epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Ёсць на што азірнуцца

Калі за тваёю спіною — паўвека, ёсць на што азірнуцца і што падсумаваць. А Янку ж Брылю — не толькі паўвека, а яшчэ і добры дзесятак гадоў у прыдачу. Той дзесятак, за які напісалася нямала добрых твораў.

Творчасць я разглядаць не буду, каб не адбіраць хлеб у крытыкі. Абмяжую сябе сціплай задачай: сказаць колькі слоў пра асобу самога аўтара. Бо ад таго, хто ён, якіх трымаецца прынцыпаў, шмат чаго залежыць,— у тым ліку і творчасць.

Літаратурная праца патрабуе вельмі вялікай сумленнасці і такой жа патрабавальнасці. Кампрамісу быць не можа. Бо там, дзе — кампраміс, там нетрывалая грамадзянская пазіцыя. А ў Янкі Брыля гэтая пазіцыя трывалая. Ён ніколіне падладжваецца пад чыю-небудзь думку, не кіруецца меркаваннямі часовымі. Пры ацэнцы твора не зыходзіць ні з модных «тэорый», ні службовага становішча аўтара. Гэта я заўважыў даўно, яшчэ тады, калі мы разам працавалі ў часопісе «Полымя». Ёншчыра радаваўся кожнай удачы твора і нудзіўся, калі, як супрацоўніку рэдакцыі, трэба было чытаць тое, што пры іншых абставінах увогуле можна было не чытаць зусім. А раз прачытаў — будзь ласкаў выказаць і сваю думку. І ён выказваў яе. І выказваў адкрыта, не карыстаючыся дыпламатычнымі прыёмамі. Не ўвільваў ад таго, каб казаць праўду ў вочы.

Гэтым прынцыпам ён кіраваўся і тады, калі працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў сакратаром. Неяк яму было даручана зрабіць даклад па прозе. І вось адзін з аўтараў, адчуваючы, што і пра яго твор пойдзе гаворка не хвалебная, рашыў папрасіць Я. Брыля як-небудзь згладзіць вострыя вуглы або ўвогуле абысці ацэнкай яго працу. Склалася сітуацыя даволі няёмкая. Уважыць прасіцеля — значыцца пакрывіць душой. І ён не змог гэтага зрабіць, сказаў пра твор тое, што думаў, чаго твор заслугоўваў. Вышэй за ўсё яму былі інтарэсы літаратуры. А заадно — і інтарэсы чытача, які думае: раз твор надрукавалі, значыць, ён добры.

Не вельмі лёгкая гэта работа — казаць людзям праўду. Але ж казаць трэба, бо без яе літаратура не можа нармальна развівацца. Ведаць праўду пра сябе трэба не толькі пачаткоўцу, але і спрактыкаванаму літаратару. Ведаць ужо хоць бы для таго, каб правільна арыентавацца і не збіцца з дарогі: бачыць, дзе і ў чым цябе падсцерагае небяспека. Без гэтага не творыцца вялікая літаратура.

Янка Брыль заўсёды застаецца верны сабе, характару свайго таленту. Асноўныя яго жанры — апавяданне і аповесць. І тут ён непераўзыдзены майстра. А апошнім часам яго ўвага прыкавана да мініяцюры, кароткай лірычнай замалёўкі. Чытаючы іх, ловіш сябе на думцы: дай гэты матэрыял буйнаблочнаму літаратару, ён расцягне яго ў раман. Я. Брыль вельмі ашчадны на словы і вельмі шчодры на людскія характары. Кажучы гэта, я маю на ўвазе не толькі лірычныя замалёўкі, але і яго аповесці, і асабліва — «Ніжнія Байдуны». Двойчы чытаў я гэты твор. Першы раз — у часопісе «Полымя», другі —у кнізе «Акраец хлеба». І двойчы радаваўся. Пры другім чытанні аповесць нават як бы палепшала, у ёй адкрылася шмат такога, што не бачылася пры першым чытанні. А гэта ўжо адзнака сапраўднага мастацтва.

І вось што яшчэ мне хацелася сказаць на заключэнне. Янку Брыля, як празаіка, мы ведаем даўно. Ведаем, шануем і паважаем. Хацелася, каб і наша крытыка да яго працы паставілася з большай увагай. Мне могуць запярэчыць і сказаць: «Дык пісалі ж... І нібыта й нямала...» Сапраўды, пісалі. Можа, і нямала. Але... што з напісанага пакінула ў нашай памяці след, роўны таму следу, які пакінула сама творчасць Брыля? Спытаеш і задумаешся. Не адразу назавеш такую працу. А такая грунтоўная праца павінна быць. Гэтага заслугоўвае шчодры талент пісьменніка.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 251-253
Крыніца: скан