epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Шчырыя, сардэчныя песні

Не кожнаму вершу выпадае шчаслівая доля стаць песняй. Аднак і не кожнаму вершу, пакладзенаму на музыку, выпадае шчаслівая доля стаць любімай песняй. Словы, як і добрая музыка, павінны глыбока западаць у нашу памяць і сілай свайго пачуцця самастойна хваляваць людскія сэрцы. Такой прывабнай сілай валодаюць вершы Міхаіла Ісакоўскага.

Пачынаючы з 30-х гадоў, песні на яго словы заваявалі ўсеагульнае прызнанне і занялі асноўнае месца ў народным рэпертуары. Хто з нас не памятае, з якім трыумфам ішлі ў людзі яго «Кацюша», «Ёсць загад: яму — на захад» («Развітанне»), «Дайце ў рукі мне гармонь — залатыя планкі» («Праводзіны»), «І хто яго знае...», «Ішоў са службы пагранічнік», «Марачка» і інш. І тое, што адразу наша песенная творчасць узбагацілася такой вялікай колькасцю празрыстых, высокіх і чыстых па пачуццю песень, вялікая заслуга Міхаіла Васільевіча Ісакоўскага. Ды духоўна ўзбагаціліся і не толькі нашы савецкія людзі. Ніякія пагранічныя пасты не перашкодзілі песні пераляцець і межы дзяржаў і акіяны.

Украінскі паэт Андрэй Малышка ў адным са сваіх вершаў з кнігі «За сінім морам» расказвае, што ён, будучы ў Аклахоме, чуў, як двое неграў пелі «Кацюшу», тую, «што наш Ісакоўскі напісаў». Што ж, недарэмна выходзіла наша руская дзяўчына са сваёй песняй аб вернасці каханаму «на высокі бераг на круты».

Дарэчы, не толькі «Кацюша», але і многія іншыя песні на вершы Ісакоўскага даўно ўжо заваявалі сабе прызнанне і за межамі Радзімы.

Але наш чытач палюбіў Ісакоўскага і не толькі як паэта-песенніка, але і як шчырага лірыка, які сваімі творамі першы ў 20-я гады адкрыў у паэзіі новы свет савецкай вёскі, пазнаёміў з яе новымі людзьмі і імкненнямі.

Як жывы, паўстае перад намі лірычны герой — вясковы хлопец, які радуецца, што не чуваць ужо стуку цапоў на сялянскіх таках, што на змену яму прыйшоў «стук малатарні на гумне арцелі»; лірычны герой, які любіць гуляць па вечарах каля студэнцкіх інтэрнатаў і слухаць, як вяскоўцы, прагнучы навукі, размаўляюць пра ўраджай і пра экзамен; лірычны герой, які, закахаўшыся ў дзяўчыну-палітасветніцу з цёмнымі вачыма, пакінуў і горкае віно, і забіяцкія прыпеўкі, а ўвесь свой вольны час аддае дакладам і гутаркам на культурныя тэмы і нават «па павышанай цане» плаціць «за кнігі і плакаты». Гэта яму «ўсміхаецца шчасліва школьны дом сваім акном», гэта яму «вясёлых песень адгалоскі ляцяць з загону на загон». Гэта ў яго ўяўленні сплёўся «агонь рабіны з агнём маскоўскіх кумачоў». І навекі адышло ў нябыт паняцце цёмнай глушы — цяпер па вёсках, ля хат, «скрозь сасновыя слупы пасталі ў рад», і «зайгралі правады». Цяпер, дзякуючы радыё, сяляне вечарамі ў нардоме слухаюць не толькі музыку, але і «даклады Саўнаркома». Радыёмост назаўсёды ліквідаваў глухамань і назаўсёды злучыў самыя далёкія вёскі з Масквой і зрабіў так, што цяпер «кожная малая вёска маскоўскі мае кругагляд».

Усё гэта проста, шчыра і вобразна раскрываецца ў вершах «Радыёмост», «Як па вёсцы...», «Арэхавыя палкі», «Вялікая вёска», «Роднае», «Палітасвет», «Ля студэнцкіх інтэрнатаў».

Па новаму загучала і традыцыйная сцэна провадаў навабранцаў у армію. Ні слёз, ні роспачы, ні жальбы. Бо навабранцы цяпер самыя ганаровыя людзі.

 

Найлепшы падаюць частунак ім,

І кожны з нас іх сэрцам паважае,

І кожнаму з узорам залатым

У дар дзяўчына хустку вышывае.

 

У карціне провадаў паэт з вялікай любоўю раскрывае вобраз маці, шчырай працавітай жанчыны, якой па-ранейшаму не хочацца адпускаць ад сябе сына, «бо даль, што ўжо за полем не відна,— не пакідае страшнай ёй здавацца». Пражыўшы ўсё жыццё ў вёсцы, яна не ведае, а што ж у тым нябачным ёй свеце. А той свет, куды пайшоў яе сын, заселены добрымі людзьмі, той свет зробіць для яе сына добрую справу.

Да вобраза маці паэт вернецца яшчэ раз, успомніць, як яна ў сялянскай хаце мякішам хлеба прыклейвала да сцяны партрэты Леніна, як яна прасіла ўнука, каб «ён прачытаў любімую газету, дзе часта вершы сын друкуе»... Успомніць і тады, калі ўжо не будзе маці ў жывых і ён папросіць Пракошыну заспяваць пра няскошаныя лугі і няходжаныя сцежкі, якія напомняць яму палі смаленскія і родны край, і яму здасца, «быццам не ляжыць яна ў полі пад сасной», а разам з ім ідзе ў поле і расказвае:

 

Пра ўчарашні сон,

Пра дажджы вясеннія,

Пра калгасны лён.

 

Ідзе і паказвае:

 

І палі, і сад,

Дзе маленькім бегаў я

Многа год назад.

Дзе лугі зялёныя

Разам з ёй касіў

І куды ёй снеданне

У жніво насіў.

 

І ад усяго расказанага павее шчырай сыноўняй любоўю да маці, глыбокай павагай да яе светлай памяці.

Як лірык, улюбёны ва ўсё новае, паэт не можа абысці і таго непажаданага, што яшчэ засталося ў жыцці. Яго погляд засмуцяць «рэдкія няясныя агні», што адзінока свецяцца ў тумане, агні хутароў, якія застылі ў палях, «як стагі нязвезенага сена». І хоць мужыкі, як зазначае аўтар, і не крыўдуюць на сваю долю, душэўная крыўда на раз’яднанасць людзей спее ў сэрцах моладзі. Гэта яна, моладзь, «па шырокай вуліцы сумуе» і вечарамі, «як кропелькі расы на вячэрніх травах павісаюць, гучна маладыя галасы самі ў цішыні сябе склікаюць».

Пры асуджэнні ці адмаўленні розных аджытых з’яў, у імкненні да светлага М. Ісакоўскі карыстаецца толькі тымі сродкамі, якія ўласцівы характару яго паэзіі. Шчыры і непасрэдны лірык, ён і мінулае адмаўляе, зыходзячы з пачуцця светлай тугі па добраму. У гэтым нас пераконвае лірычны герой верша «У заштатным горадзе» і «Паэмы адыходу», вобраз шчырага і прывабнага Сцяпана Цімафеевіча з паэмы «Чатыры жаданні».

Услаўленню новага, вернасці любімай Радзіме, залатых працоўных рук людзей, шчырага і непасрэднага кахання прысвяціў паэт нямала яркіх, прачулых вершаў. Многія з іх, дзякуючы прыгожай музыцы, сталі любімымі песнямі народа. Яны і сёння гучаць на калгасным полі, на рыштаваннях будоўляў, на сцэне ў клубах і тэатрах, за бяседным сталом, адным словам, усюды, дзе ёсць людзі, якія любяць песню.

Цяжкім болем і цяжкімі пакутамі насунулася на сэрца паэта вайна. Яго ліра ў гэты час набывае гнеўны тон і з усёй сілай абрушваецца на праклятага ворага. Гора адступлення, спаленыя чорныя загоны выклікаюць радкі, поўныя нянавісці да нямецкіх фашыстаў:

 

Хай высахнуць травы, дзе люты

Чужынец ступае нагой,

І хай не вадою — атрутай

Руччы пацякуць пад гарой.

 

Хай чорны гурган увап’ецца

У вочы твае, ліхадзей,

Хай вогненным ліўнем пральецца

Слязіна бяздомных людзей.

 

Хай вецер адплаты шугае

І ворага ў бездань мяце,

Хай вораг ратунку шукае,

Ды толькі не знойдзе нідзе.

 

Лепшыя радкі ў гэты час паэт прысвячае гераізму савецкіх воінаў, услаўленню непераможнасці Савецкай краіны, якая ад гібелі страшэннай уратавала свет.

Пяру М. Ісакоўскага належыць і самы прывабны і самы праўдзівы вобраз рускай жанчыны, якая на сваіх плячах вынесла ўвесь цяжар тытанічнай працы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто з такой пранікнёнай паэтычнай сілай не сказаў аб тым, як яна, простая руская жанчына, застаўшыся адна сам-насам з бядою і цяжкім лёсам сваім, карміла хлебам увесь фронт, «што ад мора да мора», адзявала байцоў у шынялі. І хоць сама і недаядала і недасыпала, а ў пісьмах на фронт пісала, што быццам выдатна жыве:

 

Байцы твае пісьмы чыталі.

І там, на пярэднім краю,

Душою яны адчувалі

Святую няпраўду тваю.

 

І воін, выходзячы ў бітву,

Баронячы шчасце сваё,

Як клятву шаптаў, як малітву,

Імя дарагое тваё.

 

Цяжка ў невялікім артыкуле ахапіць усю шматгранную дзейнасць Міхаіла Ісакоўскага, расказаць і аб яго плённай працы ў песенным жанры, і аб яго вялікіх клопатах па выхаванню маладых пісьменнікаў.

Імя Ісакоўскага, дарагое нам, беларусам, яшчэ і тым, што ён вельмі шмат сіл аддаў папулярызацыі нашай літаратуры сярод рускага чытача. Дзякуючы яго выдатным перакладам; натуральна па-руску загучалі многія беларускія народныя песні, вершы М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Максіма Танка, вершы і паэмы А. Куляшова, папулярная беларуская песня «Бывайце здаровы» на словы А. Русака.

За ўсё гэта, як і за ўсю яго літаратурную дзейнасць — наша шчырае беларускае дзякуй.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 172-176
Крыніца: скан