epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бачыла

Жыццё ў паэзіі

Напэўна, тым, хто не сустракаўся з паэтам, Максім Танк, дзякуючы свайму псеўданіму, уяўляецца суровым, грозным. Дарэчы, такое адчуванне было і ў мяне, пакуль не ўбачыў яго і не пачуў, як ён чытае вершы. А яшчэ больш пераканаўся ў яго чуласці і мяккасці, калі сутыкнуўся з ім на працы ў часопісе «Полымя». Да гэтага я нідзе не адчуваў такой непасрэднасці ва ўзаемаадносінах. Сябе як галоўнага рэдактара ён ніколі і нічым не вылучаў. Вельмі ўважліва выслухоўваў і прыслухоўваўся да думак таварышаў, даваў кожнаму магчымасць выказацца да канца. Ды і паводзіў сябе проста, хоць ужо к гэтаму часу меў высокія званні і высокі аўтарытэт.

Ён не заводзіў асобнага кабінета, рэдка калі сядзеў за сваім рэдактарскім сталом. Звычайна, калі трэба было тэрмінова што-небудзь прачытаць,— садзіўся за доўгі стол без шуфлядаў, прыстаўлены да яго стала, дзе сядзелі і мы,— і чытаў. Рукапісы буйных твораў звычайна браў дадому. Ніколі не хітрыў, калі трэба было гаварыць аўтару ў вочы горкую праўду, не перакладаў усю адказнасць на аддзелы. І ад гэтага яго пісьменніцкі і рэдактарскі аўтарытэт не толькі не зніжаўся, а, наадварот, вырастаў.

Прызнаны паэт, ён вельмі сціплы ў адносінах да ацэнкі сваёй працы. Не дазваляў сабе ніякай палёгкі. У рэдакцыі існавала нават няпісанае правіла, устаноўленае зноў жа самім рэдактарам, не адзначаць ацэначнымі артыкуламі яго творчасць. Адзінае, што дазваляў сабе — гэта друкавацца ў сваім часопісе. Свае юбілейныя даты таксама адзначаў своеасабліва: адпаведна колькасці год даваў у нумар гэтакую ж колькасць сваіх новых вершаў.

Некаторым можа здацца, што такая рэдактарская строгасць да сябе была ўжо і залішняй. Аднак вопыт паказаў, што залішняй яна не была. Усё ж такі мы — жывыя людзі, маем свае слабасці і не заўсёды здольны ўстрымацца ад таго, каб не падліць юбіляру пэўную дозу хвалебнага алею. А ён якраз творцу і не патрэбен. Яму важна ведаць сапраўдную цану зробленаму, бачыць не толькі ўзлёты, але і спады, каб ведаць, чаго асцерагацца ў далейшым. І калі гэта важна для кожнага з нас, дык яно яшчэ больш важна для карысці агульнай справы. Таму М. Танк як рэдактар трымаўся такога парадку: з артыкулаў і рэцэнзій, надрукаваных у часопісе, павінна бачыцца аб’ектыўная карціна развіцця беларускай літаратуры; захвальванне слабых і пасрэдных твораў, няхай і актуальных тэматыкай, толькі расслабляе літаратуру, не загартоўвае яе для штурму сапраўдных творчых вышыняў.

У калектыве рэдакцыі панавала атмасфера поўнай адказнасці кожнага за даручаную справу, даверу кожнаму, незалежна ад займаемай пасады. Нават сам М. Танк пазней, калі быў абраны старшынёй Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, згадваючы доўгія гады працы ў часопісе, з прыемнасцю ўспамінаў тую дружную творчую атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі, тыя шчырыя гаворкі пра літаратараў і літаратуру, якія вяліся тады. І колькі памятаю, ніколі мы не падладжваліся пад аўтарытэты — ацэнка твору давалася паводле яго ідэйнай і мастацкай вартасці.

Адкрыты абмен думкамі вельмі ж спрыяў выпрацоўцы правільнага літаратурнага густу і правільнай арыентацыі ў літаратурным працэсе. Нездарма ў рэдактарскім пакоі, асабліва пад канец працоўнага дня, калі завяршаліся ўсе бягучыя рэдакцыйныя справы, было вельмі людна. Прыходзілі старэйшыя і маладыя літаратары з другіх рэдакцый — і даволі рэгулярна, — як у нейкі літаратурны клуб. А рэдакцыя ў такія хвіліны і сапраўды нагадвала літаратурны клуб, дзе можна было аб усім пагаварыць, пра ўсё даведацца. Душою гэтых гаворак быў, вядома, сам рэдактар. Ён шмат ездзіў па свеце, удзельнічаў у шматлікіх літаратурных і нелітаратурных форумах — і яму было пра што расказаць, як нам, так і маладзейшым таварышам. Ды і самому цікава было паслухаць іх, каб ведаць, якім клопатам жыве літаратурная змена, што новага нясе яна ў літаратуру, бо і вялікія рэкі таму не мялеюць, што ўбіраюць у сябе воды рэк больш меншых.

І вось цяпер, калі ад таго палымянскага часу мяне аддаляе значная колькасць гадоў, я часам не-не ды задам сабе такое пытанне: а што ж пераважала ў ім — рэдактар ці паэт? І, супастаўляючы шматлікія факты, прыходжу да вываду: і на рэдактарскай пасадзе ён заставаўся ўсё ж паэтам, шчырым, адкрытым, але і рэдактар і паэт у ім служылі справядлівасці і дабру.

Уласна такім ён быў заўсёды, з першых крокаў у жыццё і літаратуру, калі яшчэ жыў з працоўнага мазаля і калі нават мазольную працу не так было лёгка знайсці ва ўмовах тагачаснага жыцця на «крэсах усходніх».

«Я доўга шукаў работы,— запісвае ён у 1935 годзе ў сваім дзённіку,— якой бы хапіла мне на 1000 год. Пакуль што такой для мяне з’яўляецца паэзія... Праўда, работа гэта аказалася больш складанай, як я думаў раней».

І складанай не таму, што вымагала карпатлівай, стараннай працы над радком, над вобразам, над страфой. Гэта не палохала паэта. Складанасць заключалася ў тым, каб процістаяць афіцыйнаму націску, шальмаванню тае паэзіі, якая з’яўлялася люстрам жыцця, люстрам народнай душы. Куды лягчэй было тым, хто дагаджаў уладам, хто плыў за літаратурнай «модай», не хацеў бачыць ні сацыяльнай несправядлівасці, ні людскога гора. Але гэта азначала здраду самому сабе. Таму на ўсякія закіды тых, хто вяршыў афіцыйны лёс літаратуры ў буржуазнай Польшчы, паэт адкрыта і недвухсэнсоўна адказваў:

 

Я не магу вас песняй цешыць

З абмытых бурамі эстрад,

Хоць меў бы пенсію штомесяц

  І спакайней бы жыў я шмат...

А так, сягоння я не першы,

Прыйшоўшы змораны дамоў,

Да позняй ночы мыю вершы

Ад вашых пальцаў, ад слядоў.

 

Паэт не спадзяваўся на тое, што лепшае жыццё прыйдзе само сабой, што па нечаму знаку ўсталюецца справядлівасць і людзі вырвуцца з няволі. За ўсё гэта трэба было змагацца, быць гатовым ісці па этапах, сядзець у цёмных халодных карцэрах.

«Яшчэ ніводнага Новага года,— запіша паэт у дзённіку І студзеня 1937 года,— я не сустракаў так, як хацеў бы. Кожны раз Дзед Мароз кладзе пад маю ёлку непрыемныя падарункі — розныя павесткі, акты абвінавачванняў, сумныя лісты і весткі ад сяброў...»

І як бы ні было пакутна яму, ён знаходзіць у сабе сілы не маўчаць.

 

Знаю — нялёгка ў закутай краіне

Выламаць краты і знішчыць астрог.

Толькі каб дзецям сваім не пакінуць

Торбаў жабрачых, этапных дарог.

 

На ўсю моц свайго слова паэт змагаўся з любой несправядлівасцю. Калі адна з рэакцыйных буржуазных газет напісала: «Няма ніякіх беларусаў і іх мовы» — тут жа выкрасаў з сэрца едкі саркастычны адказ:

 

Калі няма на свеце маёй мовы,

Майго народа і мяне самога,—

Дык для каго будуеце, панове,

Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Супроць каго рыхтуеце расправы

І шыбеніцы ўзносіце пад хмары,

Штодня арганізуеце аблавы

І ўсіх арганізуеце жандараў?

Супроць каго рыхтуеце вы змовы

З прадажнымі і юдамі і богам,—

Калі няма на свеце маёй мовы,

Майго народа і мяне самога?

 

Верш прызначаўся для першага зборніка паэта «На этапах». Аднак не быў змешчаны ні ў першым, ні ў наступных зборніках, што выходзілі ў Заходняй Беларусі. Вузкай сеткі цэнзуры не праскочыў не толькі сам верш, але і цэлы зборнік.

«Друкар Багаткевіч, — запіша ў сваім дзённіку паэт 26 ліпеня 1936 года,— пад палой прынёс мне некалькі экземпляраў майго зборніка «На этапах», якія ўдалося яму прыхаваць... І так, мае «На этапах» зноў пайшлі па этапах».

Ад «этапаў» не быў застрахаваны ніводзін яго твор. Кожны дзень паэт мог чакаць вобыску і арышту не толькі сябе, але і вершаў — сведак яго пачуццяў. Даводзілася абачліва ахоўваць і іх. Так, працуючы над вялікай паэмай «Нарач» — пра паўстанне нарачанскіх рыбакоў,— напісаныя часткі ён змушаны быў аддаваць на захаванне ў надзейныя рукі свайго старэйшага таварыша па барацьбе — Рыгора Раманавіча Шырмы.

Паэт і яго творы падзялілі ва ўмовах прыгнёту аднолькавы лёс. Розніца была хіба толькі ў тым, што на творы нельга было надзець наручнікі ці пасадзіць у карцэр. Пра гэта вельмі красамоўна расказваецца ў адным з ранніх вершаў.

 

Як мы пішам?

        Звычайна, паны!

Перапісваем старанна,

Што пісалі на нашых плячах бізуны,

Кулі вашых загоншчыкаў карных.

Верш няроўны.

                Вядома, не раз

Цемнавата пісаць было — краты,

Ды і рукі мазольныя ў нас —

                        Ад плуга,

                                ад касы,

                                        ад варштата.

 

Нават сорамна іх паказаць

Ці лазоваму чорту, ці богу.

Імі толькі кайданы зрываць

І каваць у агні перамогу.

 

І ён каваў гэтую перамогу. Як сын свайго народа, браў на сябе ўсе яго болі і трывогі. Браў па абавязку сэрца, разумеючы, якія перашкоды давядзецца адолець кожнаму праўдзіваму радку, за які:

 

Адны калючымі дратамі

Закратавалі вокны ўчора,

Другія ў цесны панадворак,

Як іншых, сцежкаю глухой

Хацелі весці за сабой.

Усё ў пальцах комкалі каравых,

Што біла ў чорную іх славу

Ці творчым дыхала агнём;

Кідалі пісаным смяццём

У тых, хто чэсным, мужным быў.

 

Жыццё бескампрамісна дзяліла тагачаснае грамадства на два лагеры: на тых, хто змагаўся за народ, і тых, хто процістаяў гераічнаму змаганню.

 

Я ведаю, каму цяпер

Жыццём усхваляваны верш

Гучыць балючым дысанансам,

Чаму расце іх голас часам

Да свісту дзікага і крыку.

Але не вам, глухім музыкам,

Прывыкшым на хаўтурах выць,

Мой вольны голас заглушыць!

 

Не ім, глухім да народнага гора, прызначалася і песня. Яна пісалася для тых, хто ўсяго сябе да астатку аддаваў справядлівай барацьбе.

 

Не стала шмат маіх сяброў.

Адных сляды пясок завеяў

Ці недзе спяць на Пірынеях

Пад белым саванам снягоў:

Другія дзесьці уначы

Драты іржавыя пілуюць,

Як ломяць мур і краты — чую,—

Паўзу і я ім памагчы.

 

А з памяці не выходзяць і яны — каго ўжо няма...

 

Мо я збуджу і тых, што спяць...

А гэтым, пэўна, пакуль выстрал

Сыпне на вочы чорным лістам, —

Паспею песню перадаць!

 

Песню, як надзею, што ахвяры недарэмныя, што ўжо недалёка той дзень, калі на ўсходзе пакажацца Сонца.

І... шчаслівае супадзенне: Сонца вызвалення паказалася якраз у той дзень, калі нарадзіўся і сам паэт — 17 верасня. Гэты дзень стане сімвалам яго новага нараджэння.

 

І песням першы раз сягоння

Такая шыр, такі прастор!

Пяеш, а рэха гулка звоніць

На грані беласнежных гор;

Пяеш над Нёманам — на ўсходзе

Ёй адклікаецца Цянь-Шань,

Яе цалуе сонцам поўдзень,

Калыша хваляй акіян.

 

Праўда, шчасліва спяваць давялося нядоўга. Настаюць чатыры гады суровай вайны з нямецкім фашызмам. Давялося не толькі самому надзець салдацкі шынель, але на ваенны лад настроіць і песню. І яна будзе працягам і завяршэннем той барацьбы, якая пачалася ў юнацтве.

Мільённыя ахвяры, часовая акупацыя роднай зямлі не пахіснуць паэтавай веры ў перамогу. Ён сам стане яе ўдзельнікам і сведкай. У сорак чацвёртым ён увойдзе ў родную сталіцу Мінск... І болем сціснуцца грудзі...

 

Горад мой, горад мой,

Колькі гордых іх, мужных і смелых

Тут лягло пад табой,

На руінах тваіх анямелых? —

Толькі цені ўстаюць —

І цень кожны гаворыць мне імя —

І праз горад ідуць,

І, як Дантэ, іду я за імі...

 

І тое, што ўбачыў у гэтым падарожжы паэт, было «страшней ад усіх падарожжаў у пекла». Адно радавала: у горад уваходзіў з «гулкім громам гармат і абозаў» новы дзень.

 

Гэта — новы прылёт

Птушак з выраю віць свае гнёзды,

Гэта — сонца зварот

На курганы бацькоў, на барозны.

 

Усе свае сілы паэт аддае самаахвярнаму служэнню роднай зямлі. Услаўляе савецкі народ, камуністычную партыю, гераічную працу, песняй умацоўвае дружбу паміж людзьмі і літаратурамі, змагаецца за мір. Аб гэтым — шэсць тамоў яго Збору твораў. Іх разгляд патрабуе асобнай гаворкі. Я ж спыніў увагу пераважна на грамадзянскіх пачуццях — таму і гаварыў пра яго, больш за ўсё, як пра чалавека. Гэтым і закончу артыкул, дадаўшы хіба яшчэ некалькі штрыхоў.

Памятаю, неяк у Карэлічах Максім Танк, Янка Брыль і я ішлі на сустрэчу з чытачамі... І, як заўсёды, адмерваючы шырокія крокі, наперадзе шыбаваў Яўген Іванавіч. І раптам перад ім здзіўлена застывае чалавек:

— Жэнька, ты?!..

Тут ужо і сам «Жэнька» зацікавіўся: хто ж перад ім?

— А помніш,— працягвае сустрэчны,— ты прыносіў нам падпольную літаратуру... А з варотцаў з брэхам кідаўся ў ногі маленькі сабачка...

І паэт успомніў... Па-сяброўску горача абняў таварыша па падпольнай барацьбе, радуючыся, што і ён дажыў да светлага дня.

І на працы і ў абыходжанні Максім Танк заўсёды такі ж просты, як і раней. Вельмі рады, калі да яго заходзяць таварышы: пагаварыць, абмяняцца думкамі. У яго сэрцы жыве неспатоленая прага вечных дарог і пазнання.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Бачыла А. Крыло неспакою. Пошук, роздум, палеміка, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1985. - с. 244-251
Крыніца: скан