epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

«Цягаў і я жывыя сосны ў клець...»

Цягаў і я жывыя сосны ў клець,

Пакуль адна ў руках не застагнала.

«Не хоча ў печы, матухна, гарэць»,—

Сказаў мне бацька і зрабіў цымбалы.

Прайшлі гады,

клець аджыла свой век.

І на цымбалах шмат адмецін часу.

Пад іх напеў я акупантаў сек,

Хадзіў на спеўкі ў дальнія калгасы.

Сябры жартуюць: «Пасівеў ты, брат,

А струны рвеш, не ў прыклад, як малое...»

Рву, бо жыццю і новым песням рад

І не магу забыцца на былое.

А ўсё таму, што некалі вясною

Пачуў той стогн, абронены сасною.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 34
Крыніца: скан