epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Наш Рыгор Раманавіч

Колькі разоў ні спрабаваў, а ніяк не мог прыпомніць таго дня, калі мы з ім пазнаёміліся. Здаецца, што я ведаў яго вечна. Рыгор Раманавіч належаў да тых людзей, сышоўшыся з якімі нельга ўжо было расстацца. Розніца ва ўзросце не мела ніякага значэння. Ды яна і не адчувалася, калі гаворка заходзіла пра песню. Тады ён маладзеў і душой, і гадамі і раскрываўся перад субяседнікам ва ўсім харастве свайго добрага сэрца. Яно заўсёды было адкрыта пачуццю прыгожага, любові да роднай зямлі і незвычайнай улюбёнасці ў родную песню.

Прырода надзяліла яго бездакорным слыхам і гэтакім жа бездакорным густам. Аж не верылася, што ён паходзіў з сялян — такой інтэлігентнасцю веяла ад яго асобы. Асабліва калі ён, крануты сівізной, у чорным дырыжорскім фраку стаяў на сцэне перад капэлай ва ўсёй сваёй красе — стройна, натуральна і ў той жа час неяк вельмі высакародна, бо вельмі ж высакародным было яго цудадзейства. Ніводнага лішняга руху, усё дакладна ўзважана, разлічана на такое ж дакладнае выканаўчае майстэрства. А яно ў хоры было вельмі высокім і дасканалым. Пра гэта неаднойчы пісала музычная прафесійная крытыка. Пра гэта сведчыць і той факт, што Рыгору Раманавічу ахвотна аддавалі свае творы вядомыя савецкія кампазітары, адчуваючы, што яны знойдуць у выкананні капэлы самае найлепшае ўвасабленне. Так яно і было. Не аднаму дзесятку харавых песень ён праклаў шырокую дарогу да сэрца слухачоў.

А з якой беражлівасцю і разуменнем раскрываў ён хараство народных мелодый! Тут роўнага яму і назваць цяжка. У беларускай песні ён адчуваў сябе, як у роднай стыхіі — і высока ўзлятаў на яе крылах. Дзякуючы яго старанню многія слухачы і ў нас і за мяжой мелі насалоду па-сапраўднаму, на высокім мастацкім узроўні знаёміцца з багаццем беларускага меласу.

Памятаю: сустрэў я неяк Рыгора Раманавіча пасля паездкі ў Львоў, дзе харавая капэла выступала з канцэртамі. Разгаварыліся... І ён, чалавек сціплы і ўраўнаважаны, не мог стрымацца, каб не расказаць пра выступленне ў Львоўскай кансерваторыі. Прымалі капэлу, як кажуць, на «ўра». А пасля канцэрта за кулісы да яго завітаў адзін са старэйшых прафесароў кансерваторыі і, расчулены, са слязьмі на вачах прызнаўся: «Ведаў, што беларусы маюць добрыя песні, але ніяк не падазраваў, што вы маеце такі выключны шэдэўр, як «Зорка Венера». Гэтаму можа пазайздросціць любы народ».

Я глянуў на Рыгора Раманавіча. Божа мой, якой радасцю свяціліся яго вочы! Якое задавальненне было напісана на твары! Гэта ж такая высокая ацэнка даецца і яго сціплай працы! Значыць, не ў пустую глебу сеюцца залатыя зярняты!

З разлікам на шырокае знаёмства з песеннай культурай свайго народа складаў ён і канцэртныя праграмы. Асабліва праграмы гастрольных паездак. І як жа абураўся, калі хто-небудзь з чыноўнікаў, невядома па якіх меркаваннях (а найчасцей з-за перастрахоўкі) мяняў змест праграмы. Нервуючыся і доўга не могучы супакоіцца, ён толькі бездапаможна скардзіўся, праяўляючы сваё мілае оканне:

— Чого ім трэба? Чому яны ўмешваюцца ў тое, чого самі добра не розумеюць...

Ні для каго ж не сакрэт: ідучы на канцэрты таго ці іншага нацыянальнага калектыву, мы ў першую чаргу хочам пазнаёміцца з творчасцю народа, прадстаўніком якога з’яўляецца гэты калектыў. Пазнаёміцца з першых рук. І калі гэтае разумнае правіла парушаецца, атрымліваецца не вельмі пажаданая сітуацыя. Адной з такіх сітуацый я сам быў міжвольным сведкам... Было гэта ў часе Дэкады нашай літаратуры і мастацтва ў Маскве. Выступаў Мікалай Ворвулеў. Тады ён быў салістам нашай оперы. І пачаў ён сваё выступленне з добрай, але вельмі запетай песні. А ў першым радзе, нацэліўшы ў бок сцэны мікрафон свайго слухавога апарата, сядзела старэйшая руская пісьменніца Марыэта Шагінян. І яна не ўцярпела, каб у прамежку паміж першай і наступнай песняй не папрасіць у Мікалая Ворвулева:

— Праспявайце што-небудзь сваё, беларускае...

Яе просьбу не цяжка было зразумець. Яна ж ішла на канцэрт беларускіх артыстаў: ад каго ж, як не ад іх, магла яна паслухаць беларускія песні ў арыгінале. І ў адказ на просьбу М. Ворвулеў выканаў песню бабыля Мікіты з оперы А. Туранкова «Кветка шчасця»: «Сам не знаю, не ведаю, што рабіці маю...»

Рыгор Раманавіч добра адчуваў і разумеў такія далікатныя справы. Умудроны вопытам, ён не спакушаўся якім-небудзь модным шлягерам, бо ведаў яму цану. Ведаў і цану сапраўднай народнай песні. Як бы ні мянялася мода, з якой бы помпай ні прапагандаваліся асобныя скараспелкі — любоў да народнай песні аставалася ў ім нязменнай, як найкаштоўнейшы душэўны скарб. Ім ён даражыў усё сваё жыццё: і тады, калі пачынаў збіраць і запісваць народныя песні, і тады, калі ўжо лічыўся вядомым майстрам-дырыжорам і кіраўніком цудоўнай харавой капэлы.

Працы над песняй ён аддаваў шмат часу і энергіі. Доўга і старанна шліфаваў кожны гук, каб ні ў чым не было ніякага фальшу. А якой чысціні, выразнага вымаўлення кожнага слова дамагаўся ён ад выканаўцаў. І ніколі не спяшаўся з прэм’ерай: выносіў на суд аўдыторыі песню толькі пасля таго, як яна была бездакорна зроблена.

Любоў да народнай песні была ў яго ўсеабдымная.

Ён не абмяжоўваў сябе рамкамі толькі сваёй рэспублікі. У прапагандзе песеннай культуры ён быў самым сапраўдным інтэрнацыяналістам. Усё лепшае, што знаходзіў у іншых народаў, адразу ж рабіў здабыткам і свайго народа. Яго капэла цудоўна спявала і рускія, і ўкраінскія, і літоўскія, і грузінскія, і латышскія, і польскія, і славацкія, і песні многіх іншых народаў. Ды яшчэ на якім высокім узроўні! Гэтая яго нястомная дзейнасць чакае спецыяльнага даследавання.

Як ніхто з работнікаў мастацтва, Рыгор Раманавіч любіў і добра ведаў беларускую паэзію. Неаднойчы ў пошуках вершаў, каб параіць кампазітарам пакласці іх на музыку, перачытваў ён Я. Коласа, Я. Купалу, М. Багдановіча, М. Танка, П. Броўку, А. Куляшова, паэтаў сярэдняга і малодшага пакаленняў. Ён меў не толькі музычны, але і выдатны літаратурны густ. І заўсёды беспамылкова падбіраў такія вершы, якія лёгка клаліся на музыку.

Знаёмству з паэзіяй ён аддаваў вельмі шмат часу. У адрозненне ад іншых, ён не чакаў, пакуль паэты прынясуць яму што-небудзь з нованапісанага. Сам заказваў, чытаў, адбіраў і потым падахвочваў кампазітараў да напісання песень. Прычым не толькі беларускіх кампазітараў, але і кампазітараў іншых рэспублік. З імі ён меў трывалыя творчыя сувязі. Памятаю: так было і з маім вершам «Ціха сосны шумяць». Прыглянуўся ён Рыгору Раманавічу — і ён прапанаваў гэты верш кампазітару А. Ленскаму. Неўзабаве з’явілася і песня, якую ён адразу ж уключыў у свой рэпертуар.

Асобна хачу спыніцца на яго працы над песняй «Радзіма, мая дарагая». Гэта быў мой першы верш, пакладзены Уладзімірам Алоўнікавым на музыку. Першае маё далучэнне да песні. І далучэнне шчаслівае. Не было б яго, хто ведае, як бы склаліся мае сувязі з кампазітарамі. Заслугай Рыгора Раманавіча з’яўляецца тое, што ён адразу заўважыў гэты твор, зацікавіўся ім і ў сваёй інтэрпрэтацыі даў яму сцэнічнае жыццё. Ды такое даўгавечнае. Вось ужо тры дзесяцігоддзі песня не перастае гучаць са сцэны. Рыгор Раманавіч зрабіў усё для таго, каб гэты твор атрымаў такую шырокую аўдыторыю. Думаю, што не без яго парады «Радзіму, маю дарагую» ўключыла ў свой рэпертуар і вядомая ўкраінская харавая капэла «Думка». Нават і спявае яе па-беларуску, строга захоўваючы характар шырмаўскага выканання.

Рыгор Раманавіч пражыў доўгае жыццё. Доўгае і шмат у чым павучальнае. У сваёй працы ён быў чалавекам надзіва цэласным і мэтанакіраваным. Адзін раз абраўшы сабе дарогу, ён не мяняў яе да канца сваіх дзён. І добра, што не мяняў, бо быў як бы спецыяльна народжаны для песні. Горача любіў яе, глыбока адчуваў і разумеў, і вельмі старанна аберагаў яе хараство і першароднасць. Аберагаў і справай і словам. Колькі разоў выступаў ён на сходах і ў друку, баронячы народную песню ад тых, хто ўжо лічыў яе пройдзеным этапам, учорашнім днём, ставячы на першае месца эстрадную песню, лічачы толькі яе носьбітам сучаснасці. Прычым нярэдка за сучасныя выдаваліся творы, якія сваім зместам былі далёкія ад сучаснасці, творы, разлічаныя на тое, каб дагадзіць мяшчанскім густам абывацеляў, як, напрыклад, песня пра чорнага ката. Спасылкі на тое, што песня добра прымаецца аўдыторыяй, не маглі пахіснуць пераконанасці Рыгора Раманавіча. Халтуру і бяздумнасць ён адмятаў рашуча і гнеўна. Адначасова прыхільна прымаў тыя эстрадныя творы, якія ставілі і вырашалі актуальныя праблемы жыцця, і вырашалі не павярхоўна, а з глыбокім пранікненнем у сутнасць падзей, на высокім мастацкім узроўні. Ухваляў, разумеючы, што песня павінна жыць клопатамі сучасніка, выяўляць яго радасці і хваляванні. Добрым прыкладам у гэтым служыла народная песня. Яна адгукалася на кожную працоўную падзею, на кожны рух душы — ад радасці да смутку. Таму такая багатая на жанры народная песня.

Мне, як літаратару, вельмі прыемна нагадаць і шырмаўскую ўважлівасць да слова, таго слова, якое з песні не выкінеш. Ён не цярпеў і рашуча асуджаў халтурнае вершаплётства «тэкставікоў», пастаянна напамінаў кампазітарам — выбірайце для песень толькі сапраўды паэтычныя творы. У песні ўсё павінна быць прыгожым і свежым: і пачуццё, і думка, і слова, і мелодыя, і выкананне. І сваім адборам рэпертуару падаваў адпаведны прыклад.

І яшчэ пра адно гаворыць жыццё няўрымслівага Рыгора Раманавіча. У мастацтве можна пакінуць прыкметны след толькі тады, калі ты да астатку аддаеш сябе любімай справе, калі твае перакананні — не часовыя, калі ты стаіш на трывалым грунце ўласнага вопыту, накопленага нялёгкай працай, калі ты чысты ў сваім сумленні і ні пры якіх складаных акалічнасцях не паддаешся на кампрамісы. Калі ты — сын свайго народа і верна служыш яму верай і праўдай. Толькі тады і можна зрабіць што-небудзь вартае.

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 164-169
Крыніца: скан