epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Музыка Юрыя Семянякі

Мы настолькі прывыклі да гэтых слоў, што нават не ўяўляем сабе беларускага канцэрта, дзе б не называлася імя кампазітара, не спяваліся яго песні.

Напачатку пры імені кампазітара абавязкова ставілі: «самадзейны», каб хто не падумаў, што аўтар — прафесіянал. Пазней эпітэт забудуць, а слухача, урэшце, мала цікавяць клопаты фармальныя. Ён сэрцам прыняў і палюбіў прывабную і шчырую мелодыю «Ой шумяць лясы зялёныя» на словы паэта А. Сіткоўскага. І яна шырока гучыць па радыё, у самадзейнасці і нават за бяседным сталом...

Я не знаю, як для каго, а для мяне з песняй «Ой шумяць лясы зялёныя» і пачаўся новы кампазітар, вельмі шчыры ў сваіх пачуццях і з вельмі светлым успрыняццем жыцця. Ён настолькі ўлюбёны ў навакольны свет, што ўсё яму яшчэ бачыцца пераважна ў вясёлкавых фарбах, усё ўспрымаецца ўзнёсла, чыста, як і належыць воіну, што прайшоў палавіну Еўропы, каб прынесці свайму краю мір і спакой, каб у песні «Дняпро» словамі Адама Русака заявіць і ад сябе:

 

Не кружыцца тут воранам чорным,

І вады ім тваёй тут не піць.

Над тваёю вяршыняю горнай

Ім агнёў залатых не згасіць.

 

Пачуццё Радзімы не раз яшчэ ўсхвалюе кампазітарава сэрца і, як сцежка з жыта, прыгожа вынырне мелодыяй «Аб шчаслівай нашай долі», «Беларусь — мая песня», «Расцвітай, Беларусь» і многіх іншых. Як адданы сын сваёй Радзімы, які схадзіў яе зямлю, чуў шолахі яе сосен і траў, ціхія ўсплескі яе рэк, які піў з чыстых крыніц і глядзеўся ў іх люстра, ён не ўстрымаецца, каб адкрыта не сказаць:

 

Ты навекі ўвайшла ў маё сэрца

                                і слова,

Беларусь — мая песня,

                        сястрыца мая.

 

Як жа патрэбна гэтае пачуццё кожнаму кампазітару! Без яго ён, як без крыл,— колькі ні сілься, а высока не ўздымешся. Відаць, на гэтых крылах узляцела і цудоўная семянякаўская мелодыя дуэта «Явар і каліна» на словы Янкі Купалы. У ім надзвычай арганічна і натуральна зліліся і светлы сум чакання, і тайная прага абуджэння, і чыстая радасць надзеі. І ўсё загучала так прывабна, так горача, што, пачуўшы мелодыю адзін раз, слухач ужо не мог яе забыць.

Для мяне асабіста дуэт «Явар і каліна» меў і вельмі канкрэтнае, практычнае значэнне. Да гэтага я, як лібрэтыст, быў звязаны з кампазітарам А. Туранковым. Яму я пісаў лібрэта оперы «Яснае світанне». Смерць раптоўна абарвала жыццё кампазітара, які так і не пабачыў свой твор на сцэне. А мяне праца над лібрэта моцна прывязала да опернага жанру. Захацелася напісаць новае лібрэта, але для каго? І вось, праслухаўшы дуэт «Явар і каліна», я ўжо больш не вагаўся ў выбары. Не ведаю, чаму, але мне здалося, што ў гэтым дуэце былі закладзены ў патэнцыі і оперныя магчымасці аўтара. Хай мяне прабачаць музыказнаўцы, калі я ў нечым, вельмі спецыфічным, памыляюся,— я пішу пра тое, што тады адчуваў інтуітыўна, а не на падставе аналізу музыкі, але, мне здаецца, адчуваў і прадбачыў я не беспадстаўна. І Юрый Семяняка не засмуціў гэтага адчування. Опера «Калючая ружа» прыйшлася па сэрцу слухачам. Некаторыя нават (пра гэта расказвала на сустрэчы з акцёрамі опернага тэатра інжынер з Мінскага камвольнага камбіната) хадзілі ў тэатр слухаць оперу двойчы. Не часта здараецца такое з сучаснай операй. Праўда, спецыялісты знаходзілі ў першым буйным творы Юрыя Семянякі і недахопы (хіба ж можна без недахопаў!). І нават спрачаліся пра чысціню жанру. Але вельмі нямногія спрабавалі адказаць на пытанне: чаму менавіта гэты спектакль так зацікавіў слухачоў?

Не будзем абыходзіць аўтарытэтнай думкі спецыялістаў. Але ж нельга абысці і той факт, што поспех кампазітара быў невыпадковы. І справа не ў тым, што ён першы ў беларускай музыцы паспрабаваў раскрыць духоўны свет сучаснай моладзі, а, мусіць, у тым, што ён паставіў перад ёю некаторыя маральныя праблемы і адказаў на іх. І тое, што гэта было зроблена ў лірыка-камедыйным жанры, ніколькі не прынізіла оперы, не замуціла яе класічнай чысціні. Больш таго, вясёлым жанрам зацікавіліся і іншыя тэатры. І неўзабаве «Калючая ружа» была пастаўлена на сцэне кіргізскага опернага тэатра ў Фрунзе. Пры гэтым нялішне напомніць і тое, што «Калючай ружай» беларуская опера ўпершыню пераступіла мяжу сваёй рэспублікі. Пазней яе паставіў і самадзейны оперны калектыў Маскоўскага універсітэта.

Ясна было адно: публіка прыняла новы твор. І прыняла не толькі таму, што на спектаклі ёй не было сумна. Спектакль сваім падтэкстам даваў ёй сёе-тое і для роздуму. Ніхто не заставаўся абыякавым да тых падзей, якія адбываліся на сцэне. У гэтым быў і залог поспеху, поспеху кампазітара, які ў той час уступаў у пару сваёй сталасці. Гады набліжаліся да саракавога рубяжа, і крыху стомлены прыжмур вачэй сведчыў пра немалы жыццёвы шлях, пра нейкую асаблівую задуменную сур’ёзнасць. А задумацца было над чым. Разам са святлом працоўнага, творчага энтузіязму людзей яго пільнае, сумленнае вока заўважыла і цені, і чорныя плямы. Тут ужо нельга было праходзіць міма. Ён бярэцца за напісанне новага твора — лірыка-сатырычнай оперы «Калі ападае лісце».

Твор пісаўся доўга. Бывалі часы, калі кампазітар хацеў кінуць працу, і толькі ўласцівая яго характару настойлівасць памагла давесці справу да канца.

Памятаю, пры абмеркаванні оперы «Калі ападае лісце» адзін з дырыжораў выказаў некалькі заўваг па першай дзеі. Другі дырыжор стаў пярэчыць — маўляў, зроблена ж партытура, як жа можна ўсё перапісаць нанава? Узнікла як бы нейкая замінка — паўза, якую тут жа, на здзіўленне прысутным, зняў сам кампазітар: «Калі трэба і калі ад гэтага выйграе опера — я гатовы ўсё перапісаць нанава». Разам з дырыжорам і канцэрт-майстрамі кампазітар яшчэ не раз вяртаецца да свайго твора, паляпшае яго, удасканальвае.

Працуючы над новай операй, Юрый Семяняка нярэдка падоўгу пераключаўся і на іншыя жанры. Сумесна з лібрэтыстам М. Алтуховым ён стварае музычную камедыю «Рабінавыя каралі», якую паставіў Бабруйскі тэатр музычнай камедыі, піша шэраг песень на тэксты беларускіх паэтаў. Увогуле Ю. Семяняка творча вельмі актыўны. Не бывае амаль ніводнага канцэрта, у якім не выконваліся б яго песні, ці то харавыя «Слухайце, людзі!», «Спакойна дрэмле Нарач», ці то песні для саліста «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы карыя», «Дарыце цюльпаны». Я не хачу затрымліваць увагу чытача доўгім пералікам семянякавых твораў. Яны падрабязна пералічаны ў даведніку «Кампазітары Савецкай Беларусі».

Не спыняюся я і на аналізе напісанага Юрыем Семянякам. Мне проста хочацца скіраваць увагу на гэтага вельмі шчырага, неспакойнага кампазітара, які нямала папрацаваў над тым, каб перадаць часцінку сваёй душы людзям. Будзем жа ўдзячны яму за гэта, і няхай наша ўдзячнасць надасць яго музычным крылам новую дужасць, паспрыяе больш высокаму ўзлёту.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 169-172
Крыніца: скан