epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Паэт і музыка

Калі б каго-небудзь з нас папрасілі назваць імя беларускага паэта, большасць вершаў якога стала песнямі, мы, не задумваючыся, адразу б назвалі Адама Русака. І мелі б на гэта поўнае права. Больш таго, без музыкі мы на поўную сілу не адчулі б значнасць яго творчых здабыткаў. У асобе паэта шчасліва спалучыліся дзве плыні — паэзія і музыка. Яны, як бы дзве раўнапраўныя сястры, толькі першая з іх — родная, а другая — прыёмная, хоць на першым часе другой куды больш аддавалася ўвагі, чым першай. І на гэта была свая прычына.

Бацька А. Русака някепска іграў на скрыпцы. Задушэўныя мелодыі песень і танцаў не маглі пакінуць абыякавым чулага да музыкі хлопчыка. Былі б спрыяльныя ўмовы, з часам выпрацаваўся б з яго выдатны скрыпач. Але гэтых умоў у батрацкага сына ў дарэвалюцыйны час не было. А калі яны ўзніклі, гэта быў ужо 1924 год, і дваццацігадовага хлопца, як пераростка, не маглі залічыць па класе скрыпкі ў Мінскі музычны тэхнікум. Давялося вучыцца па класе валторны.

І ўсё ж... не музыка ўзяла верх. Недзе глыбока ўвесь гэты час затоена жыла паэтычная крыніца, чакаючы штуршка, каб выбіцца на паверхню. А выбіўшыся, доўга яшчэ будзе чакаць сваёй чаргі на ўвагу.

Пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі А. Русак надоўга аддасца працы ў оперным і сімфанічным аркестрах. Паэзія будзе як бы яго другарадным заняткам ці як цяпер бы сказалі — яго хобі. І хоць музыцы ён аддаваў больш часу, але не яна зробіць яго вядомым у рэспубліцы. І пачнецца гэта неўзабаве пасля таго, як у газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіцца яго верш з такім даволі дзіўным тлумачэннем: твор запісаны ў калгасе «Чырвоны араты» Капыльскага раёна ад Адама Русака. Гэтак арыгінальна прадставіў чытачу новага аўтара яго зямляк — паэт Анатоль Астрэйка, які працаваў у рэдакцыі газеты.

У хуткім часе верш «Бывайце здаровы» дзякуючы музыцы І. Любана (сябра паэта па Ленінградскай кансерваторыі) атрымае шырокую аўдыторыю. У пачатку 1937 года гэты верш у перакладзе М. Ісакоўскага надрукуе і газета «Правда», але, зноў жа, як твор народны, запісаны ў калгасе «Чырвоны араты»...

Спатрэбіцца пэўны час, пакуль усё стане на сваё месца і ў літаратуры назаўсёды замацуецца імя А. Русака. Цяпер ён ужо ў чытацкую свядомасць увойдзе не як музыка, а як літаратар, і як за літаратарам будуць сачыць за ім усе наступныя гады.

У 1949 годзе паэт пераязджае на сталую працу і жыхарства ў Мінск. Лёс зводзіць яго з выдатным збіральнікам і прапагандыстам беларускай песні, кіраўніком народнага хору Генадзем Цітовічам, і той, адчуўшы характар даравання паэта, не адпусціць яго ад сябе, а зробіць як бы паэтам свайго калектыву. Усё лепшае, што створыць А. Русак і кампазітары ўвасобяць у песню, абавязкова прагучыць у выкананні хору. Ды ў якой яшчэ арыгінальнай падачы! Стараннямі гэтага хору нам па-новаму раскрыюцца такія вершы А. Русака, як «Чырвоная вяргінечка», «Як той Зосі давялося», «Як правёў мяне Цімох», «На мяне не заглядайся», «Ходзіць дзеўчына па воду», «Лясная песня», «Бульба», «Узнялося сонца яснае», «Сярожка» і шмат іншых. Не будзем затрымліваць увагу чытача доўгім пералікам. З вершаў-песень А. Русака толькі ў выкананні народнага хору можна скласці не адзін добры канцэрт. А колькі ж іх гучыць у выкананні салістаў і самадзейных калектываў! А колькі — за звычайным сяброўскім застоллем!

Калі збіраюцца баявыя партызаны — хіба ж можа быць няспетай тады цудоўная «Лясная песня»? Яна настолькі ўвайшла ў іх сэрцы, што некаторыя нават даводзілі, нібы яны спявалі яе ў грозныя часы партызанства, хоць верш і музыка напісаны праз пяць гадоў пасля Перамогі.

Як вы, мабыць, заўважылі: пра вершы паэта мы гаворым у непасрэднай сувязі з музыкай. Хай яно не бянтэжыць вас — у гэтым няма ніякай наўмыснасці, бо і жывуць гэтыя вершы ў нашых сэрцах не асобна, а разам з музыкай. І нават тады, калі мы іх чытаем у вершаваным зборніку. Што ж зробіш,— гэтак ужо атрымалася. І атрымалася па волі самога аўтара, які і пісаў іх з надзеяй, што яны павінны стаць песнямі. Мы ж павінны толькі парадавацца, што ў нашай багатай талентамі паэтычнай кагорце ёсць і такі творца, які душэўна вельмі хораша адчувае дзве стыхіі: вершаваную і музычную. І вельмі добра спалучае іх на карысць нам.

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 177-179
Крыніца: скан