epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Варта пагаварыць...

Дарагая рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва»!

З ахвотаю адказваю на ваша пытанне «Пра што б вы хацелі пачуць з трыбуны пісьменніцкага з’езда і чаму?». Толькі б я гэтае пытанне перайначыў і задаў бы так: пра што, на нашу думку, павінна весціся размова на з’ездзе? Бо ўрэшце на з’езды мы збіраемся не толькі для таго, каб нагадаць, што намі зроблена, а галоўным чынам для таго, каб даць ацэнку зробленаму, яго мастацкай значнасці, каб ведаць, дзе нам спадарожнічаў поспех, а дзе гэтага поспеху не было і чаму? А каб адказаць на такое пытанне, патрэбен грунтоўны ідэйна-мастацкі аналіз, а не толькі тэматычны пералік усяго напісанага паміж з’ездамі. І ў першую чаргу грунтоўны аналіз лепшых твораў, бо толькі яны вызначаюць аблічча літаратуры. Пры такім падыходзе не спатрэбіцца доўгая памінальніца імён, якая нярэдка выклікае ўсмешку, не спатрэбіцца прыдумляць прычыны, каб ахапіць найбольшы лік імён, і асабліва, каб не прапусціць пры пераліку тых, хто хварэе на самалюбства. Літаратуры такая дыпламатыя карысці не прыносіць, хутчэй за ўсё — наадварот, бо, дагаджаючы асобам, мы не паважаем саму літаратуру, не паважаем ужо адным тым, што становімся на такія пазіцыі, пры якіх нярэдка губляюцца і эстэтычныя крытэрыі. А калі і не губляюцца, дык становяцца мяккія, цягучыя, як гума, і з такой амплітудай хістання, што ў яе сектары могуць апынуцца побач з сапраўднымі творамі і творы пасрэдныя, а то і нават шэрыя.

Не скажу, што мы гэтага не бачым і не разумеем. Бачым, разумеем. Нават у вузкім коле сяброў гаворым пра гэта, аднак далей канстатацыі факта ці часовага абурэння ім не ідзём. А з’ява ж застаецца. А, застаўшыся, бывае, і паводзіць сябе не бяскрыўдна. Сёй-той ужо менш за ўсё дбае аб якасці літаратуры, а выкарыстоўвае сваю настырнасць для таго, каб выхапіць на свой пасрэдны твор эталон высокай якасці. У ход пускаюцца сяброўскія сувязі, рэцэнзаванне па прынцыпу: ты будзеш хваліць мяне, а я цябе. І часам дзіву даешся, як хутка некаторыя слабыя творы станоўча рэцэнзуюцца ў друку, а творы, вартыя большай увагі, падоўгу чакаюць сваёй ацэнкі, а бывае, што і зусім не ацэньваюцца, абыходзяцца маўчаннем. Падобная з’ява не мела б месца, калі б заўсёды на сваёй пачэснай варце нядрэмна стаяла наша крытыка, калі б яна ў сваім полі зроку пастаянна трымала не творчасць некалькіх асоб, а ўсю літаратуру, і каб у ацэнках кніг зыходзіла не з таго, на якой службовай лесвіцы знаходзіцца той ці іншы аўтар, а толькі кіруючыся якасцю твора. А то ж нярэдка бывае і такое: адзін і той жа чалавек, пакуль ён радавы літаратар, застаецца па-за ўвагай крытыкі, а варта яму заняць пэўную літаратурную пасаду, як адразу ж у друку адна за адной пачынаюць з’яўляцца хвалебныя рэцэнзіі. Адкуль толькі бярэцца спрыт і ўменне рэцэнзентаў у тых жа самых творах, якія імі замоўчваліся, знаходзіць раней нябачаныя мастацкія вартасці. Глядзіш на такога ўвішніка і думаеш: верыць табе ці не, ёсць у цябе сумленне ці няма, мучылі цябе калі-небудзь пакуты ці не, ці ты, як той бяздушны флюгер, толькі і чакаеш новага подыху ветру, каб тут жа павярнуцца ў яго кірунку. Што ж, флюгер не можа не быць флюгерам. Але не яго ў памочнікі бяруць капітаны, адпраўляючыся ў далёкае плаванне. Бяруць больш надзейнае — компас. Ён, а не флюгер, памагае і ў буры, і ў шторм трымацца правільнага курсу.

Паспяховай хадзе літаратурнага карабля садзейнічае і ўсталяванне шчырай творчай атмасферы, такой атмасферы, пры якой будуць аднолькава прымяняцца высокія патрабаванні як да твораў маладых, так і да твораў старэйшых аўтараў. Літаратура ж не дзеліцца на ўзросты, яна адна. І чытача, які бярэ новую кнігу, не цікавіць, хто яе напісаў — малады ці пажылы аўтар. Ён хоча чытаць сапраўдны твор. Выпрацоўка пачуцця высокай патрабавальнасці да сваёй працы асабліва важна пры выхаванні літаратурнай моладзі — будучыні нашай літаратуры.

Не ведаю, як каго, а мяне апошнім часам крыху здзіўляюць маладыя літаратары, якія вельмі балюча рэагуюць на крытыку. Я разумею боль як рэакцыю на несправядлівую крытыку, крытыку разносную, дзе перакошаны крытэрыі. А за што ж крыўдзіцца на такую крытыку, якая пры разглядзе твайго твора зыходзіць з высокіх крытэрыяў? Хутчэй за ўсё трэба крыўдзіцца за скідку на маладосць, бо ніхто яшчэ са скідкі не стаў багацейшы на поспех, не прыдбаў больш таленту. Ды і само адчуванне, што на цябе глядзяць яшчэ як не на сапраўднага пісьменніка, абражальнае. Маладому літаратару трэба з першых крокаў прывучаць сябе да высокай адказнасці перад чытачом, памятаючы, што вялікая літаратура (а на меншае і прыцэльвацца не варта) лёгка не даецца, што сцвердзіць сябе ты можаш толькі ў тым выпадку, калі зробіш сваю працу лепш, чым да цябе, на больш высокім мастацкім узроўні. А ці багата такіх твораў падаравалі нашаму і ўсесаюзнаму чытачу маладыя літаратары? Пакуль што мне на памяць прыходзіць вельмі таленавітая аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе». Дарэчы, яе адразу ж заўважыла і ўсесаюзная крытыка. А больш пакуль што называць устрымліваюся, каб не заніжаць меркі. Што ж да маладой паэзіі, за якой сачу пільней і ўважлівей, падобнага назваць не магу. Кніг добрых вершаў у перакладзе на рускую мову выйшла нібыта і нямала, але ніводная з іх па сваім грамадскім гучанні не стала прыкметнай вяршыняй на вялікім даляглядзе. Значыць, для заспакаення ў нас няма яшчэ падстаў.

Кепска, калі, перачытваючы ці перапісваючы свой твор, табе нічога не хочацца паправіць, палепшыць, удасканаліць. І яшчэ горш, калі, нечага дасягнуўшы, ты пачынаеш заспакойвацца, асцерагацца вострых праблем, каб, крый божа, не выклікаць чыйго-небудзь незадавальнення. Лічы, што ты ўжо напалову страчаны для літаратуры, што ты ўжо на паўдарозе да забыцця. Не будзеш адкрываць нічога новага — адкрыюць другія. Але ж не цябе, а іх будзе шукаць чытач. Разумею, што быць наперадзе заўсёды цяжэй. Цяжэй ужо хоць бы тым, што новае, востра пададзенае мастаком, асабліва калі гэта тычыцца выкрыцця адмоўных з’яў, не заўсёды сустракаецца з абдымкамі. Найчасцей гэтае новае асцярожнымі рэдактарамі, якія клапоцяцца, каб толькі ім было спакайней, сустракаецца ў штыкі і адхіляецца, зыходзячы з абывацельскага прынцыпу: а нашто мне браць гэты клопат на сваю галаву? Атрымліваецца даволі дзіўны парадокс: чым твор менш востры, тым у яго большы шанц на хутчэйшае надрукаванне. І нікому няўцям, што, кіруючыся меркаваннямі такіх асцярожных рэдактараў, мы міжволі будзем прыніжаць сваю літаратуру да становішча літаратуры правінцыяльнай, няздольнай удзельнічаць у вялікім духоўным жыцці народа.

І яшчэ пра адно, мне думаецца, варта было б грунтоўна пагаварыць на з’ездзе — пра больш шырокі паказ гарадскога жыцця. Сённяшнія гарады — гэта цэнтры прамысловасці, навукі, культуры. Тут рукамі рабочых, розумам вучоных ствараюцца нашы асноўныя матэрыяльныя каштоўнасці. Тут працуе значны атрад творчай інтэлігенцыі. Тут пры вырашэнні важных праблем найчасцей узнікаюць вострыя канфлікты, глыбей праяўляюць сябе характары. Здавалася б, сюды павінны былі б рынуцца літаратары ў пошуках залатаносных жыл. Аднак гэтай творчай ліхаманкі нешта не наглядаецца. Наша літаратура па-ранейшаму сваёй увагай найбольш прыкавана да сяла. Робячы такі закід, я не схільны скіроўваць літаратараў у другую крайнасць. Як рабочы клас, так і калгаснае сялянства маюць роўнае права на ўвагу. Бяда ж заключаецца ў тым, што наша літаратура гэтай роўнасці не мае. Па-ранейшаму яна робіць даволі вялікі перакос у бок вёскі. Гэты перакос тэарэтычна неяк вытлумачыць яшчэ можна (бо ўсё ж большасць беларускіх пісьменнікаў — вяскоўцы), але прыняць яго за норму ні ў якім разе нельга. Бо якая ж гэта норма, калі жыццё паловы народа шырока не трапляе ў аб’ектыў літаратуры?

Звычайна, калі аб гэтым заходзіць гаворка на пісьменніцкіх сходах, мы хапаемся, як за выратавальны круг, за напісанне чарговай кнігі нарысаў пра рабочы клас. Складаем добрыя праспекты, пішам нарысы, нарэшце выпускаем кнігу, а праблемы так і не вырашаем. Нарысам, відаць, яе і не вырашыш. А на большае не хапае ні цярпення, ні глыбокага ведання жыцця, бо гэтага ведання не набудзеш за час кароткіх пабывак на заводзе. Раман вымагае грунтоўнага вывучэння жыцця, засваення пэўнага вопыту і нават, калі хочаце, традыцый. А яны ў нас вельмі бедныя. Дзе ж выйсце? Што ж рабіць? А рабіць, мусіць, трэба адно: або выхаваць літаратараў з рабочага асяроддзя, або накіраваць туды на пэўны час і на пэўную працу добраахвотнікаў з таленавітай моладзі, якім блізкія як завадское жыццё, так і рабочыя праблемы, каб яны сталі не толькі ўдзельнікамі гэтага жыцця, але і яго творцамі. Гэтак будзе больш надзейна. А на першых кроках, можа б, варта пачаць з напісання мастацкіх біяграфій (нешта накшталт серыі «Жыццё выдатных людзей») найбольш цікавых рабочых, чыё жыццё — сведчанне вострых і драматычных канфліктаў часу. Гэтая праца, мне здаецца, дала б нам і пэўны вопыт, і пэўныя поспехі. Тады не такімі цяжкімі здаліся б нам сённяшнія цяжкасці. А яны ўсё ж ёсць. Першую я назваў — адсутнасць належнай практыкі і традыцый. Другая, не менш лёгкая — нераспрацаванасць у нашай літаратуры мовы гараджаніна. Але гэтая цяжкасць не такая ўжо неадольная: большасць жа сённяшніх гараджан — гэта ўчарашнія вяскоўцы. Складанасць будзе заключацца ў тым, каб усё тое новае, што прыйшло ў іх мову з гарадскім жыццём, было натуральна засвоена літаратурай і не вытыркала ў творах, як сухія сукі на дрэве. І тут павінны памагчы нам пісьменніцкае майстэрства і добры мастацкі густ. Ды і самі ж мы не першы год жывём у горадзе і не ўсё нам трэба будзе пачынаць спачатку, ці, як гавораць будаўнікі, з нулявой адзнакі.

І ў заключэнне хочацца сказаць некалькі слоў пра справы на тым участку, дзе нашы поспехі найбольш значныя. Я маю на ўвазе паказ вясковага жыцця. Тут ёсць чым пахваліцца. І пахваліцца галоўным чынам тым, як мы бескампрамісна выкрывалі адмоўную сутнасць уласніцтва. Аднак будзем шчырымі да канца. І прызнаемся: што не толькі ж гэтым вычэрпваецца ўся сукупнасць вясковых праблем.

Неяк пасля вайны падчас адпачынку ў Доме творчасці «Каралішчавічы» мудры Якуб Колас у размове пра вясковыя справы з сумам сказаў і такое: «Не магу ніяк зразумець, што адбылося з селянінам? Даўней за зямлю ён гатовы быў нават чалавека забіць, а цяпер гэтак лёгка пакідае яе і падаецца ў горад. Што здарылася?»

Я пачаў тлумачыць гэта пасляваеннымі цяжкасцямі. Чым вытлумачыць падобнае імкненне сённяшняй моладзі, калі ў калгасе можна зарабіць больш, чым на заводзе? Чым ім знялюбела зямля? Відаць, мы, выдаляючы з душы селяніна ўласніцкія тэндэнцыі, зачапілі і нейкі патрэбны нерв, які нельга было чапаць.

Не бяруся катэгарычна сцвярджаць, так гэта ці не — тут патрэбен усебаковы, грунтоўны сацыяльна-эканамічны і псіхалагічны аналіз,— аднак літаратура павінна задумацца над гэтым. Задумацца і паспрабаваць праз характары калі і не даць поўны адказ, дык хоць праясніць саму праблему.

Як бачыце, я менш за ўсё гаварыў пра літаратурныя поспехі. І не таму, што іх няма. Ёсць — і нямала. Але я лічыў, што перад такім адказным форумам, як з’езд пісьменнікаў, у першую чаргу варта пагаварыць пра тое, што яшчэ вырашана слаба і ад чаго шмат у чым залежыць далейшы рост нашай літаратуры. А яна расце няўхільна — пра гэта сведчыць вялікі прыток маладых літаратурных сіл.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - c. 209-214
Крыніца: скан