epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Запрашэнне да перакладу

Апошнім часам нямала зроблена ў нашай рэспубліцы па вывучэнні жыцця і творчай дзейнасці Максіма Багдановіча. Не аднойчы выдаваліся і яго творы ў арыгінале. Аднак рускі чытач творы нашага выдатнага паэта не можа ацаніць на поўную сілу, бо многія з іх перакладзены не так, як бы хацелася. Асабліва не пашанцавала такім шэдэўрам багдановічаўскай лірыкі, як «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»), «Слуцкія ткачыхі». Верш «Слуцкія ткачыхі» перакладаецца чамусьці не ў той рэдакцыі, якая друкуецца ва ўсіх падручніках і спяваецца, як песня. А ў перакладзе «Раманса» ўвогуле не захаваны формы рыфмоўкі, арыгінальныя паўторы першага і чацвёртага радкоў. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе зборнік М. Багдановіча «Стихотворения», выдадзены ў Маскве выдавецтвам «Художественная литература» ў 1971 годзе.

Творчасць паэта ва ўсёй красе павінна быць данесена і да рускага чытача. Патрэбны новыя пераклады. І зрабіць іх мы можам сіламі тых перакладчыкаў, якія жывуць у рэспубліцы і добра ведаюць нашу мову. Іх пераклады мы маем магчымасць абмеркаваць у сябе на паэтычнай секцыі. Толькі не трэба спяшацца. А на некаторыя творы, вельмі цяжкія для перакладу, як «Слуцкія ткачыхі», «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»), шляхам спаборніцтва паэтаў атрымаць па некалькі перакладаў, апублікаваць іх, каб потым мець магчымасць выбраць лепшыя варыянты, калі не цалкам вершаў, дык — асобных строф, ці нават радкоў, падпісаўшы пад перакладам прозвішчы тых перакладчыкаў, чые радкі ці строфы ўвойдуць у канчатковы варыянт.

Хай гэтае спаборніцтва адбудзецца на старонках нашай газеты «Літаратура і мастацтва» і хай у яго ўключацца тыя паэты, якія стала займаюцца перакладамі.

На першым часе такое спаборніцтва абвясціць толькі на два вершы: «Слуцкія ткачыхі» і «Раманс».

Хоць я і не займаюся перакладамі на рускую мову, але, заклікаючы да спаборніцтва, адважваюся ўключыцца ў яго і сам і прапанаваць свае пераклады. Прапанаваць з адзінай мэтай, каб падахвоціць іншых перакладчыкаў да гэтай пачэснай справы.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 219-220
Крыніца: скан