epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

«Песню родную люблю...»

У песень, як і ў людзей, свая доля, свой лёс. І на свет яны з’яўляюцца па-рознаму. Адны — шумліва, другія, наадварот, ціха, непрыкметна, але гэтак уладарна-шчыра, што надоўга застаюцца ў людскіх сэрцах.

Некалі, на пачатку сваёй паэтычнай дзейнасці, Янка Купала пісаў: «Я ж ціха іграю, хто ж ціхіх прыкмеце...» Аднак прыкмецілі.

Ціха шуміць і адвечны бор. Але колькі ў тым пошуме спакойнай упэўненасці, адчування сваёй сілы. У нечым да яго падобна і сапраўдная паэзія.

Даўно гэта было, калі ўпершыню ў сэрцы маладой паэтэсы Канстанцыі Буйло нарадзіліся словы:

 

Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла...

 

Час той, як вядома, не вельмі спрыяў долі працоўнай жанчыны, бо ў жыцці было, як кажуць, не да радасці. І ўсё ж словы адразу запалі ў душу людзям, запалі як часцінка светлага пачуцця, не азмрочанага нядоляй і горам. І працоўны беларус прыняў гэтыя словы як свае, і сталі яны шчырай задушэўнай песняй, той песняй, якая абуджала чыстыя пачуцці светлай любові да роднага краю і сваім падтэкстам як бы клікала не траціць надзеі на лепшае.

З тае пары песня назаўсёды засталася ў людскіх сэрцах. Міналі гады, да лепшага мянялася жыццё, а песня ўсё звінела ды звінела. Нават час не мог яе састарыць. На нейкі перыяд яна як бы забывалася, а потым узнікала зноў і зноў. Не так даўно мне давялося пачуць яе са сцэны нашага купалаўскага тэатра, у спектаклі па п’есе А. Макаёнка «Таблетку пад язык». І хоць па сцэне хадзілі дзяўчаткі ў міні-спаднічках і кожную хвалявалі свае клопаты — не чужой ім была гэтая песня. Даводзілася здзіўляцца, як яна натуральна ўлівалася ў агульны настрой калгаснай моладзі. Што з таго, што жыццё і мода змянілі побыт людзей. Любоў да роднага краю засталася ж нязменнай. Час не здолеў прыглушыць ці зменшыць яе. І праз шмат гадоў яна загучала гэтак жа свежа і молада:

 

Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз спазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла...

 

Апошні радок на тэатральнай сцэне, праўда, прыглушаўся. І ўсе разумелі — чаму: Вялікі Кастрычнік вызваліў жанчын ад сацыяльнай нядолі. Песня сваім гучаннем абуджала ў памяці ўсё светлае і прыгожае, звязанае з Радзімай, з працоўным жыццём і народным побытам. І хай сёння ўмовы працы хлебароба не такія, як тады, калі стваралася песня, але нязменнай засталася паэзія самой працы, паэзія ўслаўлення добрых спраў чалавека. Вось чаму нам не кідаюцца ў вочы і не выклікаюць пярэчання словы, за якімі ўгадваюцца ўжо даўнія годы:

 

І жніва час душой люблю я,

І першы звон сярпоў і кос,

Калі на поле выйдуць жнеі,

 

А касары на сенакос.

 

І песню родную люблю я,

Што ў полі жнеі запяюць,

Як гукі звонкія над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

 

Паэтэса чуйна ўлавіла і непасрэдна перадала пачуцці ўлюбёнай у зямлю сялянкі, якую хоць і знясільвала нялёгкая праца, але не рабіла абыякавай да хараства прыроды, да вынікаў свае працы.

Тым, хто сёння спявае «Люблю наш край...», не важна, што цяпер ужо не жнуць сярпамі, не косяць косамі. Важна іншае, больш істотнае— шчырая любоў да сваёй зямлі, свайго краю. А гэта якраз і выяўлена ў вершы. Таму верш і сёння не губляе сваёй прывабнасці.

Вельмі важна для мастака ўлавіць нешта характэрнае ў жыцці, адчуць яго дыханне і здолець хоць часткова перадаць гэта ў сваіх творах. І таму, каму ўдасца гэта зрабіць, забяспечана доўгая людская пашана і ўвага.

Каторы год не перастае гучаць папулярная «Лясная песня», напісаная паэтам Адамам Русаком сумесна з кампазітарам Уладзімірам Алоўнікавым. Вельмі многа гаворыць людскім сэрцам гэта цудоўная песня. Яна не толькі нагадвае нам суровыя гады партызанскай барацьбы і вялікі подзвіг народа, але і вельмі шчыра перадае пачуцці тых, каму давялося не па добрай волі ўзяцца за зброю, каб бараніць волю свайго краю, хараство роднай прыроды. Нешматслоўны і стрыманы тэкст песні, вельмі праніклівая яе інтанацыя, дакладна «абазначана» тое галоўнае і эмацыянальна істотнае, што жыве ў свядомасці і памяці былых удзельнікаў «начных паходаў». І сам зачын песні вельмі ўдалы і натуральны.

 

Ой, бярозы ды сосны —

Партызанскія сёстры...

 

Той, хто калі-небудзь сур’ёзна вывучаў ці нават толькі пільней прыглядаўся да асаблівасцей песні, зразумее, што для яе паўнакроўнага жыцця дастаткова аднаго характэрнага штрыха, аднае, але яркай дэталі. Знойдзена яна, лічы, што ёсць песня. Цудоўны лірычны вобраз «партызанскіх сёстраў» — бярозаў і соснаў — стаў выдатнай находкай паэта, ён быццам удыхнуў душу ў верш. Цяпер, знайшоўшы асноўнае, паэту ўжо лягчэй было разгортваць далейшы малюнак, нагадваць, быццам усё перажываючы наноў, тое, што назаўсёды запала ў душы народных мсціўцаў у нялёгкай барацьбе за вызваленне роднага краю.

 

Ды успомню пажары,

І варожыя хмары,

І завеі халодных вятроў,

І слату, і нягоды,

І начныя паходы,

І агні партызанскіх кастроў.

 

Усё проста, канкрэтна і гэтак, як было ў тыя гады.

Каб стаць падзеяй, душой, люстрам часу, твор павінен выявіць гэты час у самым характэрным. Пра партызанскае жыццё напісана нямала песень, але самай памятнай засталася гэта. Астатнія спяваюцца радзей, некаторыя — зусім забыты, а калі і ўпамінаюцца, дык па нейкай спецыяльнай нагодзе. Што ж, людская памяць аберагае толькі самае лепшае...

Творам «Люблю наш край» і «Лясная песня» выпала зайздросная доля. Двойчы нараджаліся яны — спярша як вершы, затым як песні. І кожны раз нараджаліся пад шчаслівай зоркай. Нараджаліся надоўга, бо толькі сапраўднаму пачуццю суджаны доўгі век.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 180-183
Крыніца: скан