epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Дзень пражыў, а на сэрцы — трывога...

Я — звычайны зямны чалавек.

І зямныя ў мяне патрэбы,

Як карэлыя сосны ў траве,

Як акраец хадзелага хлеба.

Сам жа ў працы яго здабываў,

Век не быў і не буду сугнеем,

Не цураюся песень, віна,

Але жыць за чужое не ўмею.

...Нехта збіў на іржышчы асот.

Для мяне гэта — радасць.

Надвячоркам ля родных варот

Не касцам, дык малым

зраблю задасць

Запрашу іх у бацькаў садок,

Хай латошаць даспелыя слівы.

Цяжка выкінуць з песні радок,

Калі склаў яе нехта шчаслівы,

Калі чыстае неба вакол

І руплівае лета

Каля кожнай страхі частакол

Падпірае гірляндамі кветак.

Я маліўся б на іх прыгажосць

Перад самым маленькім газонам,

Каб жыццё хоць адну маладосць

У прыдачу яшчэ прынясло нам...

Ціха шэпчуцца сосны ў бары.

Ім расці ды расці, хоць ад стомы

Выступае смала на кары,

І старыя карэнні, як гномы,

З-пад ігліцы вылазяць, зірнеш —

Ім таксама хапае работы,

Кожны пнецца на новы рубеж,

Каб не смяглі камлі ад спякоты.

Але ёсць жа яшчэ і напалм

У злачынных руках цемрашалаў.

Кроў людская для іх — капітал.

Для трывог хіба гэтага мала?

 

З аўтаматам на ўпалых грудзях

Плужыць чэзлыя гоні ліванец,

У вачах яго — крыўда і жах:

Люты вораг радзіму тыраніць.

 

Абгарэлаю пальмай вясна

Сохне дзесьці і ў тропіках Чылі.

Марай стаў для аратых праснак.

Іх і з песняй ужо разлучылі.

У фашысцкіх засценках яна

Б’ецца ў страшных пакутах аб краты.

«Марсельезу» пяе Карвалан

І з пагардай цікуе на катаў.

Колькі іх на зямлі, легіён?

А пяюць гэту песню мільёны.

Хіба пойдуць яны на паклон

Да гарыл у армейскіх пагонах?

Віктар Хара, пазбаўлены рук,

Перамог іх звярыную сілу,

«Марсельезу», як бомбу, на брук

З пашчапанай гітараю кінуў...

 

Ціха шэпчуцца сосны ў бары.

Ім расці ды расці, хоць ад стомы

Выступае смала на кары

І вакол яшчэ шмат буралому.

Прычакаюць і пальмы вясны

На бунтарнай зямлі Карвалана,

І народ яго светлыя сны

Пранясе скрозь пакуты і раны.

«Марсельезу» палілі ў агні,

На расстрэл пад штыкамі вадзілі,

А яна між жывых дзень пры дні

За свабоду змагалася ў Чылі.

Шмат абпалін на крылах яе,

І рубцоў, як на пальме той, многа.

...Я звычайны зямны чалавек,

Дзень пражыў, а на сэрцы — трывога...


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 75-77
Крыніца: скан