epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Адрачэнне

Цябе атрутаю паілі,

Ружанцам рукі табе скруцілі.

Смялей парві ты яго,

не бойся!

М. Танк

 

Стаіць яна кволая ў чорным убранні,

Глядзіць на распяцце і плача.

А побач хлопцы, як дубы на паляне.

Няўжо іх дзяўчына не бачыць?

Старэйшы — яму дзевятнаццаць ад сілы —

Маліўся на стан яе гнуткі, прыгожы.

Чаго ж яна болей у бога прасіла?

Ніхто з пастухоў здагадацца не можа,

Хоць самі не раз каля гэтага крыжа

Шукалі ў малітвах збавення.

Хлапцы анямелі: арліцаю хіжай

Дзяўчо паднялося з каленяў.

Кляштарныя шаты з плячэй яе белых

Ляцяць на касцёр ля пячоры...

І нехта ўжо струны кранае нясмела,

Прыбегшы са скрыпкай у горы.

А мо гэта вецер заблытаўся ў смрэках1

Хай шэпчуць аб дзіўным здарэнні:

Не лёгка святошам сагнуць чалавека,

Хоць ён і ў касцельным адзенні!

1 Смрэкі — яліны (славацк.).


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 65
Крыніца: скан