epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Балада пра «ястрабка»

1
2
3
4
5


1

Хто любіць песні — хай да нас

Хоць на дзянёк прыедзе.

Жывём мы сціпла, без прыкрас,

Гасцюемся ў суседзяў

І самі рады іх заўжды

Сустрэць паклонам нізкім.

Ад нас і ў лес не шмат хады.

Хто рос у ім з калыскі —

Здалёк пачуе, як цяпер

Пяюць над Нёмнам сосны...

Але знайшоўся ж люты звер,

Які знішчаў іх злосна.

Не шанаваў ён і людзей —

Стараўся ўсім нашкодзіць.

Сяляне, сведкі тых падзей,

Ужо з кійкамі ходзяць:

Пакуль наладжвалі жыццё —

Даліся, пастарэлі.

Ды час з іх памяці не сцёр

Гісторыю арцелі.

Вясна, шчабечуць салаўі,

А ім, старым, і сёння

Зямлянкі трызняцца ў гаі

На здзірванелых гонях.

І штаб аховы — свой, лясны,

Для ўсіх адкрыты насцеж.

У сорак пятым да вясны

І я там вокны засціў —

Стаяў на варце каля іх

У бацькавых апорках,

Чуў, як спяваюць салаўі,

І усміхаўся горка.

Зіма халодная была,

І голад даўся ў знакі.

А калі пуста на сталах —

Не ў галаве і птахі...

Хто падмяняў мяне? Хлапчук,

Якога звалі Стасем.

Аб ім і сёння шмат пачуць

Вы можаце ў калгасе.

 

2

Год сорак пяты — Стасеў год.

Вось ён насупіў бровы

І зарываецца ў сумёт

На ўскраіне дубровы.

Сіберны вецер паліць твар,

Сячэ няшчадна рукі.

Не дапамог і шкіпінар,

Нам прывязлі яго з Панар

Якіясьці манюкі.

Стась трэ пальчаткай вушы, нос,

Аб корч малоціць ботам;

Каля Варшавы ж недзе рос,

Там не зіма, а слота.

Была б адліга. А ў мароз

Не соладка хлапчыне,

Але без лаянкі і слёз

Паста ён не пакіне.

Стась запісаўся ў «ястрабкі».

Ёсць і ў яго прычына

Таўчыся з намі ля ракі

За невысокім тынам:

Смерць распісалася на ім

Чаргою з аўтамата.

А ў нас — бярданка на дваіх

І ледзь жывая хата.

На хаце шыльда: «Сельсавет».

Хто быў у Лозках — знае:

На ёй сышоўся клінам свет

У кулака Чмыхрая;

Хай сам сабе цяпер ілжэ:

«Не бойцеся, рабята...»

Нам, «ястрабкам», ён беражэ

Па кулі ў лоб на брата.

Стась для яго — «бяздомны пшэк»,

Я — «бульбаед замошскі».

Здурнеў на старасць чалавек,

Адбіўшыся ад вёскі.

 

3

Сцямнела. Стась паволі сеў

І дрэмле на сумёце.

Не, зноў чупрынаю трасе —

Дрот скручвае на плоце.

Не хоча, жэўжык, марнаваць

На адпачынак часу.

Воўк перабег старую гаць,

Сустрэцца б з ім сам-насам.

Стась аж гарыць — ён ланцугом

Заб’е ваўчыну ў лозах.

Мо хоць пад шкураю яго

Схаваўся б ад марозу.

Падумаць страшна — цэлы год

Мы за парадкам сочым.

Чмыхрай абачлівы, як кот,

Ён ашукаць нас хоча.

Мне нават сальца абяцаў

Падкінуць на каляды,

Ды я — «паршывая аўца» —

Нішчымнай бульбе рады.

І Стась на запяткі не йдзе —

Малы, ды ранні сокал.

Чмыхрай абуў яго, адзеў,

А шкодзіць не ўмалёкаў.

Прамашку нейкую зрабіў.

Стась сярод ночы, голы,

Газоўкай лоб яму разбіў

Ды ўцёк да нас, у школу.

Вось вам і «пшэк»! Адзін сядзеў

Да раніцы на сходах...

Куды ж, скажыце, ксёндз глядзеў?

Стась і Езуса ўходаў —

Збіў яго з крыжа чапялой,

Уз’еўшыся на «пана».

Чмыхрай за божаю спіной

Быў для хлапца тыранам.

Не шмат дасталася і мне

Ад ласкі пана бога,

Лаўлю крупінкі ў чыгуне

І не віню нікога.

Зямлі, абпаленай вайной,

Плуг даражэй за слова,

З трафейнай стрэльбай за спіной

Ляпіў я зруб сасновы.

А маці моўчкі дацямна

На печ мясіла гліну,

Пасля ўздыхала ля гумна

Па клёкаце бусліным.

Ці не таму і на мяне

Напала раптам скруха —

Вастрыў тапор на валуне

І прагна пушчу слухаў.

Жыццё скупілася тады

На мірныя напевы.

Вакол яшчэ курыўся дым

І ўсё кіпела гневам.

Але і песня спакваля

Дужэла ў кожнай вёсцы.

Ніхто ж і дня не прагуляў,

І я ў старой матросцы,

Галодны, босы, да крыві

Панаціраў далоні,

Але душою не крывіў,

Хоць часам і філоніў.

Спытайце ў Стася, колькі ў нас

Было тады запалу.

Няўжо Чмыхрай увесь калгас

Ператаўчэ памалу?

Вунь ён, прыгнуўшыся, пабег

З абрэзам да свіронка.

Пужнулі — пляснуўся на снег

І вые тонка-тонка.

У пастку трапіў, балабон,

А да «сваіх» — далёка...

Цяпер ад злосці трэсне ён

Ля сельсавецкіх вокан.

Чмыхрай спаліў сваё жытло,

На шлях разбою збочыў,

А тут назло яму святло

Блішчыць да позняй ночы.

Усё звячэе, а яно

Для «хлопаў» не пагасне!

Народ за ім, як за сцяной,

Адкіне ўсе напасці.

Дарэмна тужыўся бандзюк —

Верх узяла «галота».

А ён ляжыць, бы той вяпрук,

Каля чужога плота.

З нагой у пастцы. І ніяк

Не ператрэ вяровак.

А на падмогу нават грак

Не прыляціць з дубровы.

Яшчэ хвіліна — і Чмыхрай

Адчуе, што нас мала.

А Стась жартуе: — Не страляй!

Хто ж нам падкіне сала...

 

4

Ноч — вока выкалі. Мароз

Аж да касцей праймае.

Шумяць бярозы. Шмат бяроз.

Мы іх з маленства знаем,

Але ў пацёмках не відаць

Ні тых ствалоў, ні голля.

А за ракой агні гараць

І ў буданах, і ў школе.

Шкада, што хлопцы ўсе ў бары

На нарыхтоўках лесу.

Не турбаваць жа нам старых,

Іх і ў касцёл, на месу,

Цяпер не выпараш, бо снег

Пазасыпаў дарогі.

Хай пагавораць аб вясне,

Спусціўшы з печы ногі...

А з гэтым злыднем, Чмыхраём,

Мы пагамонім самі,

Калі папраўдзе зазлуём

Ды менш баяцца станем.

Чмыхрай пры немцах, бы той князь.

Жыў у цаглянай хаце...

— Дай мне вінтоўку! — кажа Стась.

— А я?

— Ў цябе ёсць маці...

Трымцяць на плоце гарлачы —

Стась пералез у грады.

Падбег да свірна. Адпачыў.

Няма над ім улады.

— Вярніся, Стасік!..

Цішыня.

Злавесная. Пустая.

На ганак выбег старшыня.

— Хто тут крычаў? — пытае.

— Назад! Вяртайцеся назад! —

Гукаю што ёсць сілы,

А сам, як лось, сігаю ў сад.

Ноч там сваё зрабіла —

Чмыхрай ужо каля гумна

Туляецца ад Стася;

Нага без бота ў лахманах,

Лоб аб пляцень расквасіў.

— Здавайся! — крыкнуў старшыня.

Не, гэта нехта з Лозак

Бандыта ў полі пераняў,

Кулём зляцеўшы з воза.

Чмыхрай рвануў з пляча абрэз.

А стрэльнуў Стась, ад страху,

Пасля адзін, без шапкі, ў лес

Паплёўся, як на плаху.

Карціць, напэўна, закрычаць,

Бо твар закрыў рукамі.

А слёз не трэба пазычаць,

Калі на сэрцы камень.

Што скажуць людзі? Хіба ён

Збіраўся жыць у Лозках?

За польскім войскам наўздагон

Хлапца цягнула з вёскі.

Адзін, без бацькі і братоў,

Ён трапіў на Палессе,

Кару на хлеб над Пінай тоўк,

Шукаў прытулку ў лесе;

Адтуль і ў Лозкі заглядаў —

Прасіў запалак, солі...

І раптам — зноў прыйшла бяда.

А ён жа камсамолец...

 

Куды ж мы дзенем бандзюка?

Больш пан Чмыхрай не ўстане,

Бо ніц з абрэзам у руках

Ляжыць ён на паляне.

Стары накрыў яго мяшком

І выцер рукі снегам.

Не жыў ён, кажа, а трушком,

Як воўк, за намі бегаў.

Начное неба, дрэвы, снег —

Усё ў дзівосным руху.

Гляджу на дзядзьку як у сне,

Скрозь ноч і завіруху.

 

Яшчэ нядаўна ён казаў:

«Мне б толькі вугал з дахам...»

А сёння з намі лёс звязаў

І не дрыжыць ад страху.

— Бяжы пагрэйся ў сельсавет! —

Гудзе стары сярдзіта.—

Ды менш хадзі на галаве.

Ад вас адзін убытак...

 

Пра Чмыхрая ні ён, ні я

Не ўспамінаем болей;

Хіба ён нам які сваяк?

Няхай ляжыць на полі.

Пусты патрон на цаліку

Мне нагадаў пра Стася.

Ды я ўжо ног не валаку,

Убачымся ў калгасе...

 

5

Шмат зім прайшло з тае пары,

І я ўжо не падлетак,

Сам у зачэпіцкім бары

Кірую сельсаветам.

А Стася бачыў толькі раз.

І не паверыў нават,

Што ён тады назад ад нас

Падаўся пад Варшаву.

Чмыхрай забіў у ім вясну

Сваёй сабачай смерцю,

Вачмі, як шабляй, паласнуў,

Перш чым ля ног памерці.

Стась толькі ў сталыя гады

Цяпер папраўдзе рады,

Што першы выстраліў тады

І звёў са свету гада.

Мы летась помнік «ястрабку»

Адкрылі ў школьным парку.

А Стась у родным гарадку

Наладжваў гаспадарку.


1947-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 10-18
Крыніца: скан