epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Я век нічога не спаліў

Я шмат легенд пра Бёрнса чуў

І паўтарыць за ім хачу:

Агню ўсё роўна, дзе гарэць,

Каго і як паліць ці грэць,

Абы вадой не залілі...

Бёрнс век нічога не спаліў,

І я да гэтае пары

Гатоў у дружбе з кожным жыць,

Бо не прывык з агнём дурэць

Ні пад страхой, ні на дварэ...

А сам ужо не раз гарэў,

Гарэў і ад турботы чах.

А слёзы сохлі на вачах,

І рукі самі згарача

Шукалі побач станкача.

Зацішных не было часін.

Агонь я кулямі гасіў,

Каб вораг крыл не распасцёр,

Вайны раздзьмухаўшы касцёр.

Агню ўсё роўна, дзе гарэць...

Згарэў мой кут, згарэла клець,

А дуб ля весніц на сяле

Вясною зноў павесялеў.

Над мёртвым друзам, на касцях

Зямля ўзняла яго, як сцяг,

Каб я цераз усе агні

Прынёс хоць хвілю цішыні.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 25-26
Крыніца: скан