epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

І шэпчуць цікаўным...

Дунай па дарозе у Чорнае мора

Не раз начаваў, прытаміўшыся,

ў горах.

А следам па свеце звінела навіна:

Дунай нагуляў у Славакіі сына.

Паплыў ён за бацькам,

разбойнік,

пустыня,

І зліўся навек з ім на дальняй чужыне.

А маці аб скалы ля Дзівіна б’ецца.

Маравай яе называюць, здаецца.

Дабегла да замка і стогне ад болю.

Навошта ёй тое чужое раздолле?

Дунай спакушае,

ды побач — граніца.

На ёй сустракаецца з ім маладзіца.

Магутныя букі вартуюць іх строга

І шэпчуць цікаўным: «Ідзіце вы з

богам!..»

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Славацкія рэкі — не рэкі, а цуда.

Я ўдзячны ім вечна

за шчодрасць іх буду.

А колькі пачуў я над імі гамонак

Пра мужнасць славакаў

і вернасць іх жонак!

Ды хто ж іх за гэта

адважыцца гудзіць?1

Па рэках мяркуйце, якія там людзі.

1 Гудзіць — дакараць, абгаворваць (дыялект.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 50
Крыніца: скан