epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Каб рака не мялела

Да сёмага з?езда пісьменнікаў Беларусі

Так ужо вядзецца — перад кожным пісьменніцкім з’ездам мы гаспадарскім вокам акідваем пройдзены шлях, каб паглядзець: а што ж там было добрае, вартае пахвалы, і што замінала ў працы, наколькі наша творчая кагорта павялічылася за лік маладых талентаў? Літаратура не можа паспяхова развівацца без новага папаўнення. Яна, як вялікая рака: калі высыхаюць прытокі — пачынае мялець. А каб гэтага не здарылася, мы пастаянна павінны дбаць аб яе прытоках.

Прыход у літаратуру новага імені — заўсёды радасць, бо не так часта гэтыя імёны з’яўляюцца. Талент — увогуле рэдкасць, а сапраўдны — тым больш. Яго загадзя не прадугледзіш, папярэдне не заплануеш, не адбярэш абвяшчэннем конкурсу на замяшчэнне вакантных пасад. Ды і хто ведае, колькі тых вакантных пасад мае літаратура? Адно можна пэўна сказаць: павелічэнне чытацкага попыту на новыя добрыя творы патрабуе і адпаведнага павелічэння колькасці такіх «пасад». Іх павінна быць столькі, колькі ёсць сапраўдных талентаў.

Праўда, у вызначэнні таленту могуць быць спрэчныя меркаванні. Аднак бясспрэчна адно, што ў дачыненні да маладога аўтара ён азначае: новае слова ў літаратуры, новыя тэмы і вобразы, сваё бачанне і асэнсаванне складаных праблем часу. Сёй-той можа ўсумніцца: ці не занадта мы патрабуем ад маладога аўтара і ці нельга тут даць якую-небудзь палёгку? Калі не палёгку, дык хоць бы скідку на маладосць? Маўляў, яшчэ ж... молада-зелена. Не буду ў гэтай справе ўсё браць на сябе. Спашлюся на аўтарытэт Уладзіміра Маякоўскага, на яго вядомае вызначэнне-запытанне: «Но скажите вы, калеки и калекши: где, когда, какой великий выбирал путь, чтобы протоптанней и легше?» Думаю, што нашы таленавітыя паэты —не «калекши» і палёгкі сабе выпрошваць не будуць, бо падобная палёгка нічога добрага не абяцае, больш таго, яна разыходзіцца з інтарэсамі сапраўднай літаратуры. Чытачу, які бярэ кнігу, не важна, хто яе напісаў: вопытны ці малады літаратар. Ён хоча далучыцца да вялікага мастацтва, да вялікіх думак і высокіх пачуццяў, да вялікай жыццёвай праўды.

Патрабуючы высокай якасці твораў, мы разумеем, што вялікае майстэрства не прыходзіць адразу. Але, каб не раскайвацца потым, малады літаратар павінен адразу падрыхтаваць сябе да вялікай працы і не крыўдзіцца, калі да яго прад’яўляюцца тыя ж высокія крытэрыі, як і да сталых майстроў. Літаратура ў нас адна, і крытычны кантроль адзін. Скідак не можа быць нікому.

У Саюз пісьменнікаў па цэху паэзіі апошнім часам прыняты тры чалавекі: В. Коўтун, А. Разанаў, М. Федзюковіч. Гэта людзі, якія нарадзіліся або ў вайну, .або ў першыя пасляваенныя гады. Таму, натуральна, і ў літаратуру яны прынеслі ўсё тое, што пераважна было звязана з вайной. Вайна азмрочыла шмат чые лёсы, перавярнула не адно ўяўленне пра дабро і зло. Не радасным бокам павярнулася яна і да М. Федзюковіча. Беручыся за пяро, ён ужо ведаў, што нават векавыя народныя прыкметы — і тыя перакрэсліваліся вайной. Думалася, «калі бусел на хаце, значыць, хату ніякае гора не возьме». Але вайна і векавога не пашкадавала. Ваенныя трагедыі ўвесь час непакояць сэрца паэта. Адгукаюцца яны і ў «Баладзе пра хату» — баладзе пра лёс бацькі, пра крах ягонай мары. Не дачакаўшыся мірнай цішыні, ён сам перасяліўся ў «хату без дзвярэй, без вокан».

Біяграфія паэта паклала свой адбітак і на іншыя вершы. Ведаючы яго дзяцінства, разумееш, чаму з усіх парод дрэў у лесе яму радней за ўсё бяроза.

 

Бяроза крык мой сунімала,

бяроза стрымлівала слёзы,

у дні блакады боль лячыла,

паіла жыватворным сокам,

служыла ў цемнаце лучынай,

пакуль не засвяціла сонца.

 

Запомніцца нам і вобраз неба, які нагадвае паэту, салдату Савецкай Арміі мірнага часу, «хустку ў крапінку, хустку матчыну».

Хай не так багата было ў першай кнізе яркіх знаходак, але яна сведчыла, што перад намі — паэт.

Больш экспрэсіўным і больш разнастайным паказаў сябе Алесь Разанаў. У яго творах побач з сучаснымі падзеямі ажывае і гісторыя, знаходзяць месца па-новаму асэнсаваныя літаратурныя з’явы. Нават пра Радзіму ён скажа інакш, чым гаварылася да яго.

 

Ты не ўмяшчаешся ў куток,

дзе трызніць Буг, дзе Белавежа...

 

Яго будзе вечна клікаць далеч, душа будзе імкнуцца «ўсё хутчэй, усё хутчэй, адчуўшы волю ад парога!»

 

Ісці,

        мінаць вясновы тлум і

І лістападу галашэнне,

ад задумення да задум,

ад першых спроб да завяршэння.

 

Паэт разумее, што найбольшая небяспека для яго — заспакоіцца, страціць цікавасць да вострых праблем жыцця, рэвалюцыйнай гісторыі.

 

Хай над табой

                агнямі Прэсні

палаюць ягады рабін.

Паўстань,

                распніся,

                        уваскрэсні

і немагчымае зрабі.

 

Вось гэтай няўрымслівасці, уласцівай натуры А. Разанава, не стае некаторым таленавітым маладым аўтарам.

Цікава заявіла пра сябе невялічкім зборнікам вершаў «Каляровыя вёслы» і Валянціна Коўтун. На падставе гэтай заяўкі яе і прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Аднак пасля першай кніжкі мінуў даволі значны час, перш чым у часопісе «Полымя» з’явілася яе цікавая паэма «Чарацінка чакання».

Сочачы за літаратурным жыццём, заўважаеш, што асобныя паэты пасля ўступлення ў Саюз як бы заспакойваюцца, нібы цяпер ім нічога не трэба: усё, да чаго імкнуліся, дасягнута — адно хадзі ды любуйся сабою, часцей паяўляйся перад народам на літаратурных сустрэчах. Такі творца часамі не разумее, што ўступленнем у Саюз пісьменнікаў ён бярэ на сябе і дадатковыя абавязкі. Калі раней ён быў адказны толькі перад сабой, то цяпер ужо — і перад творчай арганізацыяй, якую прадстаўляе. А гэтая арганізацыя мае высокі літаратурны аўтарытэт, створаны перад чытачом папярэднікамі, і ніхто не мае права яго прыніжаць і тым самым кідаць цень на пісьменніцкае званне. А яшчэ трэба ўлічваць, што літаратура, як і жыццё, не стаіць на адным месцы: прамарудзіш — і, глядзі ўжо, безнадзейна адстаў ад яе.

Большасць паэтаў, каго на маёй памяці прымалі ў Саюз, мелі такі ўзрост, у якім абарвалася творчасць Максіма Багдановіча. І каб ясней стала, што я хачу сказаць, давайце колькасна параўнаем напісанае Багдановічам з тым, што напісалі ў гэтым узросце нашы маладыя паэты. Думаю, што такое параўнанне будзе не ў іх карысць. Прайграюць яны і тады, калі пачнём супастаўляць шырыню інтарэсаў Багдановіча і іх. А хто скажа, што М. Багдановічу было лягчэй: на яго гады таксама прыпала вайна і народныя бедствы. А ў дадатак да ўсяго ён яшчэ і цяжка хварэў, часта рука цягнулася да пяра, калі тэмпература ў яго кволым арганізме падскоквала вышэй 39 градусаў. І ўсё ж ён быў куды больш актыўны, чым некаторыя сённяшнія маладыя.

Мне здаецца, мы дарма абыходзім сваёй увагай тое, колькі напісаў малады пісьменнік, ці выкарыстоўвае ён свае магчымасці. Па даваенным часе я помню, як на адным з пасяджэнняў Праўлення, калі разглядалася заява аб прыёме ў Саюз, Янка Купала запытаўся ў маладога аўтара, колькі тысяч радкоў вершаў той напісаў. Не соцень радкоў, а тысяч! Я спецыяльна падкрэсліваю гэтую лічбу. Відаць, народны паэт надаваў аўтарскай актыўнасці асаблівае значэнне. Мы ж часамі бываем абыякавыя да таго, піша пісьменнік ці не піша? А калі не піша, то — чаму? Бо творчая пасіўнасць нярэдка тлумачыцца тым, што малады аўтар губляе жывыя сувязі з жыццём, староніцца вострых надзённых праблем: маўляў, і без мяне разбяруцца. Безумоўна, разбяруцца. Але пазіцыя старонняга назіральніка адключае аўтара ад жыцця, яму няма пра што пісаць, тэматыка твораў драбнее, думкі мізарнеюць.

Ва ўсе часы на першым плане заўсёды стаяла грамадзянская пазіцыя аўтара. «Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан» — гэты някрасаўскі заклік мы засвоілі яшчэ са школы. І засвоілі не для таго, каб атрымаць пэўную ацэнку ў настаўніка. Цяпер новым і больш скупым на ацэнкі настаўнікам з’яўляецца само жыццё. Жыццё, поўнае вялікіх задач і здзяйсненняў. І яно не перастае паўтараць справядлівага закліку.

Літаратурная практыка паказвае, наколькі вялікае значэнне мае біяграфія пісьменніка, тое, што ён перажыў сам, яго ўласны вопыт. Без рэвалюцыйнай біяграфіі не было б і рэвалюцыйнай паэзіі Валянціна Таўлая. Без трагічнага дзяцінства рана памёршага Уладзіміра Лісіцына не было б і яго выдатнай паэмы «Дзірваны», гэтага выпакутаванага абвінавачання фашызму, заклікаў да чалавечнасці.

Некаторыя таварышы могуць спытацца: а як жа быць тым, каго жыццё не паставіла ў выключныя сітуацыі? Няўжо ім угатавана шэрае існаванне, без радасці барацьбы, без магчымасці яркага праяўлення сваёй асобы? Думаю, што не, асабліва для тых, хто будзе лічыць сябе спярша грамадзянінам, а затым ужо паэтам. Кола жыцця ніколі не коціцца па гладкай дарозе. Ды і ў адносінах паміж людзьмі не бывае суцэльнай ідыліі. Сцвярджэнне і абарона камуністычнага ідэалу не абыходзіцца без барацьбы. Вось тут і пакажы сваю прынцыповасць, мужнасць. Заступіся за пакрыўджаную справядлівасць, уздымі свой голас пратэсту, дай бой усяму таму, што пярэчыць нашай маралі. І не спадзявайся, што гэта зробіць за цябе нехта іншы. Бо нават і вада не цячэ пад ляжачы камень. І спяшайся, не адкладвай гэта на потым. Толькі ў маладыя гады здаецца, што наперадзе ў цябе вечнасць. Вечнасці наперадзе няма. Ёсць нястомная карпатлівая праца. Праца, і толькі яна дасць табе патрэбны вопыт і багатыя скарбы восені. Але ж ім павінна папярэднічаць буйнае веснавое квітненне.

Не магу пры гэтым не ўспомніць і такое. Неяк мне давялося на камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў быць асноўным дакладчыкам пры разглядзе заявы немаладога ўжо аўтара. Новага ён амаль не пісаў, а тое, што было напісана раней, не вызначалася ні навізною тэм, ні высокай мастацкай якасцю. Пра такія творы гавораць, што яны напісаны на сярэднім узроўні. Так я і далажыў камісіі...

І вось праз некалькі дзён сустракае мяне гэты аўтар і, чырванеючы ад гневу, кідае мне папрок: «Што — вы не маглі як трэба далажыць?.. (Гэта значыць пахваліць.) І за горшыя ж творы некалі прымалі ў Саюз...»

Я спрабаваў растлумачыць, што сёння іншыя крытэрыі, што за патрабавальнасць нельга крыўдзіцца... Але да яго маё тлумачэнне так і не дайшло. Застаўся ў яго вачах віноўны я. А за што? — спытацца б у яго.— Не я ж пісаў вершы, за якія аўтара не прынялі ў Саюз.

Вось чаму мне і хочацца параіць маладым: будзьце сціплыя ў ацэнцы сваёй працы, не перабольшвайце зробленага, не захапляйцеся сабой. Крытычнае стаўленне да сваіх здабыткаў дапаможа ўсцерагчыся ад шкоднай хваробы зазнайства і самазаспакоенасці, якія, як раннія маразы, дачасна пагубілі нямала добрых усходаў.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 196-201
Крыніца: скан