epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Калі за плячыма паўвека...

Колькі я ведаю Янку Казеку, а ведаю яго не адзін дзесятак год, мне не кінулася ў вочы, каб ён імкнуўся чым-небудзь вылучыцца сярод таварышаў, выхваліцца сваёй дасведчанасцю, густам. Яго сціпласць можна ўбачыць і ў стылі літаратурнай працы. Ніколі не карыстаўся ён у крытыцы барабанам, як гэта рабілі самаўпэўненыя, але менш аб’ектыўныя крытыкі. Яго голас мне хочацца параўнаць з голасам вячэрніх крыніц, ціхіх, негаманкіх, але чыстых. Яму не даводзілася раскайвацца ў сваіх ацэнках тых ці іншых літаратурных твораў. У гэтым пераконваюць яго кнігі: «З невычэрпных крыніц», «Беларуская байка», «Натхненне і майстэрства», «Кандрат Крапіва».

Мяккі ў абыходжанні, але цвёрды ў сваіх пераконаннях, крытык ніколі не кідаўся ў атаку на выдуманую небяспеку. Ён не ўпадабляўся тым сваім сабраццям, якія «забілі зайца — не забілі, а шуму многа нарабілі».

Не падкі ён і на моду. Колькі разоў яна з’яўлялася на літаратурных сцежках — то ў выглядзе тэорыі бесканфліктнасці, то ў адзенні ідэальнага героя, адарванага ад умоў жыцця,— заўсёды мода праходзіла міма ўвагі Янкі Казекі. І не таму, што ён быў абыякавы да жывога літаратурнага працэсу. Не. Хутчэй наадварот. Чалавек, зацікаўлены ў развіцці літаратуры, не можа ператварацца ў Манілава і марыць пра немаведама што. У яго ёсць канкрэтны занятак, канкрэтная справа і канкрэтны матэрыял. Літаратурная крытыка — таксама навука, і, як кожная сур’ёзная навука, будуе свае довады і тэорыі не на выдумках, а на грунце канкрэтнага аналізу літаратурных твораў. І мода тут ні пры чым.

Я не стаўлю перад сабой задачы рабіць шырокі агляд творчасці Янкі Казекі. Усе яго кнігі ў свой час рэцэнзаваліся. Мне ж у гэтым кароткім слове хочацца хоць крышку заглянуць у душэўны свет таварыша і падаць яго такім, які ён ёсць, ці, дакладней, такім, якім я яго ўяўляю. Вядома, гады і падзеі наклалі свой адбітак на яго характар, зрабілі больш асцярожным і дыпламатычным. А некалі ж, у маладосці, калі і шавялюра была гусцейшая, і задору крыху больш, наш шаноўны Іван Дарафеевіч, зняўшы з вачэй пенснэ, мог, бывала, «выдаць на гара» экспромтам лекцыю пра мастацкія асаблівасці такога арыгінальнага твора, як «Меню...», адзначыўшы як станоўчае яго добрую кампазіцыю і як адмоўнае не зусім дакладныя рыфмы ў назвах страў.

Маладосць — яна заўсёды была багатай на выдумку, жарты і самыя неверагодныя параўнанні. Калі Янка Казека, скончыўшы інстытут, паехаў выкладаць родную мову і літаратуру ў школу імя 16 дукорскіх партызан, мы, бачачы яго блізкасць да гераічных традыцый мінулага, назвалі новага настаўніка семнаццатым дукорскім партызанам.

Аднак жыццё не дужа песціла нас і неўзабаве кінула ў полымя Вялікай Айчыннай вайны. Згубіліся нашы адрасы, і нават усеабдымная палявая пошта доўга не магла наладзіць нашай сувязі. І не раз у далёкім Таўрызе, на Керчанскім паўвостраве, у гарах Каўказа, на Другім Беларускім і Першым Прыбалтыйскім франтах думалася: «Дзе ты цяпер, Янка? Што з табою? Чым твая галава заклапочана?» Апошняе пытанне было любімым пытаннем Янкі Казекі. А недзе глыбока ў сэрцы спела прадчуванне, што мы яшчэ сустрэнемся. Яно не абманула мяне. Мой сябра выйшаў з вайны жывым і здаровым. А пачынаў яе на вельмі небяспечным Смаленскім кірунку. Там перажыў і першую штыкавую атаку. Ну і, вядома, бегучы з вінтоўкай наперавес, не заўважыў, калі згубіў пенснэ. Апошнія метры атакі ён штурмаваў, беручы ворага толькі на «ўра!».

А потым было раненне. На эвакапункце яго, як няцяжка параненага, паклалі ў самы дальні кут, дзе спакайней. Каля дзвярэй клалі пераважна цяжка параненых, каго трэба было адпраўляць у шпіталь неадкладна, без затрымкі. І вось, як толькі прыбываў чарговы транспарт, на яго спярша адносілі тых, хто ляжаў бліжэй. Калі ж прывозілі новых раненых — іх клалі на вызваленае месца — і наш Іван Дарафеевіч па-ранейшаму заставаўся ў дальнім кутку. Сціпласць і цярплівасць на гэты раз павярнулася супроць яго самога. Без змены перавязкі праз некалькі дзён рана пачала гнаіцца. Магло наступіць заражэнне крыві. І калі ўжо стала няўцерп, толькі тады і ён падаў свой голас. Зразумеў, што цярплівасць і сціпласць могуць прывесці да горшага. Аднак усё абышлося добра...

Пасля вайны Янка Казека нейкі час яшчэ служыць у арміі і пазней усіх сваіх сяброў вяртаецца да «мірнай» літаратурнай працы. Мірнай я знарок узяў у двукоссе, бо яна і сапраўды ў тыя гады была не зусім мірная. Кожны дзень — змаганне за высокую мастацкую і ідэйную якасць роднай літаратуры, барацьба за вялікую жыццёвую праўду. І ў гэтай працы не абыходзілася без таго, каб не паспрачацца, каб не нажыць сабе «ворагаў», якія таксама нярэдка балюча ранілі. Ад іх Іван Дарафеевіч адбіваўся мужна і непахісна. А калі, бывала, надта дапякалі, то зрэдку (у вузкім коле сяброў) толькі скардзіўся: «Ну і лезуць жа пішчом усялякія графаманы. Яны думаюць, што ў літаратуры ўсё можна ўзяць горлам. О, не! Горла не паможа. Час вынясе свой прысуд. Ён адсее, як мякіну, усялякую непатрэбшчыну, і тады адразу будзе відаць, дзе сапраўднае зерне».

Неяк пасля дэмабілізацыі ён марыў напісаць кнігу пра Янку Купалу, пра народныя вытокі яго творчасці, нават рабіў пэўныя выпіскі. І вельмі шкада, што гэты намер не ажыццёўлены. Праўда, ажыццявіць яго і цяпер яшчэ не позна. Вось чаму і хочацца пажадаць яму не толькі добрага здароўя, але і добрага творчага настрою, спаўнення не толькі задуманага раней, але і ўсяго таго, што ўзнікне.

Шчаслівай літаратурнай дарогі табе, дарагі дружа! Новых творчых удач і адкрыццяў!

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 262-264
Крыніца: скан