epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Шматграннасць таленту

А. Твардоўскі, любімы паэт Алеся Адамовіча, вуснамі аднаго з герояў паэмы сказаў: «Назначен срок всему: здоровью — срок, удаче — срок, богатству и уму». Скажам адразу — усе тэрміны склаліся для Алеся Адамовіча ўдала: з партызанаў вярнуўся жывы, пасля Вялікай Айчыннай вайны закончыў універсітэт і аспірантуру, у дваццаць восем год абараніў кандыдацкую, а неўзабаве — і доктарскую дысертацыі.

Але... і ўдаласць не была бясконцай. Хоць яна не цуралася пісьменніка, але і не засцерагала ад «непрыемнасцей» літаратурнай прафесіі.

«У 1955 годзе,— засведчыць ён,— я кінуўся ў крытыку, увесь, з усімі думкамі і эмоцыямі». Кінуўся, дададзім ад сябе, смела, як кідаюцца воіны ў атаку, не шкадуючы ні сябе, ні самалюбства тых, у чыіх творах бачыў шэрасць, адсутнасць сапраўднага натхнення і майстэрства.

Да Алеся Адамовіча беларуская крытыка нямала зрабіла ў даследаванні творчасці такіх нашых класікаў, як Якуб Колас, Кузьма Чорны і іншыя. Але са з’яўленнем прац А. Адамовіча па-сапраўднаму глыбока і ўсебакова, у супастаўленні з дасягненнямі сусветнай літаратуры, раскрыта своеасаблівасць гэтых мастакоў слова. Такія яго працы, як «Беларускі раман у вершах» (пра паэму Я. Коласа «Новая зямля»), «Станаўленне жанру. Беларускі раман», «Шлях да майстэрства» (станаўленне майстэрскага стылю К. Чорнага), а затым выдадзеная ў Маскве кніга «Далягляды беларускай прозы» засведчылі вялікае крытычнае дараванне пісьменніка.

Ён не шукаў шляхоў лёгкіх і пратаптаных, дзе ўжо ўсё вызначана, выверана і застаецца толькі яшчэ раз пацвердзіць сказанае іншымі. Наадварот, урываўся туды, дзе крытычныя страсці толькі разгараліся, дзе загадзя не было вядома, што чакае цябе — перамога ці паражэнне. Вядомы толькі — твой намер і твая пераконанасць у праваце.

Яго артыкулы пра творчасць В. Быкава і асабліва вялікая праца «На бестэрміновай перадавой» — прыклад сумленнага, удумлівага аналізу літаратуры, яе мастацкіх вартасцей.

Гэты прыклад — не адзіны ў А. Адамовіча, які заўсёды паказваў і патрабавальнасць, і спеласць думкі.

Да нядаўняга часу наш чытач быў вельмі мала знаёмы з творчасцю такога выдатнага майстра беларускай прозы, як Максім Гарэцкі. Кнігі яго выходзілі рэдка, пісалі пра яго яшчэ радзей. Але вось у 1973 годзе выходзіць двухтомнік выбраных твораў М. Гарэцкага. Бачачы, які багаты матэрыял для даследчыка дае творчасць гэтага пісьменніка, я папрасіў А. Адамовіча пазнаёміцца з двухтомнікам. І знаёмства неўзабаве адбылося. А ў выніку з’явілася вялікая праца пра М. Гарэцкага «Браму скарбаў сваіх адчыняю». Крытыку ўдалося шырока расчыніць браму да скарбаў вялікага мастака слова, і не толькі расчыніць, але і паказаць іх неўміручую вартасць.

Працы «Браму скарбаў сваіх адчыняю» і «На бестэрміновай перадавой» я лічу самымі лепшымі крытычнымі творамі. Яны разам з іншымі працамі і склалі яго апошнюю выдатную кнігу «Здалёк і зблізку».

Ведучы размову пра створанае А. Адамовічам-крытыкам, хочацца падкрэсліць: сваімі працамі ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб увесці жанр крытыкі ў ранг мастацкай літаратуры. І ўдалося гэта яму зрабіць, можа, яшчэ і таму, што ён ад прыроды быў надзелены мастакоўскім дарам. Часамі і сам хістаешся ў вызначэнні, што для яго асноўнае: мастацкая проза ці крытыка? І ў тым і ў гэтым ён працуе паспяхова. І як няма пісьменніка Адамовіча без яго крытычных прац, так і няма ўсеабдымнага пісьменніка Адамовіча без яго прозы.

Пасля першых крытычных прац з-пад яго вопытнага пяра выйдзе раман «Вайна пад стрэхамі» — раман пра чысціню юнацкіх душ, пра іх беззапаветную адданасць Радзіме. Спачатку гэта як бы і не вайна, а толькі нязгода з «новым парадкам», катэгарычнае непрыняцце яго. А потым — і ўнутраная патрэба барацьбы з гэтым «парадкам», барацьбы ўжо актыўнай, са зброяй у руках. Але пра гэта — ужо ў наступным рамане — «Сыны ідуць у бой». Абодва раманы складаюць адно цэлае — дылогію «Партызаны». У ёй глыбока і ўсебакова паказана гераічная партызанская барацьба беларускага народа з фашысцкімі акупантамі. Пісьменнік нічога не выпусціць з поля зроку, нічога не спросціць і пакажа жыццё такім, якім бачыў сам. Чытач атрымае кнігу пра гэтае жыццё, як кажуць, з першых рук.

На стварэнне дылогіі «Партызаны» затраціцца часу не менш, чым цягнулася вайна. Здавалася б, за гэты час можна было поўнасцю выкарыстаць выпакутаваны матэрыял. Але гэтага не адбылося. Зноў і зноў «свая вайна» напомніць А. Адамовічу пра сябе і пакліча «вызваліцца» да канца. Як належнае, прыме ён гэты душэўны кліч. І новае мастацкае палатно «Хатынская аповесць» (усё пра тую ж «яго» вайну) з выключным пранікненнем у псіхалогію чалавека раскажа аб трагічных падзеях нядаўняга часу. Гэты твор будзе потым адзначаны прэміяй Міністэрства Абароны СССР і Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

Каб пераканацца ў тым, што можа зрабіць з фактамі мастак, нагадаем два месцы з гэтай аповесці: адно, дзе пісьменнік малюе страшэнную карціну спальвання карнікамі беларускай вёскі разам з жанчынамі, старымі і дзецьмі, і другое — дзе аўтар падае дакументальны расказ удзельніка хатынскай трагедыі Язэпа Камінскага. Нагадаем для таго, каб адчуць, наколькі карціна, намаляваная пісьменнікам, псіхалагічна мацнейшая за карціну, намаляваную відавочцам. Такое пад сілу толькі сапраўднаму таленту.

У свой час Л. М. Талстой выказаў наступную думку: «Мне здаецца, што з цягам часу ўвогуле перастануць выдумляць мастацкія творы. Сумленне не дазволіць расказваць пра якога-небудзь выдуманага Івана Іванавіча ці Марыю Пятроўну. Пісьменнікі, калі яны будуць, будуць не выдумляць, а толькі расказваць пра тое значнае ці цікавае, што ім здаралася наглядаць у жыцці».

У значнай меры гэта стасуецца і да А. Адамовіча. Яго партызанская дылогія — гэта яго юнацтва. Да яе прымыкае і «Хатынская аповесць». У той жа шарэнзе стаіць і яго наступная, разам з Я. Брылём і Ул. Калеснікам зробленая праца — «Я з вогненнай вёскі...». Доўгія месяцы тры літаратары (усе трое — былыя партызаны) ездзілі па Беларусі, слухалі і запісвалі, каб расказаць свету пра неверагодныя людскія пакуты, неабвержна паказаць, што такое фашызм.

Цяжка вызначыць жанр гэтай кнігі. Гэта і дакументальнае сведчанне, і псіхалагічна дакладная карціна народнай трагедыі, і трывожны звон, які папярэджвае чалавецтва пра небяспеку фашызму. У кнізе закладзены вялікі антываенны зарад, зарад нянавісці да знішчэння чалавека чалавекам. Пасля яе ўсім раманістам, якія будуць пісаць пра вайну, проста будзе ўжо немагчыма «выдумляць» яе.

Шмат, вельмі шмат зроблена Алесем Адамовічам для нашай літаратуры. І гаворыцца гэта не дзеля таго, каб паказытаць яго самалюбства. Не. Яго вопыт, вопыт празаіка і крытыка, шмат у чым памог нашай літаратуры прасунуцца наперад, набыць новыя рысы. А гэта вельмі важна для яе далейшага росту і для росту самога Алеся Адамовіча.

1977

* * *

Гэтымі словамі заканчваўся артыкул. І, можа б, не ўзнікла патрэбы дапаўняць яго, калі б — не дзве яго апошнія працы: «Блакадная кніга», напісаная сумесна з Д. Граніным, і аповесць «Карнікі». Не сказаць пра іх хоць бы коратка — азначала б збядніць творчы набытак пісьменніка.

«Блакадная кніга» — кніга пра пакуты і вынослівасць мірных ленінградцаў, на плечы якіх ляглі ўсе выпрабаванні заціснутага фашысцкай блакадай горада. Тое, што давялося зведаць ім, не давялося зведаць нікому. І ніколі. Смерць воіна можна зразумець — ён воін. А як зразумець смерці жанчын, дзяцей, старых? І самае жахлівае і неадольнае — пакутлівую смерць ад голаду? Можна толькі здзіўляцца мужнасці людзей, якія ў такіх умовах яшчэ заставаліся людзьмі. «Блакадная кніга» — дакументальнае сведчанне гэтаму.

Як сааўтар «Я з вогненнай вёскі...» і «Блакаднай кнігі» і як чалавек, што блізка да сэрца прыняў усе болі і людскія пакуты ў мінулай вайне, Алесь Адамовіч не мог не зрабіць і свайго наступнага кроку — напісання аповесці «Карнікі», аповесці пра злачынствы і злачынцаў. Пры яе з’яўленні сёй-той нават з літаратараў паціскаў плячыма: а ці трэба пісаць твор пра тых, хто сваім падзеннем ператварыўся ў нелюдзяў? На першы погляд, пытанне як бы правамернае. Але толькі на першы погляд. Чытаючы аповесць, паглыбляючыся ў задуму пісьменніка, пачынаеш разумець — трэба было пісаць. І пісаць не толькі для таго, каб паказаць, што тварылі карнікі. Бо, калі б аўтар абмежаваў сябе толькі гэтым, ён нічога б новага не дадаў да ўжо сказанага літаратурай. Ён жа паставіў перад сабой задачу больш складаную, а значыць, і больш адказную: выкрыць ганебную філасофію карнікаў, філасофію здрады і злачынства тых, хто, ратуючы ўласную шкуру, тварыў па загаду акупантаў сваю подлую справу, тварыў, спасылаючыся на тое, што яго, маўляў, змусілі тварыць такое, што ён не хацеў быць катам, што ён спадзяваўся потым замаліць сваё злачынства сумленнай працай. Пісьменнік каменя на камені не пакідае ад гэтай агіднай філасофіі. Здрада, як балота, чым больш стараешся, тым больш яна цябе засмоктвае. На ратунак не спадзявайся. Нявінна пралітая кроў нічым не змываецца. Злачынству няма апраўдання. У гэтым пафас і павучальны сэнс аповесці «Карнікі», у гэтым яе сённяшняя актуальнасць: бо і сёння за амерыканскія долары наёмнікі забіваюць нявінных людзей, руйнуюць і паляць мірныя гарады і сёлы, агнём і бомбамі распраўляюцца з тымі, хто хоча вырвацца з ланцугоў каланіялізму. Аповесць зрывае маскі з тых, хто творыць, і з тых, хто аплочвае забойствы. Яе з’яўленне варта толькі пахвалы.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 253-257
Крыніца: скан