждановіч — нядоўгая, і праз нейкіх пятнаццаць хвілін (машыну Іван Паўлавіч вадзіў сам) мы ўжо сядзелі ў яго кабінеце на дачы. Пакуль вялася размова, цешча прынесла клубніцы. Пасля шумнага горада вельмі прыемна было апынуцца ў лясной цішыні, якую так пільна вартавалі зялёныя сосны, што падступалі да самага дома.

— Тут мне так хораша пішацца,— прызнаўся гаспадар,— не ведаю, ці напісаў бы столькі, каб не было маіх Ждановіч.

І сапраўды, свае Ждановічы ён вельмі любіў. Шкада толькі, што гэта гарачая любоў нярэдка азмрочвалася. Па суседству з пісьменніцкай дачай стаяла і яшчэ адна дача. Яе гаспадар, заняты канцэртнай і выкладчыцкай працай, прыязджаў сюды ненадоўга. Затое пастаянна на дачы жыў яго цесць, чалавек, як расказваў Іван Паўлавіч, неабыходлівы, з прагнай да ўласнасці натурай. Для аховы дачнай гаспадаркі ён завёў сабаку. І хто ведае: ці ўжо сабака меў такі нораў, ці то для падтрымання ў ім злосці гаспадар слаба карміў псіну і заўсёды трымаў на прывязі,— але сабака часта выў.

Тут бы і ў здаровага чалавека здалі нервы, не тое што ў хворага. І Іван Паўлавіч не вытрымаў. Пайшоў прасіць, каб звялі куды-небудзь сабаку. Але сусед і слухаць не схацеў пра гэта. Сабака аказаўся яму даражэйшым за творчы спакой пісьменніка.

Мы можам толькі здагадацца, чаго не давялося зазнаць пісьменніку праз гэтае непрыемнае суседства. Але... як кажуць, без ліха не было б і дабра. Часова прымірыўшыся са сваім становішчам, Іван Паўлавіч пачаў пільней прыглядацца да паводзін суседавага цесця, каб зразумець прыроду яго ўчынкаў. І гэтая прафесійная цікавасць пайшла на карысць.

— З яго,— сказаў пад канец нашай гутаркі Іван Паўлавіч,— я і пісаў свайго Глушака.

Вось які паварот прыняла будзённая дачная гісторыя.

Увогуле ён быў чалавекам сур’ёзным і, бывала, крыўдзіўся, калі ў яго адрас адпускаліся жарты. Часамі нават злаваўся. І ўсё ж аднойчы я не стрымаў сябе ад спакусы пажартаваць. Было гэта на пасяджэнні камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў. Чамусьці мы расселіся вельмі далёка ад старшынёўскага стала, за якім сядзеў Іван Паўлавіч. Ён папрасіў, каб мы пераселі крыху бліжэй. Сёй-той паслухаўся. Я ж, застаўшыся на ранейшым месцы, кінуў у яго бок:

— Вялікае лепш бачыцца на адлегласці...

Спярша ён светла ўсміхнуўся, затым твар крыху пасур’ёзнеў, відаць, чалавек задумаўся: а ці няма тут якога падвоху? І, каб не апынуцца ў смешным становішчы, на жарт адказаў жартам:

— Гэта залежыць ад таго, адкуль глядзець...

Але не пакрыўдзіўся.

Некалькі год ён працаваў адным з сакратароў Саюза пісьменнікаў Беларусі. І пакуль дазвалялі сілы, ён сумленна нёс сакратарскія абавязкі. Ніколі не падладжваўся пад тыя ці іншыя погляды, гаварыў тое, што думаў, нават калі гэта некаторым таварышам не падабалася. Аднак з гадамі мы ўсё больш і больш заўважалі стомленасць на яго твары. На гэтую стомленасць часам скардзіўся і ён — маўляў, вельмі шмат сіл забірае праца ў Саюзе. Неяк пра гэта ён сказаў Аркадзю Куляшову. Будучы чалавекам шчырым і разважлівым, Аркадзь Аляксандравіч не стаў дыпламатычна суцяшаць калегу, а адкрыта сказаў, што думаў:

— Дарагі Іване, на тваім месцы я вызваліўся б ад усяго, што замінае творчай працы.

Мы, хто прысутнічаў пры гэтай размове, пачалі даводзіць, што і ў кіраўніцтве Саюзам павінны быць творчыя людзі, што Іван Паўлавіч сваёй працай там прыносіць вялікую карысць літаратуры. Аркадзь Аляксандравіч не стаў спрачацца з намі, аднак... застаўся пры сваёй думцы. Звяртаючыся да Івана Паўлавіча, яшчэ раз напомніў:

— Я шчыра сказаў, што думаў, а ты рашай, як знаеш...

Словы такога паэта, як Аркадзь Куляшоў, відаць, зрабілі сваё — і неўзабаве Іван Паўлавіч пакідае працу ў Саюзе.

Хоць афіцыйна цяпер ён у апараце пісьменніцкага Саюза не працаваў, але не думаць пра пісьменніцкія справы не мог. І тое, што яго хвалявала, не таіў у сабе, а выносіў на суд аўдыторыі. Не ўтрымаўся ён і ад таго, каб не выступіць на апошнім пісьменніцкім з’ездзе, хоць адчуваў сябе не вельмі дужым. Ён гаварыў пра тое, што беларуская драматургія апошнім часам развіваецца крыху аднабакова — толькі ў камедыйных і сатырычных формах. Забыты іншыя жанры, такія, як псіхалагічная драма, высокая трагедыя.

Выступіў ён і супроць спрошчанага разумення сучаснасці. Патлумачыў, што паняцце сучаснасці — гэта не толькі паказ самых апошніх падзей жыцця, але і пазіцыя пісьменніка.

Да апошніх дзён, пакуль білася яго сэрца, ён жыў літаратурай. Жыў не пасіўна, а як яе актыўны баец.

1978




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com