Сонца пражыць зямлю,
А над лугам кулік
Просіць, моліць касцоў,
Каб вады не пілі,
Каб вады не пілі
З тых крыніц і азёр,
Дзе сваволяць самы,
Наглытаўшыся зор,
Наглытаўшыся зор
І малых птушанят.
Зоркі выплывуць зноў.
Спадцішка неўпапад
Аж да самых каляд
Сом іх будзе лавіць,
Сом іх будзе лавіць
І шукаць куліка.
Мо таму з берагоў
І выходзіць рака,
І выходзіць рака
На лугі і палі,
Каб далей ад самоў
Птушкі гнёзды вілі,
Птушкі гнёзды вілі
І касцы ў сенакос
Не прасілі мяне,
Каб вады ім прынёс.