epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Да тых, хто астаўся жывы

Не стойце маўкліва пры нашых магілах!

Мы — песня, якой нават смерць не забіла,

Мы — памяць аб слаўным мінулым краіны,

Што крылы дала нам з размахам арліным,

Мы — дзень ваш сягонняшні, рупны, гарачы,

Якому пад сілу любыя задачы.

Зірніце, якое навокал прыволле!

Народ яго вырваў з крывавай няволі.

Ніхто, нават дзеці, не ведалі страху —

Паролі фашыстаў з-пад роднага даху.

На роднай зямлі, як былінныя воі,

За праўду сваю мы стаялі гарою.

Няхай не заўсёды вятры нам спрыялі.

Няхай не пазбеглі мы страшных баталій —

Зноў сонца праз вокны глядзіць вам у хаты

І хлопцы падснежнікі носяць дзяўчатам.

Мы. бачым і чуем — зямля не пустуе,

І пільна на ёй кожны колас вартуем.

Хто ў брацкай магіле, хто ў бронзе адліты

Стаіць на шляху з галавой непакрытай.

Такая ўжо наша салдацкая доля —

Пастоў гэтых мы не пакінем ніколі...

...Не стойце маўкліва пры нашых магілах,

Мы — песня, якой нават смерць не забіла.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 27
Крыніца: скан