epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

«Вавёрчына гора»

Сярод паэтычных твораў для дзяцей асобнае месца ў беларускай літаратуры займае казка Васіля Віткі «Вавёрчына гора». Жанр казкі — не новы для нашай паэзіі. Шырока распрацаваны ён у народнай творчасці. Тым больш складанай была задача паэта: у распрацоўцы жанру не паўтарыць сваіх папярэднікаў, а сказаць сваё слова. І, зазначым адразу, зрабіў ён гэта паспяхова.

Захаваўшы знешнія асаблівасці казкі, Васіль Вітка напоўніў яе канкрэтнымі рэаліямі жыцця. Па іх мы можам дакладна вызначыць, што апісаныя ім падзеі адбываюцца ў пасляваенны час, калі яшчэ скрозь на палях валяліся рэшткі разбітай варожай тэхнікі, як сведчанне тае гераічнае бітвы, якую народ завяршыў слаўнай перамогай. Дасталася яна нялёгка. Аднак вялікае гора, перажытае ў вайне, не прытупіла людскога болю, не зрабіла людзей нячулымі да чужой бяды. Наадварот, загартаваныя мужнасцю, яны сталі больш душэўнымі, чулымі і спагадлівымі. І гэта вельмі хораша паказваецца ў казцы, хоць гаворка ў ёй вядзецца, здавалася б, толькі:

 

Пра Веру-Вавёрачку,

Пра яе гора-горачка,

Пра яе маленькіх дочак,

Пра вавёрчын малаточак,

Пра птушынага пасла —

Даўганосага Бусла,

Пра жыццё-быццё лясное

І яшчэ пра тое-сёе.

 

Вось гэтае «тое-сёе» і складае аснову казкі, яе падтэкст, які вучыць маленькага чытача быць сапраўдным грамадзянінам, чалавекам чулым і ўважлівым да іншых, гатовым, калі каго напаткае няшчасце, адразу прыйсці на дапамогу.

Што ж адбываецца ў казцы? Якое гора ў Веры-Вавёрачкі? Ды самае звычайнае, будзённае:

 

Забалелі ў вавёрачкі зубкі —

Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі.

 

І як ні стараецца радня, што толькі ні робіць, а боль суняць не можа.

 

Прыкладаюць дочкі

Мамачцы прымочкі,

Грэюць унучкі

Бабульцы анучкі.

Яшчэ болей баляць вавёрчыны зубкі —

Не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

 

Застаецца адно: зрабіць вавёрачцы малаток, каб яна магла разбіваць арэшкі. Толькі хто яго зробіць? У сям’і вавёрачак няма каваля. А той, што ёсць, жыве далёка. І вось пра пошукі каваля, пра майстраванне малаточка, пра дастаўку яго хворай вавёрачцы і пра тое, хто і як прымаў у гэтым удзел, і расказваецца далей у казцы. У якасці «герояў» выступаюць лясныя і нелясныя жыхары. Кожны з іх адпаведна сваім магчымасцям стараецца зрабіць пасільнае дабро.

Пры паказе прыроды і ўсяго жывога аўтар карыстаецца дэталямі, узятымі непасрэдна з акаляючай рэчаіснасці. Тут няма ні загадкавых замкаў, ні неверагодных гісторый з рознымі ператварэннямі. Развіццё падзей вельмі імклівае, не загрувашчанае пабочнымі дэталямі, якія не мелі б пэўных адносін да сюжэта. Не злоўжывае аўтар і доўгімі апісаннямі. Галоўнае для яго — дзеянне.

Стрыманы Васіль Вітка і ў апісаннях прыроды, падаючы і іх у выключных і неабходных выпадках. Прырода ў яго казцы толькі часткова з’яўляецца фонам твора. У асноўным яна выконвае службовыя функцыі, патрэбныя для дзеяння. Чырвоныя рабіны, якія напамінаюць сёстрам-вавёрачкам лясны пажар, — не столькі фон прыроды ўвогуле, колькі спосаб адлюстравання ўнутранай трывогі, цяжкасці шляху герояў. Гэта пацвярджаецца і размовай сясцёр-Вавёрачак з Дзятлам — начальнікам тэлеграфа, якому яны расказваюць: «Гэтак мы імчалі, гэтак беглі праз гушчар, праз агонь, праз пажар». Нават паняцце «маланкі», як тэлеграмы, аўтар падае ў звычайным значэнні маланкі як прыроднай з’явы. Пакуль няма навальніцы, Дзяцел не можа даць тэлеграму Кавалю ні Маланкай, ні Громам. Ён адбівае яе кроплямі дажджу, якія капаюць з лістка на лісток пры ўдары Дзятлавай дзюбы аб дрэва. Вельмі ўдала выкарыстоўваецца аўтарам гукавая асацыяцыя. Пры яе дапамозе ствараецца поўнае ўражанне працы тэлеграфа. Дзяцел:

 

Дзюбаю: тук-тук!

Тоўстаю: ток-ток! —

І з лістка

На лісток

Пацёк

Ручаёк...

Бягуць вавёркі дадому

І чуюць,

Як іх тэлеграму

Кроплі друкуюць...

 

Гукавым прыёмам аўтар удала карыстаецца і ў іншых месцах свайго твора. Сёстры-Вавёрачкі, праскочыўшы рабінавы пажар і мінуўшы лясны гушчарнік, натыкаюцца на арэхавае дрэва.

 

А на дрэве — арэхаў, арэхаў!

А спеленеча-ча-ча-чкія,

А жоўценеча-ча-ча-чкія,

А на вяршэча-ча-ча-чку,—

Шкада,

Не ўзялі з сабою

Мяшэчачка.

 

Ужытыя аўтарам азначэнні не толькі характарызуюць найвышэйшую якасць арэхаў, але і ствараюць паўторанымі складамі «ча-ча-чкі» поўную ілюзію таго гуку, які ўзнікае, калі арэшкі ўдараюцца адзін аб адзін.

Сюжэтна казка «Вавёрчына гора» развіваецца такім чынам, што ўвесь час увага чытача трымаецца ў напружанні. Здавалася б, тэлеграма Ворану-кавалю дадзена, ён робіць малаточак — і казцы канец. Не. Аўтар выбірае для паказу падзей больш складаны шлях. Ён прымушае хвалявацца і Каваля, у якога ў гэты час не было патрэбнага жалеза, але і падбіты нямецкі танк «Тыгру»; прымушае прыняць удзел у разборы гэтага танка Мядзведзя, Ваўка, Бабра, Зайцаў, Гусей і Сініц. Нарэшце малаточак для Веры-вавёркі зроблены... І зноў хваляванне: хто і якім чынам яго даставіць? На дапамогу прыходзіць Крот. Ён травянымі вяроўкамі, звітымі зайцамі, завязвае ў лопух малаточак, а Бусел бярэ яго ў дзюбу і лётам дастаўляе Вавёрачцы.

Хоць, як потым высвятляецца, малаточак Веры-вавёрачцы і не спатрэбіўся, бо зубы ў яе перасталі балець, аднак падзеі, пра якія расказана ў казцы, не пакінулі чытача раўнадушным. Яны выклікалі ў яго радасць, абудзілі ў дзіцячай душы пачуцці дружбы, дабраты і спагады, падштурхнулі да праяўлення добрых учынкаў. А гэта ўжо — і нямала для твора.

І яшчэ: «Вавёрчына гора» — удалы прыклад таго, наколькі сучаснае жыццё з усім яго побытам і рэаліямі можа паспяхова заняць месца ў такім жанры, як казка; быць адначасова і казачным і рэальным, такім, якім яно існуе ў сапраўднасці.

1949




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com