(жарт)
Прысніўся Зайцу сон:
Нібыта ён у лесе
З ваўкамі ва ўнісон
Дыскантам выў на месяц;
Пасля схапіў дручок
І загадаў латругам
За Грон у кабачок
Ісці слухмяна цугам.
«Мядовачкі на ўсіх!» —
Гукнуў ён зухавата.
«От разышоўся, псіх!» —
Зжахнуўся воўчы тата.
Касы яму на хвост
Крадком насыпаў солі,
Каб не бурчэў, прахвост,
На «рыцараў прыволля».
Няхай і на зайцоў
Менш нападае ў лесе.
А гэтых малайцоў
І без яго павесяць.
Але спярша няхай
Наліжуцца спіртнога,
Каб па дарозе ў рай
Не схрумсталі нікога.
«А ты не прастачок,—
Сказаў карчмар касому,—
Бяры, брат, свой дручок
Ды джгай хутчэй дадому.
Карпацкія ваўкі
Мядоўку п’юць, як чэрці.
Даверышся такім —
Памрэш бясслаўнай смерцю
Касы кіўнуў на лес:
«Там у мяне гарматы!
Усё, што на стале,
Я забяру дахаты.
Хто не дапіў — смалы
Наліжацца за Гронам.
Я не такі малы,
Каб ціха жыць да скону».
Я чую гул з ракі:
Касы заўжды на ўзводзе.
Цяпер усе ваўкі
За ім па струнцы ходзяць.