epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

«Забыць цябе не маю сілы...»

Гэта словы з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. І ўзяты мной не выпадкова. Імі як не трэба лепш выказаны і мае пачуцці да аўтара. Пры жыцці яго часцей за ўсё называлі дзядзькам Якубам. Паводле народнай традыцыі, бо ў народзе спакон веку старэйшага за сябе інакш і не называлі. А ён быў старэйшы за нас — і на шмат гадоў. Ды, урэшце,— справа і не ў гадах. Яму і самому такім зваротам, відаць, прыемна было адчуць стыхію сялянскага побыту, непаўторнасць і адметнасць таго, што абкружала з маленства і што засталося ў душы назаўсёды.

Аднак для кожнага з нас ён быў жывым класікам. І адно гэта ўзвышала яго над намі, маладымі літаратарамі, з першых хвілін асабістага знаёмства.

А да асабістага знаёмства было — завочнае, па творах, якія ўваходзілі ў нашу свядомасць яшчэ з маленства.

І сёння жыва бачу — хліпае лямпа, нізка звешаная са столі, а за сталом, схіліўшыся над раскрытым падручнікам, мой старэйшы брат у каторы раз паўтарае:

 

Ярка на камінку

Смольны корч палае.

Бацька на калодцы

Лапці выплятае.

 

Гэта ён, вучань, з усёй старанасцю вучыць верш на памяць.

 

Латае халацік

На ўслоне матка:

У школу заўтра пойдзе

Іх сынок Ігнатка.

 

І міжволі ўслед за братам завучаю гэты верш і я.

І здзіўляюся: як яно ўсё правільна, нібы пра нас напісана. І ў нас жа такі камінок. І мой бацька нярэдка пры святле смалякоў узімку пляце лапці. І ўжо здаецца: не Ігнаткаў, а мой бацька, каб падбадзёрыць да навукі кожнага з нас, кажа:

 

А старанны будзеш,

Да навукі здатны,—

Я прадам кароўку

І кажух астатні.

 

І сам сабе прыкідваю: які ж кажух і якую карову будуць прадаваць? Няўжо рагулю? А тут ужо і бацька зацікавіўся вершам:

— Хто ж гэта так складна і праўдзіва напісаў? — пытаецца ў сына.

— Якуб Колас,— адказвае той і працягвае манатонна паўтараць радкі верша.

Тут ужо і мне не ляжыцца на цёплай ляжанцы і таксама вельмі ж хочацца вучыцца ў школе. Толькі вось гады не падышлі. Але ці ж могуць яны быць перашкодай, калі ёсць такое моцнае жаданне? І на наступны год, калі пайшоў «запісвацца» ў школу яшчэ адзін мой брат, слёзна пачаў прасіць маці, каб пусціла і мяне.

— Табе ж яшчэ рана — толькі шэсць год.

Але я ад свайго не адступіўся. Пачаў плакаць. І маці, бачачы, што я не адступлюся, махнула рукой, пагразіўшы:

— Ідзі, ідзі, калі хочаш, каб настаўнік паадрываў вушы і прагнаў са школы.

І хоць страх за вушы непакоіў, аднак у школу я пайшоў. І, на маё шчасце, разам з братам у першы клас «запісалі» і мяне. І нават вушы засталіся цэлыя. Вось так, дзякуючы коласаўскаму вершу, я на два гады раней пачаў вучыцца.

З усіх беларускіх пісьменнікаў, якіх я чытаў у юнацтве, найбольшае ўражанне рабіў на мяне Якуб Колас. Цяпер я разумею чаму. У яго творах вельмі характэрна і маляўніча паказвалася ўсё тое, што акружала мяне з маленства. Нават Сцёпка і Аленка з аповесці «На прасторах жыцця», здавалася, жылі ў нашай вёсцы — я нават мог бы паказаць тую хату, перад якой, каб звярнуць на сябе ўвагу, прагульваўся Сцёпка. А «Новая зямля»!.. Колькі выключна сялянскага ўвасоблена ў ёй. І ў нас раніца ў нядзельку пачыналася так, як апісана ў паэме: і мы, малыя, з цікавасцю наглядалі, як увачавідкі запякаліся на патэльні блінцы, каб потым лавіць іх на ляту, калі скідвала на стол маці... А апісанне Костусевых забаў на рэчцы! А малюнак вяртання статка з пашы! А падгляд пчол! А выбар касы! Колькі ў гэтым тыповага і каларытнага матэрыялу, пільна ўбачанага чэпкім вокам мастака! А з якім замілаваннем і хараством пададзена сама прырода! Якой паэзіяй вее ад сялянскай працы, з якою любоўю гаворыцца аб зямлі-карміліцы! Калі б хто не ведаў аўтара паэмы, сказаў бы, што ўсё гэта напісана чалавекам ад плуга і касы — такой жыццёвай праўдай і разуменнем сялянскай душы вызначаецца кожны радок твора.

І ўсё ж... па культуры пісьма мы пазнаём высокую духоўнасць і адукаванасць аўтара, яго дасведчанасць не толькі ў справах сялянскіх. Ён бачыў свет значна шырэй і далей, чым яго героі. І хоць пазней сваё жыццё аддаў настаўніцкай, а затым літаратурнай працы і навуцы, аднак па-ранейшаму заставаўся адданым зямлі і селяніну. Хай не заўсёды пісаў пра гэта, але ніколі не пераставаў думаць. Ды калі сказаць шчыра, дык у найбольш адказныя моманты — і пісаў. Пісаў, спрабуючы разабрацца ў «крутых» паваротах. Праўда, не заўсёды быў задаволены напісаным, як, скажам, сваім «Адшчапенцам», лічачы, што з затрачанага на пасеў не сабраў і насення.

Прызнанне вельмі крытычнае. Таму міжвольна задаешся пытаннем: як жа так магло здарыцца, што ён, хто меў такі багаты літаратурны вопыт, так глыбока разумеў сялянскую псіхалогію, ды прамахнуўся? Няўжо ён пачаў сеяць, калі яшчэ сама глеба не была сагрэта яго душой? Відаць, так. Таму і прызнаваўся ў сваім праліку. А паправіць яго ўжо не было часу. Пачалася жахлівая вайна з фашызмам. Чатыры гады пакут і разбурэння. А пасля — гады аднаўлення. Не хапала ні сіл, ні людзей, каб у кароткі час прывесці да ладу гаспадарку краіны. Не забудуся, як аднойчы (тады я працаваў карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларусі), сустрэўшы мяне ў Доме друку, ён, хто гэтулькі дабра зрабіў людзям і як паэт, і як народны дэпутат, на гэты раз пажаліўся:

— Быў на Лагойшчыне. Вясна... А ў некаторых калгасах няма чым сеяць. Можа б, вы выступілі ў газеце, каб памаглі людзям?..

І задумаўся. Відаць, адчуваў, што гэтым літаратурная газета займацца не будзе. Аднак трэба было хоць з некім падзяліцца сваімі трывогамі. А яны, вялікія і малыя, ляжалі на яго душы, як тыя каменні, ачышчаць палі ад якіх потым заклікаў сам.

Заўсёды, калі гаворка заходзіла аб зямлі, ён не заставаўся ўбаку, не быў абыякі да лёсу яе працаўнікоў. Памятаю, як на адным з пісьменніцкіх сходаў драматург Андрэй Макаёнак пакрытыкаваў некаторыя негатыўныя моманты ў кіраўніцтве калгасамі. Затым адзін з вельмі адказных работнікаў у сваім выступленні пачаў, мякка кажучы, «журыць» драматурга «за слабае веданне жыцця». Якуб Колас, які ўважліва слухаў выступленне А. Макаёнка, не мог утрымацца і, карыстаючыся правам старшыні і правам заступіцца за пакрыўджанага, з ледзь прыхаванай незадаволенасцю перапыніў прамоўцу:

— Маўчы... Ён трохі лепш за нас ведае калгасныя справы.

Коласаўская рэпліка адразу паставіла ўсё на сваё месца. Абараніла маладога драматурга, а нам паслужыла навукай: гаварыць праўду, якой бы горкай яна ні была.

Ён і сам праз усё жыццё шукаў і змагаўся за народную праўду, змагаўся за тое, каб прыдбаць лепшую долю таму краю, у якім ён нарадзіўся і які да канца жыцця заставаўся яго нязменнай любоўю.

 

Знае толькі бог адзіны,

Як мне любы лугавіны

        І родныя межы,

Стужкі поля і дарогі,

Пустак немыя разлогі

        І курганы-вежы;

Як мне мілы тыя хаты,

Дзе красуе мох калматы

        На старэнькай стрэсе;

Гоман вузкіх ніў у полі,

Скібы жоўтыя і ролі,

        Птушак спеў па лесе.

 

Праз усё жыццё ён цікавіўся працай земляроба, пільна прыглядаўся да тых змен, якія адбываліся на вёсцы. Радаваўся прыходу на палі вялікай тэхнікі — памочніка чалавека ў цяжкай працы. Радаваўся багатым ураджаям, новаму дастатку, які завітваў у калгасныя хаты. І разам з тым не праходзіў міма і пэўных непажаданых з’яў у сельскім жыцці.

За што б ён ні браўся — рабіў з поўнай аддачай сіл, з уласнага вопыту ведаючы, што на агрэхах нічога, апрача пустазелля, не вырастае. Таму да вялікіх і малых спраў ставіўся з аднолькавай сур’ёзнай адказнасцю. Гэта я адчуў, калі трапіў да яго на прыём журналістаў краін народнай дэмакратыі. Па ўсім было відаць, што прыёму ён надаваў важнае значэнне — як-ніяк госці завіталі да яго, і не проста як да звычайнага чалавека, а як да народнага паэта — выяўніка народнай душы, народных звычаяў. І тут нельга было, як кажуць, пляснуцца ў гразь.

Стол быў накрыты з асаблівай стараннасцю. Усяго на ім хапала... А да гэтага яшчэ дадалася беларуская гасціннасць гаспадара.

Адзін за адным гучалі шчырыя тосты за дружбу, за мір, за гераічны і шматпакутны беларускі народ, за яго навуку і культуру, за яго добрасуседства. І па тым, як гэта прамаўлялася, можна было меркаваць: госці вельмі высока ставяцца да народа, яго самаахвярнасці і мужнасці. І, вядома ж... да гаспадара, вялікага паэта.

Застолле было на рэдкасць сардэчнае і сяброўскае. Нарэшце быў абвешчаны перапынак. Усе паўставалі з-за доўгага стала і, утварыўшы некалькі груп, працягвалі шумную гаворку з воклічамі, рогатам і абдымкамі. За сталом заставаліся гаспадар і арганізатар сустрэчы Кузьма Венядзіктавіч. Дзядзька Якуб паклікаў старэйшую з афіцыянтак і папрасіў «паднавіць» стол. Тая, разумеючы, што ад яе патрабуецца, тут жа паспяшалася рабіць адпаведнае «паднаўленне». А да гаспадара нахіліўся Кузьма Венядзіктавіч і на вуха зашаптаў, што, маўляў, было б ужо і досыць, што такія прыёмы за мяжой робяцца куды больш сціпла. Пры гэтых словах гаспадар спахмурнеў, пасуровеў, сваім выглядам даючы зразумець: «Як жа ты не разумееш, што за гэтым прыёмам стаіць не толькі ён, паэт, але і яго краіна». І таму цвёрда і катэгарычна адпарыраваў:

— Тут я гаспадар... Будзе так, як загадана.

І адчувалася, што ён быў гаспадаром не толькі свайго дома. І не толькі гаспадаром, але і ўладаром дум народных, вышэйшай інстанцыяй народнай душы. А сярод нас, літаратараў,— яшчэ і самым высокім аўтарытэтам і сумленнем. Там, дзе прысутнічаў паэт, адпадала ўсё нікчэмнае, дробязнае, абывацельскае, заставалася толькі высокае і чыстае. Любую фальшывасць спапяляў яго мудры, пранізлівы позірк.

І ніколі пры яго жыцці нам і ў галаву не магло прыйсці, што некалі надыдзе час — і мы застанемся без яго. І што нам самім давядзецца многае рашаць, пад многае падстаўляць свае калектыўныя плечы.

І яшчэ пра адно хочацца сказаць, успамінаючы яго жывога. Званне «народны» было гэтак натуральна зліта з яго імем, нібы з такім званнем ён і нарадзіўся, нібы прысваеннем звання была толькі фактычна зафіксавана сама сутнасць яго спраў, яго духоўнай значнасці. Разыходжанняў тут не было ні ў чым. І здавалася, што ён вечна будзе жыць з намі.

І як жа нечакана і балюча разанулі нас кароткія два словы, якія з жалем і горыччу ў голасе, прыйшоўшы ў Саюз пісьменнікаў, вымавіў Пятрусь Броўка:

— Памёр Колас...

І адразу нібы нешта абарвалася ў душы. Пацяклі слёзы... Больш нельга было заставацца тут, калі няма яго...

І вось мы ў тым самым пакоі, дзе прымаў ён замежных журналістаў. Доўгі шырокі стол, прысунуты да сцяны і засланы залацістым кілімам, нагадвае спелую ніву. І на ёй ляжыць ён, Колас... Гледзячы, здаецца, ён, натомлены доўгай працай, прылёг адпачыць і заснуў. Замаўкаем і мы, каб нават паўшэптам не парушыць яго сон. Цяпер ужо — вечны. І толькі ўглядаемся з надзеяй найдаўжэй замацаваць у памяці яго дарагі вобраз.

Сумныя і асірацелыя пакідаем нябожчыка. Па ўсходцах на другі паверх нясуць труну — вечную дамоўку паэта. А на вуліцы, каля варотцаў сядзібы, ужо стаяць жанчыны, некаторыя з дзецьмі на руках... Дачуліся аб яго смерці і прыйшлі — аддаць сваю апошнюю чалавечую павагу.

Ніколі раней не бачыў я, каб на развітанне з паэтам прыходзіла гэтулькі народу. Да Палаца прафсаюзаў, у фае якога была ўстаноўлена труна з целам нябожчыка, праз усю прасторную плошчу вілася доўгая рухомая чарга людзей. Яна з кожнай хвілінай расла. Людзей усё прыбывала і прыбывала. Гэта ўладаром іх душ быў паэт. І ловіш сябе на слове: «Чаму быў?» Ён жа — і застаўся. І не толькі для тых, хто яго асабіста ведаў, але і для тых, хто будзе знаёміцца з ім па яго творах.

Жалобны мітынг адбываўся на перапоўненай людзьмі вялікай плошчы. Гэта былі сапраўды народныя праводзіны свайго паэта ў апошні шлях.

Цяпер я ўжо прыходжу да яго — да бронзавага. І не толькі для таго, каб яшчэ раз паглядзець на яго задуменны твар, але і каб перад ім задумацца самому над сэнсам жыцця, над логікай сваіх паводзін: а ці так мы жывём і працуем, як бы хацеў ён?

Якуб Колас быў не толькі вялікім паэтам, але і вялікім грамадзянінам. У яго кожнаму з нас ёсць чаму вучыцца.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 221-227
Крыніца: скан