epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Карвіга пакідае хутар

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


Ад роднае зямлі, ад гоману бароў...

Я. Колас

 

Налібокі! Налібокі!

Бор стаіць густы, высокі,

Бор заснежаны, калматы.

У бары у гэтым бацька

Елку мне на скрыпку сватаў.

Потым, выпрагшы Гнядога,

Уздыхнуў:

— Карчоў тут многа,

А жывога лесу мала.

Дык навошта, каб спыталі,

Той ляснічы з самапалам?

Граб адсюль паплыў за мора.

Дуб купцы на мэблю мораць,

Рэжуць — цешацца: як сажа!

Дрэва ж, чорнае ад гневу,

Пад смычок спяваць не ляжа.

Асталася нам яліна:

Пан-купец яе пакінуў.

Пень, маўляў, сыры, лядачы.

Але ты пастой, паслухай.

Як яна пяе і плача!

Струмант будзеш мець дзівосны.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

«Хто ты ёсць? — з насмешкай злосна

Шляхцюкі мне ў твар крычалі.—

Пшэстань, хаме, граць!»

А гэта

Ў Налібоках елкі гралі.

Хто ж іх спыніць, крыкне:

досыць?..

Па расе халоднай босы

Бег я ў лес хавацца з дому.

Слухаў там шчыглоў,

з ігліцы

Будаваў палацы гномам,

Каб жылі ў цяпле заўсёды.

Потым ласаваўся мёдам

У паромшчыка Амброжа.

Кожны, хто хадзіў паўз рэчку,

За ягонай агарожай

Мог тады знайсці прытулак.

Чалавек лагодны, чулы,

Ён мяне журыў, як сына,

Напаткаўшы ля прычала

Або ў лесе пад ялінай:

— Ты куды? Ў бары — засада!

І граніца, хлопча, радам.

Не паспееш скокнуць нават,

Як паны цябе спаймаюць

І пацягнуць на заставу.—

А цяпер Амброж жартуе: —

Дзе ж ты быў? Заставу тую

Ў неба мы дымком пусцілі.

Зараз там лясок падняўся,

Малады, у самай сіле,

К сонцу цягнецца ля рэчкі.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Хто ў бары збіраў парэчкі

Або, седзячы на кручы,

З лесарубамі на сплаве

Ля агню сушыў анучы,

Той ахвотна зойдзе ў хату,

Дзе ад новых сцен да латаў,

Як бурштын, зіхціць жывіца.

Колькі звону баравога,

Колькі радасці ў святліцах

Землякоў маіх сягоння!..

А ў бары стальныя коні

След пакінулі глыбокі —

Ў кожнай лунцы па ялінцы...

Налібокі! Налібокі!

 

1

Прынёс Язэп з вайны баян

У рэчмяшку паношаным,

Ў хату кожную зайшоў,

Як госць чаканы, прошаны.

Ён расказваў пра Сталінград

І братні край — Балгарыю,

Як там аднойчы пад баян

Узвод салдат «запарыў» ён,

Каб да Берліна і дамоў

Дарогі не забыліся —

Дзе на кані, дзе пад канём,

Дзе на заморскім «вілісе».

Абы, як кажуць, сухары

Ў дарозе не заплеснелі

Ды каб вярнуўся ў добры час

Салдат дадому з песняю.

А дома хвацкі баяніст —

Як рыба ў ранішняй вадзе;

Ледзь пыл з дарогі атрасе,

Глядзіш — на двор сусед ідзе,

За ім — другі. І ўсё сяло

Ля хаты ўжо збіраецца:

Гвардзейца хоча паглядзець

І запытаць, як маецца.

А пры абставінах такіх

І чарка — рэч не лішняя.

І перакур не грэх зрабіць

На мурагу пад вішнямі.

Калі вакол шумяць сады

Ды калі хата цэлая,

Тады і радасць у людзей,

Як летам вішня спелая.

Па чарцы зробяць, пра жыццё —

Дзе шыецца, дзе порацца —

Дзядзькі з героем-земляком

Уволю нагаворацца.

А пад канец за ўсіх салдат

І вёскі беларускія

Як тупнуць разам гапака,

Лявоніху ці рускага —

Гул аж да Прыпяці ідзе,

За Сож жытамі сцелецца,

І ўся савецкая зямля

Спявае і вяселіцца.

 

Язэп вярнуўся у Рабкі,

Дзе што ні крок, то лужыны.

Ля крайняй хаты дзед сядзеў,

Як пень, глухі, прастуджаны.

Ён цяжка дыхаў і стагнаў,

Успёршыся на мыліцу.

«Паромшчык,— ледзь пазнаў Язэп,

Пачухаўшы патыліцу: —

Аброс шчацінай, пастарэў.

Прытым, напэўна, хворы.

Цікава, што тут пра яго

Калгаснікі гавораць?»

Язэп заходзіў на румок

З пуцёўкаю райкома.

А дзед тым часам занямог,

Сядзіць, маркотны, дома,

Прымкнуўшы браму. І дачка

За свірнам у расадніку

Капала нешта і кляла

Якогасьці асадніка,

Напэўна, мужа. Ён жыве

З Амброжам у разладзе

І ёй, Адары, пагражаў,

Што на ланцуг пасадзіць.

А сёння выбіў ім акно...

Дзед, пэўна, сну не ведае;

Язэпа ўбачыўшы, ажыў:

— Яшчэ мы і не снедалі...

Ды зноў панурыўся. Відаць,

Узважваў слова кожнае.

Раён далёка, а ў Рабках

Сяляне асцярожныя...

У блакаду карнікі не раз

Спаліць іх намагаліся.

Пасля аднекуль, як гракі,

Бандыты пазляталіся.

Праз іх (Язэп нядаўна чуў

У пушчы ад праходжага)

Ксёндз ад касцёла адлучыў

Паромшчыка Амброжага.

Стары нікога не чапаў,

Жыў ціха, без палітыкі,

Ды ўсё ж Амброжага у рай

Анёлы не ўзялі б такім,

Бо ён, вярнуўшыся з ракі,

Сказаў людзям, не тоячы:

— Бяда навісла над сялом —

Вярнуўся войт надоечы.

Збірае хеўру. У вайну

Служыў фашыстам, гадзіна.

І Квапень, зяць мой, ачмурэў —

Жыве па-воўчы, крадзеным.

Набраўся, значыць, ад вайтоў

Ахвоткі на калгаснае...

На бераг вылезлі з кустоў,

Мяне пад ногі пляснулі,

За горла душаць: «Дзе паром?»

Паплыў,— кажу,— шаноўныя.

Рака ў нас, бачыце, як звер,

І беражкі няроўныя...

А сам за кульбу — ды ў сяло.

А каб на вас, праклятыя!

У іншай вёсцы кожны з іх

Сядзеў бы ўжо за кратамі...

— Дзед праўду кажа! — загулі

У тон старому людзі.

Ды ў гэты момант спадцішка

Схапіў яго за грудзі

Самусь Карвіга хутарскі,

Што ў князя быў гароднікам:

— Я, гэта во... Маўчы, Амброж,

Не будзь, шаноўны, зводнікам.

Сам хутка сядзеш за паром —

Пасек без нашай згоды,

Дык адшчапенцам і памрэш,

Крактун сівабароды.

Пры чым тут войт?..— І гэта ўсё? —

Спытаў Амброж з дакорам.—

Ты б нас і з д’яблам памірыў,

Ды на галоўку хворы.

Па справах бачна — не жывеш,

А пераводзіш ежу.

Я ўжо нацешыўся з паноў,

Няхай іх воўк парэжа.

Шукай дурнейшых за сябе

Пры свечках у плебаніі...

 

Баяцца дзеда, як агню,

Ксёндз-пробашч і кампанія.

Вось едзе Квапень, дзедаў зяць,

Гультай і горкі п’яніца;

Нідзе не робіць, абібок,

А спіць да позняй раніцы.

Ён прыпазніўся на імшу

І за шчаку трымаецца:

— Дзе ж пахмяліцца? Зуб шчыміць,

Гуркамі адрыгаецца...—

А фурман (Квапень з тых персон,

Што ні на крок без фурмана)

Ля вёскі спешыўся, крычыць:

— Глянь, васпан, колькі турманаў!

На кожнай хаце — галубы...

— А ў хатах што? Нястача.

Я так мяркую: па Рабках

Бізун шляхецкі плача.—

Сказаўшы гэта, Квапень сеў

Спіною да Гнядога: —

Ты, Франак, тэго...

Не марудзь,

Тут камуністаў многа.

Мой цесць таксама...

Дзед прыціх

На прызбе перад хатаю,

Лягла на мыліцу рука,

Цяжкая, вузлаватая:

— Бог даў мне зяця... Ты ў касцёл?

Маўчыш? — Ён кпліва жмурыцца: —

Па збруі, пане мой, відаць,

Хто тут арол, хто курыца...

Папраў сядзёлку ды кіруй

У брод, што за капліцаю.

Хто ў сорак год святкуе фэст,

Дык і памрэ дурніцаю!..

На возе шэпчуцца: — Бяда,

Ён больш, чым трэба, ведае...

— Вунь,— кажа фурман,— хутарок.

Там сустракаўся з дзедам я,

Чакалі з поля Самуся.

Дзед з ім за праўду сварыцца.

Мы жабравалі, а ў таго

Хлеб недзе ў спратах парыцца.

Самусь... Ого. Ён, гэты смоўж,

Нажыў палац на голадзе.

Я б узарваў яго гняздо,

Каб мог разжыцца толу дзе.

 

Язэп (ён з дзедам дацямна

Курыў у палісадніку)

Пераканаўся, што Самусь

Хоць і не быў ён здраднікам,

Але ад страху ўжо не раз

Маліўся на асаднікаў.

Няўжо ён верыць, што паны

Навек заселі ў пушчы?

Здурнеў, не выстаяў, дзівак,

А быў, як дуб, трывушчы.

Куды ж падацца?

Што рабіць?

Дарожку пакручастую

Карвіга выбраў. А Язэп

З яго дачкою Настаю

Дружыў калісьці. Ды цяпер

Не жыць і ім у згодзе.

Бэз асыпаецца ў палын

Ў Карвігавым гародзе...

Рабкоўцы ведаюць ужо,

Дзе хлеб Карвігаў парыцца.

Аднойчы дзед збіраў грыбы

За грэбляю ля старыцы.

Былога войта ён тады

Праз хмызнякі убачыў

За крок ад сцежкі, з галавой

Схаванага ў ламаччы.

І раптам, кажа, памярцвеў,

Адчуў сябе мурашкаю:

Войт быў з вінтоўкай. Дый рука

У яго, напэўна, цяжкая,

Бо на каленях перад ім

Карвіга ныў з біклагаю.

Стаяў і енчыў: — На, смакчы!..

Я, пане, з гэтай брагаю

Ледзь не наскочыў у бары на аднаго знаёмага.

Рашучы гэты чалавек,

Хоць роду невядомага,

Калгасам будзе кіраваць.

Скуль ён? Мясцовы, пане.

Я за вярсту яго пазнаў.

Да шапкі не дастанеш —

Такі высокі. І ў плячах —

Сажонка з добрым гакам.

Я б, пане, сілы не знайшоў

На гэтага ваяку.

Ён, гэта во... Пакінь ружжо!

Ці нам з усімі біцца?

Вам, кажуць, новая вайна,

А мне зацішак сніцца.

Я, можа, толькі з-за дачкі

Пакуль што не ў калгасе...

Каб хоць малога не было.

Скруцілася Настася!

Язэп...

На войтавых губах

Застыў смяшок злавесны:

— Віншую! Будзеш з ім вісець,

Мякша, аўсянік прэсны!

Па мордзе бачу — страх цябе

Памірыць з мужыкамі.

Ты мог Язэпа задушыць

Уласнымі рукамі...

— Вядома,— згорбіўся Самусь,—

Я б мог... Ды ён, халера,

Зайшоў, на сына паглядзеў

І нават не вячэраў.

Вы ж на паромшчыка якраз

У тую ноч напалі...

Войт адхіснуўся: — Хто напаў?

Мы хутар твой падпалім!..

За што, пытаеш? За язык,

Калі распусціш дужа...

 

Між двух агнёў Самусь жыве.

А ногі ўжо не служаць,

Дык налягае на пяршак;

Сам, праўда, больш гавее,

Затое войту дагадзіў.

І пробашч акасее,

Калі панадзіўся хадзіць

Паўз хутар у капліцу...

Праз іх і Квапень Самусю

Не сват, а чужаніца.

Так дзед мяркуе. І Язэп

Пераканаўся ў гэтым.

Калгасам страшаць Самуся

Бандыты-прайдзісветы.

Пілі на сёмуху ў Збыша,

Што кіраваў брыгадаю.

Войт, налізаўшыся, драмаў,

А пробашч слухаў радыё

І торкаў Квапеня пад бок:

— Пан чуе? Там... за Эльбаю —

Рай для католікаў. А тут...

Самусь — і той са стрэльбаю

Прыбег жытамі да мяне,

Трасецца, носам чмыхае:

«Страляйце самі... Не магу.

Зжывуць са свету, ліха ім.

Паромшчык высачыў мяне,

Я гіну, ў яму падаю...»

А да вайны тут і Самусь

Цвіў, казыраў асадаю...

Дарэчы, з кім яго дачка

Настася мілавалася?

З Язэпам, кажаш?

М-так. А Збыш?

Яму пасагу мала ўсё?

Бог пакарае, пане, вас.

Збыш на багацце моліцца.

Ты п’еш замнога. А Язэп

Грыміць на ўсю ваколіцу.

Самусь, казалі, перад ім

Да ног травою сцелецца.

Спіхне Настасю жабраку

І сам яшчэ ажэніцца...

Слабы католік ён. Раскіс,

Пашкадаваў бязбожніка...

— З Язэпам я пагавару

Без сведак, асцярожненька,—

Надзьмуўся Квапень.— Толькі вы

Дастаньце, ойча... пораху.

Ксёндз зняў навушнікі: — Маўчы!

Ты звар'яцеў. У норах ён,

Што за Рабкамі ў сасняку...

Бог бачыць, тут міліцыя

Да рук прыбрала б спадцішка

І нас, і амуніцыю...

 

2

Высока ў небе — жаўрукі,

А на балоце кулікі

Жыруюць, скачуць ля вады...

З Рабкоў на луг не шмат хады.

Язэп, прысеўшы у цяньку,

Зняў боты: «Можа не ўцяку,

Мо ходу ўжо няма назад,

Дык нехта знойдзе гэты клад...»

Не, ён не хоча паміраць.

Заб’юць? Павесяць? Напляваць!

Ён зноў абуўся. «Дзе ж баян?

Пайду ў Замошша да сялян,

Няхай падсобяць у бядзе».

Язэп устаў. Далей ідзе.

Звіняць у хмарах жаўрукі,

І на балоце кулікі

Жыруюць, скачуць ля вады...

Смялей, Язэп, прыбаў хады!

Амброж паплыў ужо туды

У новай лодцы з вецярком.

А ты забыўся на райком,

Які паслаў цябе ў сяло...

Мо скажаш, часу не было

Пагаварыць вам пра калгас?

Ў Рабках — трывога, сеяць час.

Навошта ж бандзе патураць?

Самусь і той пачаў араць.

Адчуў палёгку чалавек.

Сон не самкнуў яго павек,

Калі за рэчкай у бары

Гулі задорна трактары,

Дзён пяць без продыху запар

Плугамі рэжучы папар.

Войт, кажа, зверам зараве

Ад гулу гэтага ў траве;

Ён і не вылезе з яе,

Калі вакол усё пяе

Й пераліваецца ў красе...

Самусь да Франака падсеў:

— Злуеш?.. Дарэмна. Ты ж мой зяць.

Ару, бо нельга не араць.

Чуў, што галёкае народ?

Выносся ў пушчу, абармот!

Я не хачу, каб кожны хам

Чапляўся тут з-за войта к нам...

Зяць стогне: —Можна ашалець,—

Карвігу цяжка зразумець.

Ў яго натуры — сто натур.

А зяць, насунуўшы каптур,

Нос дагары, як пан, дзярэ: —

Халера вас не пабярэ.

Тут недалёка й да бяды...

Хутчэй, Язэп, прыбаў хады!

...Шасціць, калышацца быльнёг.

Прыўстаў Язэп, не чуе ног.

З ім ноччу Квапень гаварыў.

Сядзелі перад хатаю.

— Зайдзі да пробашча...

— Чаго?

— Любіў цябе, як брата, ён.

— Вам, Квапень, цесна тут?

— Жартуй.

Мы людзі чалавечныя.

Крануць — з накладам адплачу

Тваім сябрам зарэчным я...

— Маім сябрам? — Язэп устаў,

Бялявы твар ягоны

Ад гневу раптам пацямнеў: —

За чаркай самагону

Вы дагаджалі ім, а тут...

Што ж, ваша, Квапень, справа.

Мы закладаем новы лад

І пераможам!

— Брава! —

Падтакнуў Квапень і спытаў,

Прыкрыўшы рот далоняю: —

Выходзіць — шляхту мужыкі

Ў барані рог загоняць.

Перабірайся да мяне.

Адсюль... бліжэй да Насці.

— А што мне Наста?

— От сказаў!

Шляхцянка, ўмее прасці.

Сама, як парабак, арэ,

А клін у іх шырокі.

Вось дзе апора. І парог

У Самуся высокі.

Мой фурман Франак... Я маўчу.

З ім Наста... развядзецца.

Мы ж не чакалі, брат, цябе,

Цяпер гульнём, здаецца.

Каб войт дазволіў, дык і Збыш

Сядзеў бы ціха, можа...

— Маўчы лепш! — зазлаваў Язэп.—

Збыш — ліхадзей!

— А божа,

Кінь ты, Язэпка, жартаваць...

— Тады рыхтуйце брагу.

Аднак маё не прападзе.

Касцьмі, як кажуць, лягу,

А не забудуся на тых,

Хто заадно з ваўкамі.

Павук касцельны нас душыў

Збышовымі рукамі.

Знайшлі Настасі жаніха,

Рабкоўцам — брыгадзіра!

Да ніткі вёску абабраў

Вам, гадам, на мундзіры.

Цяпер прыкінуўся дурным:

— Вы па мяне?.. Браточкі,

Што я, забіў каго? Ёсць бруд,

Дык не вылажу з бочкі.

Вунь і мачалка на цвіку...

Клянуся богам: хамы

Бандыта меліся злавіць,

Ды зблыталі напрамак...

— Пара мне,— Квапень пазяхнуў. —

Збыш — войтава турбота.

А ты, Язэпка, менш брашы,

Калі пажыць ахвота...

 

Пахла грыбамі, бярозавым сокам...

Ёсць у Язэпа сябры ў Налібоках!

Торыў ён смела паўз дрэвы сцяжыну.

Падалі ў мох касцяніка, ажына...

Дзе ж той лужок? Дзе вярба

пакручастая?

Не, не хацеў сустракацца ён з Настаю.

Сумным было б пад вярбой іх спатканне.

Квапень пасунуўся ў лес на змярканні...

 

А да вайны без Язэпа на танцах

Насты ніхто у Замошшы не бачыў.

Дома, на ціхай пасажнай дзялянцы,

Ўпотай яна і цяпер па ім плача.

Быў ён, прынёс падарунак для сына.

Сыну б Язэп і баян свой пакінуў;

Мог ён і сам перабрацца на хутар,

Ўсё б ён аддаў за Настасіны вочы —

Парабкам быць у Карвігі не хоча...

Выпіў бы лепей, здаецца, атруты.

Крочыў хлапец у Замошша дарогаю,

Плакаў баян над начнымі разлогамі.

Плакаў і пеў пра сваё, запаветнае...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Рэчка. Прычал. У трысці,

ледзь прыкметная,

Лодка кагосьці качае на плёсе.

Пошум трывожны ялінаў і сосен.

 

3

Прыгажуняй была Самусёва дачушка.

Ксёндз і той гаварыў ёй аднойчы на вушка:

— Не заседзішся ты, калі будзеш маліцца.

Потым, кажуць, пачаў так старанна галіцца,

Што блішчаў, як гладыш паліваны на тыне,

Твар азызлы яго.

— Пробашч слова закіне,

Дык аддам я дачку за багатага пана,—

Выхваляўся Карвіга, выносіў на ганак

Зэдлік, збан малака ці вішнёвага соку.

Ксёндз насіў галаву, як жарэбчык, высока.

Перад брамай хрысціўся ды голасам строгім

Супакойваў Жучка, каб не цапнуў за ногі:

— Брысь у будку!.. Самусь, заступіся, шаноўны.

З добрай весткай іду, а... гасцінец няроўны.

— Калі ласка. Прашу...

 

Ксёндз узлазіў на ганак:

— Хто тут быў да мяне?

Фурман Квапенеў, Франак?

Слаўны гэта хлапец

І католік сумленны.

— Калі шляхціц, то так...

— Ды не верыш? Дарэмна,—

Ксёндз знімаў капялюш,

Ставіў кульбу ля печы.—

Мусіць, ты дзікуном

І памрэш, чалавеча.

О, і ў хаце каўзель!..

Насця ў клуб падалася?

Я пайду да Збыша...

— Гэты смоўж у калгасе

Нахапаўся дабра

Ды ўжо моліцца богу,

Каб з раёна ў Рабкі

Не прыслалі нікога,—

Гнуўся крукам Самусь,

Наліваючы брагу.—

Я праз Насцю, відаць,

У бальніцу залягу:

Круціць носам, брыда,

Упіраецца, плача...

У мяне ж тут Язэп

Адно лета батрачыў.

І малы ад яго...

— Не журыся, каханы,—

Пробашч з кульбаю зноў

Падаваўся на ганак

І глядзеў з-пад рукі

На калгасныя гоні.—

Што ты скажаш, Самусь,

Калі Квапень сягоння

Пасядзіць у цябе

На гарышчы да ночы?

А не Квапень, дык войт...

— Га? — Самусь аж падскочыў.—

У мяне ж, гэта во...

Частаваць яго нечым.

Хай у лесе сядзіць.

— Дык бывай, чалавеча...

 

Пачарнелі дубы, сад Карвігаў зарос.

Франак неяк да дня збіў палын у пракос.

Цесць, майструючы плот, крэкча, зносіць ламачча.

Толькі Насці ніхто на падворку не бачыў.

Пэўна, недзе сядзіць ужо ў бацькавай хаце,

Баючыся дыхнуць... Каб жыла яе маці

Ды сама менш чаўпла на Язэпа, дурніца,

Жала б сёння яна у калгасе пшаніцу.

 

Эх, Язэп! Дзе ж ты быў, дзе бадзяўся на спаса?

Ці не Квапень цябе затрымаў тады часам?

Ксёндз (Язэп жа ў Рабках замінаў яму дужа)

Пастараўся, каб Франак быў Насціным мужам.

У касцёл не пайшла, дык прымусілі ў хаце

Крыж святы цалаваць. Потым п’яная свацця

Завяла «маладых» на гарышча ў салому:

— Шляхта ў хаце. І ксёндз разваліўся, як дома...

 

Але пробашч уцёк, каб не стрэцца з галотай.

Ў лес пабег. А чаго? Пачаліся грымоты.

Хітры, значыць, як ліс. І рашучы, напэўна,

Калі Насці шаптаў:

— Супакойся, крулеўна!

Вам Язэп не раўня... Бог паслаў табе пана.

Будзеш з Франакам тут мілавацца — і аман!

— У-у, нягоднік! — Самусь замахаў кулакамі.—

Зрэшты... Чорт вас бяры! Маё сэрца не камень.

Я... Вось ліха, сляза! — Ён палез у кішэню.—

Ведай нашых, Язэп! Можа з куляй ажэнім...

Ты ад нас, гэта во... не дажджэшся спагады.

Франак тут навядзе адпаведны парадак...

 

І навёў, бо Самусь сам не свой, небарака.

На вяселлі ён пеў, а сягоння заплакаў —

Франак-зяць павыкідваў у хлеў яго рэчы

І самога спароў, узлаваўшыся, з печы:

— Будзеш шкодзіць людзям — спалю хутар,

і баста!

Адзічэем мы тут.

— Ах ты, злодзей вушасты!

Хутар, кажаш, спалю... І спаліў бы, халера,

Каб я спаў без ружжа і зяцям такім верыў.

Выбірайся адсюль!..

— Памаўчалі б вы, тата!

— А-а, і ты на мяне? А чыя гэта хата?

Ну? — стары на дачку замахнуўся, ды Франак

Выгнаў цесця свайго са святліцы на ганак.

 

4

Вечар. Гулянне. А Наста ў Амброжа

Сохне, падпёршы плячом агарожу.

Сёння паромшчык панам не патрэбны.

Пробашч па дзедавай хаце «малебны»

Ўпотай ужо адслужыў, бо згарэла...

А комін тарчыць, і расаднік той цэлы.

Дзед не здаецца: навесіў вароты.

Свіран накрыў, абсадзіў жываплотам.

Дзед перабраўся ў Замошша часова.

Коні пасе. «Будзем,— кажа,— здаровы,

Зноў прыплыву ладкаваць пераправу».

Ёсць у яго і да Квапеня справа.

Квапень дачку яго выгнаў, Адару,—

Помсціць, «усклаў» на паромшчыка «кару»...

— Мо памагчы вам? — пытае Настася.

— Э-э... Ты ж ад нас, пане мой, адраклася,—

Буркнуў Амброж і, насупіўшы бровы,

Лапіць каптан.— Я стары, нездаровы,

То... пільнуўся ксяндза. Ён хваліўся, пачвара,

Што знайшоў і табе адпаведную пару...

Я б такога ксяндза у цямніцу запякаў.

Праз яго я нажыў сабе зяця-ваяку.

Мне Адары шкада. Думаў — будзе палёгка.—

Дзед Амброж уздыхнуў і з праклёнам завохкаў:

Квапень будзе яшчэ горка плакаць за гэта.

Ветрам, юда, падшыў на дарогу шчыблеты.

Зразумела, бадай?

 

Наста ціха шапнула:

— Зразумела. Чаму ж, Квапень —

Добрая скула,—

І зашылася ў хмель, што чапляўся па тыне...

Квапень пробашча стрыг ў будане пры лучыне.

— Порах, ойча, сыры...

— Супакойся, каханы.

Я ад сотак з цябе браць за порах не стану...

Дзе ж той злыдзень Язэп? Збег у прочкі?

Не веру,

Ты насупраць яго дурань, васпан, цяцера.

Прочкаў зараз няма ў бальшавіцкай краіне

Для такіх, як Язэп. Ён нідзе не загіне,

Калі, васпан, яго не папросіш з калгаса.

Ды глядзі, каб пра нас не дачуліся часам.

Ад Рабкоў у раён — два прывалы ў сталоўках.

Там паромшчык хадзіў. Ён не мае вінтоўкі,

Але дужы і злы на мяне ён, васпане.

Нам бы моцных такіх. Без падтрымкі паўстання

Не раздзьмухаеш тут, бо... Злітуйся, шаноўны!

Што ты робіш? Астрыг, як авечку, няроўна,—

Ксёндз зірнуў у вядро, што стаяла на лаве: —

О, і вуха задзеў!..

— Зараз, ойча, падправім,—

Квапень скінуў пінжак.

— Не турбуйся! Навошта?

Мне ў капліцу пара. А ты зойдзеш на «пошту».

Не ў калгас, а туды,—

ксёндз кіўнуў на балота.—

Толькі стрэльбу вазьмі і гумовыя боты.

Вестак добрых няма трэці месяц ад войта.

Чуеш? — Квапень маўчаў.— Мо, васпане,

ці свой ты?

Мо... Ад бога, сынок, не схаваеш намераў,

Дзе ты лодку падзеў, што стаяла ў аеры?

І вясла там няма. А рака разлілася...

Будзеш, мусіць, і ты завіхацца ў калгасе.

Мо пацягнуць яшчэ да Язэпа ў праўленне.

Кайся, васпан! Вайна — вось дзе наша збавенне.

— Дзеці, ойча, ў мяне, жонка... Каяцца трэба.

Бог напусціць вайну,

ды не дасць яна хлеба.

У калгаснікаў вунь збожжа свіран паўнюткі.

А я... ойца стрыгу, сам аблезлы, галюткі!

Але... я не Самусь. Маё слова — святыня.

Пойдзе з дымам калгас або самі загінем!..

Квапень вывеў ксяндза, пагасіўшы агарак:

— А чаўнок, ойца, тэго... прыбрала Адара.

 

5

Квапень знік.

Амброжа абступілі ўнукі.

Той яму пад ногі, той к яму на рукі:

— Раскажы нам, дзеду, яшчэ тую казку

Пра Шэрага Воўка і казу Алмазку...

Дзед насупіў бровы: — Не да казак, дзеці.

Ліха завялося нейкае на свеце.

Беглі б вы дадому.

— Тата ў прочках, дзеду...

— І няхай. Ёсць маці. А я ў млын паеду...

 

За ракою дзеда напаткала Насця:

— Вы да нас?

— За гонар буду мець, за шчасце,

Калі бацька дома. Хоць пабачу пана.

Што ён — з глузду з’ехаў або, скажам, п’яны?

Хоць бы раз на сонца паказаўся з хаты.

— Хворы ён...

— Якое, мусіць, піў багата!

І зяцёк мой, Квапень, захварэў таксама...

А ты, бачу, плачаш? Выбегла на ганак,

Прыгадала нешта ды клянеш Адару?

— Што вы! Хіба можна? Я аб іншым мару...

Жыць вам у дастатку.

— То-та ж. Але Франка

Мы ў калгас не пусцім. Праз яго, шляхцянка,

Я не спаў вясною, ўсё снаваў па хаце.

Хто яму, пытаю, за падпалы плаціць?

Не, ты не адкажаш. Ты сама ў трывозе...

Я ў ксяндза спытаю. На бандыцкім возе

Ён цяпер, галубка, першы паганяты.

Глядзі, каб і вашай не спалілі хаты,

Франак твой прыкмеціць, што стаіш са мною...

— Франаку таксама жыццё дарагое...

Дзед скрывіўся: — Сціхні!

Не апраўдвай к?та!

Бог адхукаў д’ябла, а той «фігля сплатаў» —

Побач з раем пекла стварыць умалёкаў.

Я хачу, каб людзі мелі тых на воку,

Што сядзяць дагэтуль недзе ў Налібоках...

— Франак вам не вораг. Ён не вінаваты.

Франак сам нядаўна пасварыўся з татам —

Раіў менш бадзяцца з Квапенем у поле...

— Так. А хто з малымі ваяваў у школе?

Хто маёй Адарцы пагражаў у клубе?

Беднякоў, дачушка, кулакі не любяць.

Франак з тваім бацькам трапілі ў балота.

Не вышэй ад жабы тут і Квапень лётаў,

Калі ўжо баіцца высунуцца з лесу.

Не, я не дарую. Я даб’юся крэсу,

Чаму ён дазволіў, каб мяне спалілі.

Сам злаўлю паршыўца. Я ўжо страх асіліў...

 

6

Без мукі няма навукі.

Узяла б Настася дзіцянё на рукі,

Вынесла б за браму — бліжэй да калгаса.

Сумна ёй і страшна ў роднай хаце часам,

Ды Франак заўсёды хмурыцца, сярдуе:

— Хай,— бурчыць,— малога Язэп пашкадуе.—

Папракнеш — за шапку ды цішком у поле.

Хоча жыць асобна — хто ж яго няволіць?

Ёй, Настасі, бацька ў бядзе дапаможа.

А Язэп тым часам і загінуць можа...

Дзе ж той войт пракляты?.. Наста б не маўчала...

Язэп сваё возьме. Ён і ля прычалу,

Выскачыўшы з лодкі, Насту сваю ўбачыў,

Прыгарнуў, пытае: — Ну чаго ты плачаш?

На пінжак, накрыйся. Ды... хадзем да сына.

— Не, ты ўжо, Язэпка, для яго загінуў,—

Горача шапнула ў твар Язэпу Наста: —

Мы цябе чакалі, ўспамінаем часта.

Думалі — паможаш, калі будзе крута.

Для мяне Яноўка — яма, а не хутар...

Колькі ж можна плакаць, сохнуць у трывозе?

Праз цябе, Язэпка, мы і спім на стозе.

Ў хату не пускаюць. Там — грызня ў разгары.

— Дык перабярыся з малым да Адары...

— Ты мяркуеш — можна жыць адной, без мужа?

— Я — твой муж. А Франак — хай з ваўкамі

дружыць!

Нехта свіснуў. Наста ледзь не ўмерла:

— Божа!

Ты ў калгас?.. А вечар гэтакі прыгожы!..

Пробашча сустрэнеш — засланіся веццем.

Ён у іх галоўны. Франака прыкмеціў,

То шаптаўся з бацькам ля гумна да ночы.

Франак ужо змогся, жыць спакойна хоча,

Хоць, каб не забілі, балбатаў старому:

— Накрыем Язэпа сярод ночы дома...

— Чым? Дзіравай кепкай? Смоўж! Чарвяк

свянцоны!

Колькі іх, бандытаў? Сто? А нас — мільёны!

 

Дождж сячэ. Карвіга, адчыніўшы хату,

Выставіў на ганак ежу куранятам,

Каб не моклі ў градах. Курэй ён шкадуе,

А дачку з маленства у страху гадуе.

Дзе ж яна сягоння? Мусіць, у Адары

Каптан цёплы шые або шаравары

Свайму хлапчаняці. Малы — заглядзенне.

І самой Настасі патрэбна адзенне.

Летась крыху прала, але бацька кажа,

Што яму на невад спатрэбіцца пража.

Невадам ён рыбу выбера ў затоне,

Калі хто дадому з рэчкі не прагоніць.

Франак там вясною завіхаўся з толам,

А цяпер баіцца, ходзіць невясёлы.

Следчы ў лес прыехаў. З Амброжам на пару

Ён ужо, напэўна, ўсе кусты абшарыў.

А каля Яноўкі ж луг, як бубен, голы.

Каб хацеў — на рэчку не сунешся з толам.

 

«Члапу-члап»,— Карвіга выглянуў за браму;

Каб не дождж, паплёўся б па тытунь у краму.

Свой яшчэ на градцы, як рута, зялёны.

Трэба на махорку марнаваць талоны,

А іх і на тыдзень часам не хапае.

Пай такі. Карвіга чырвонцы трымае

Ў глыбокай кішэні. Ёсць, маўляў, прычына.

От, каб замест грошай узялі аўчыны,

Што згнілі пад стогам у сырой зямліцы...

Самусь там і збожжа пагнаіў, дурніца!

У сельпо завозяць розныя тавары,

А ён, хутаранін, пра махорку марыць!..

 

Маладзіцы неяк дакаралі Насту:

— Лепш ты ўжо Язэпу сонейка не застуй.

Ты ў сілок улезла, як варона тая.

На дарозе вашай шмат яшчэ праталін.

Абыходзь іх, Наста...

Не ў шляхецтве шчасце.

З павуціння нельга моцных нітак спрасці.

— Хіба ж я...

— Мы чулі. Следчы быў у клубе,

То казаў, што пробашч на ўсю пушчу трубіць:

Наста справядліва бунтам захварэла.

Бачыць бог, цяпер я і душой і целам

Спачуваю гэтай маладой шляхцянцы.

Няхай сабе ходзіць з Язэпам на танцы,

Калі бацька выгнаў з хаты яе мужа

І мне дацінае, называе вужам...

— Хлусіць ён.

— Хто? Следчы?

— Не,— шапнула Наста.—

Следчы за мяне тут заступаўся часта.

А пакрыўдзіў пробашч, як было вяселле.

Святы, а такое пра калгасы меле...

Кулакі трасуцца за свае надзелы.

З імі ўжо не «панна» за сталом сядзела.

Пробашч ведаў гэта, бо шаптаў старому:

— Я ж кажу, схавайся да пары за Нёман...

Бацька скроб відэльцам на стале цырату:

— Глупства, ойча, раіш. Лепш ідзі дахаты...

...Дождж размыў сцяжыны. У бары іх многа.

Наста да Адары бегла пералогам,

Каб хутчэй, і нават ціха напявала.

А назад паўз рэчку крочыла памалу,

Перад брамай моўчкі на валун прысела,

Сумная, без хусткі, у накідцы белай.

Твар схавала ў кветкі, што нарвала ў жыце.

Дзе ж Самусь? Хаця б ён чым яе не выцяў.

Наста ж там, за рэчкай, сёння начавала

І заяву, кажуць, у суд напісала —

Хоча разлучыцца з Франакам, сарока.

Але... ксёндз з іх хаты не спускае вока.

 

7

У Замошшы — гоман: нешта робіць кожан.

— Гэ,— злуе Карвіга.— Нібы той Валожын

Або Навагрудак у мяне пад носам. —

Ён стаіць на ганку ў нагавіцах, босы,

У руках — падушка і кажушак нейкі.

Ноч не спаў — успухлі сінія павекі.

Твар з арліным носам у густой шчаціне

Ад пакут і бруду быў таксама сіні.

Выпіў многа. Пробашч прыбягаў мірыцца

І падсунуў пляшку нейкай чамярыцы;

Потым цокаў:

— Кайся! На Хрыстовы раны,

Бог цябе ад патрэс1 забярэ, каханы,

Калі Наста пікне пра мяне хоць слова.

Праз дачку, васпане, зляціць твая глова.

І Франак таксама хай маўчыць, псяюха!

Ў імя ойца, сына і святога духа...

Я пайду задамі паўз тваім гародзе,—

Скажаш: ксёндз па трэбнік да мяне заходзіў...

— Вон! — Самусь з-пад лавы выцягнуў вяроўку: —

Гэта на выпадак, калі хто ў Яноўку

Сунецца з пагрозай... Ксёндз баіцца? То-та ж.

Насцін лёс — не ваша, а мая турбота!

Ён, Самусь Карвіга, па прывычцы стогне;

Захварэў аднойчы на якісьці вогнік,

Але на палаці не палез валяцца...

Толькі пахмяляўся разоў можа дваццаць.

Потым страшыў кульбай вераб’ёў на тыне

І шаптаў за свірнам пацеры рабіне:

— Я цябе, рабіна, гэта во... не зрэжу,

Ягад тваіх смачных не вазьму на ежу.

Толькі ты злітуйся, пашкадуй старога.

Дай яму на зубы звону баравога.

А цяпер, казалі, праклінае свата —

Хто ж, калі не Квапень, ва ўсім вінаваты?

На свой лад Карвігу навучыў маліцца,

Потым кпіў, нягоднік, з яго ля капліцы.

Дабрадзей знайшоўся! І сваяк, нібыта...

Але хай, як кажуць, будзе шыта-крыта.

— Квапень атрымае за сваё ад Франка,—

Вырашыў Карвіга, лезучы ў альтанку.—

Я,— сказаў ён Насці,— адпачну, дачушка.

Дзе малы? Ў калысцы. Сам яго загушкаў.

Тут...— Самусь надзьмуўся, зноў памацаў карак: —

М-так... Пастой, калючка! Ты была ў Адары?

І Амброж не выгнаў? Хлусіш! Не паверу.

Я дружыў з Амброжам. А цяпер ён зверам

У наш бок, напэўна, косіцца з праўлення.

Праз цябе, Настася, і Язэп Ключэня

Не дае мне ходу, дурыцца, сярдуе,

Быццам я бандытаў сапраўды шкадую...

Бачыў ён Язэпа. Сам ішоў з мяшэчкам,

А Язэп з баянам пераходзіў рэчку.

— Мне ў касцёл...— Карвіга падкасаў калошы.

— А чаму б вам, дзядзька, не зайсці ў Замошша?

З Квапенем мяне вы памірылі б можа?

Дзіўныя вы людзі. Ганарыцца кожан.

— Гэ, а ты, Язэпе, чуў вось пра здарэнне?

Ты жартуеш толькі.— І Самусь з кішэні

Выцягнуў газету: — Подпіс твой?

— Канечна...

— З Квапенем за дружбу піць вам

небяспечна,

Калі ўсіх нас вывеў на чыстую воду.

Брыдка паказацца на вочы народу.

А табе, мяркую, гэта во, не варта

Быць такім, прабач мне, бараном упартым.

Во! — Ён пляснуў вобзем свой мяшок.—

Тут сала!..

— Га? — Язэп здзівіўся.— Адной торбы мала...

— Больш знайду!.. Нам, бачыш, гэта во, задуха.

Мы цябе, мазурык, а ты нас не слухаў —

Выжыў з пушчы войта, бараніў галоту.

Нехта ж вунь і з Настай сустракаўся ўпотай.

Іншы зняў бы шапку...

— Дзядзька, я не Франак!

Гнуўся, біў паклоны, а цяпер не стану.—

Панурыўся хлопец і кіўнуў на боты: —

Абіваць парогаў вашых неахвота.

— Ты ж паляк!..

— Вядома. Чалавек пры гэтым,

Які, дзядзька, ясна бачыць сваю мэту.

Мэта... Войт таксама выстаўляў задачы

І як быццам нешта скрозь пацёмкі бачыў.

А Самусь не бачыць, каб на іх нудота!

Хто ж тады рабкоўцам памагаў употай,

Калі Гітлер вёску абабраў да ніткі?

Хто падсунуў міну пад тыя зеніткі,

Што стаялі ў лозках каля пераправы?

Ёсць, што і не снілі пра такія справы.

А Самусь Карвіга пры кожнай нагодзе

Па сваёй ахвоце акупантам шкодзіў.

Але хто паверыць, што Самусь таксама,

Перш чым злезці з печы, выбіраў напрамак.

Ўнук і той, падросшы, сабярэ манаткі

І ўцячэ, нягодны, к бацьку без аглядкі.

— Што ж, няхай,—

Карвіга зноў пачухаў карак,—

А я застануся на сваіх гектарах.

Хоць не буду сохнуць, як Амброж, без хлеба.

А больш мне, старому, нічога й не трэба.

Вось яшчэ на момант у цяньку прылягу

Ды з малым на поле дам адгэтуль цягу...

 

1 Ад патрэс — на той свет (лацінск.).

8

Лес. Рака. Пад елкай — свежая зямлянка.

Квапень, побач сеўшы, падбухторваў Франка:

— Уложыш Язэпа ды ўцякай за Эльбу...

Вось табе кантычка і новая стрэльба.

Франак пэцкаў сажай твар, узяў біклагу:

— Як пазнаюць — мёртвым ля Замошша

лягу...

Ды ці варта лезці на ражон дарэмна?

Ах ты, хітры зводнік! Баламут нікчэмны!

— Не вурчы, бо... выдам!

— Квапенька, мой любы,

Хто табе дазволіць? От як дам у зубы,—

Агрызнуўся Франак, бліснуўшы вачыма.—

Бандытам зрабілі, нягодным айчымам!..

Што яшчэ? Узняць вам над калгасам хмару?

Я — прымак. Пра хлеб я, пра палёгку марыў.

А цяпер...— Ён сціснуў кулакі.— Балота!

Чарвякі гнілыя, каб на вас грымоты!..

Язэп не забойца. Але з-за Настасі

Сам аб сцены б’ецца і мяне б дубасіў.

Я за Буг падамся...

— Падавайся, проша.

Дасць бог, на граніцы цябе укакошаць.

 

9

...Самусёвы ногі адышлі на сонцы.

Мазалі ён зрэзаў. Ступакі ў суконцы

Сунуў у карыта, памаўчаў і кажа:

— Носам чую — Квапень маё сала смажыў.

А казаў, што Франак, гэта во... ў дастатку;

З сямі печаў хлеб еў, дык махлюе гладка...

З рук ірве! Як ліпу, дагала абшастаў.

Зойдзе ў хату — згрыбчу пад сябе, і баста!..

 

Выйшла Наста. Моўчкі падала малога.

— Гэ! Падрос за лета. А маці, нябога,

Сохне, як былінка... Наста, што з табою?

Адной ў полі цяжка? Здароўе слабое?

Скажы мне, дачушка, ў чым людское шчасце?

Хто ў калгас паверыў, той не пойдзе красці.

Квапень жа звіхнуўся, ён гудзе набожна:

«Нам цяпер, Карвіга, нават красці можна...»

У каго? Навошта? Пры народнай ўладзе

Хто крадзе, той хутка і ў кутузку сядзе.

Зайшла б ты ў праўленне... Не, чакай. Не трэба.

Да зімы, мяркую, у нас хопіць хлеба.

Потым... Дай махорку!..

Дым ад папяросы

Устрывожыў пчолы, і Карвіга, босы,

У адной бялізне, выскачыў за браму.

Лямантуе ў градах сын Язэпаў: — Ма-а-ма!..

 

10

Амброж з дручком, у кажушку

Сядзіць пад кустам на лужку,

Што каля броду. Побач — нож.

Пільнуе некага Амброж.

Сон морыць дзеда — зняў кажух,

Памыўся ў рэчцы, капялюх

На лоб насунуў і гудзе:

— Войт не схаваецца нідзе.

І зяць мой скруціць галаву...

Пайду прылягу на траву,

Пакуль ніхто не выдаў нас.

Дзень ладны выдаўся якраз,

Дык і здрамнуць крыху не грэх.

 

За рэчкай, дзе ні глянь,— начлег

Для падарожніка ў бары.

Ахвота ёсць — грыбы вары

Або, прысеўшы на пяньку,

Глядзі ў агонь ці на раку...

Язэп — той з вудамі сядзеў,

Гладыш з ляшчамі у вадзе

Ледзь не пайшоў было на дно.

І паплаўка ўжо не відно —

Зноў у трывозе старшыня.

Самусь, не злазячы з каня,

Спыніўся побач, у трысці:

— Амброж... тапіцца не пусціў...

Ёсць для такіх, маўляў, астрог.

Мо скажаш, я пярэчыць мог?

Я, голуб, ездзіў да суддзі...

— Чаму ж ён вас не пасадзіў?

Не хоча пэцкацца?

— Маўчы.

І так ад ганьбы не ўцячы...

— Ого! — здзівіўся старшыня.—

А хто Настасю запыняў,

Калі ірвалася да нас?

Я б вам сказаў, ды... снедаць час.

Агеньчык бачыце? Прашу.

 

Самусь падаўся на шашу,

Пусціў Гнядога на папас;

Баіцца ён ісці ў калгас:

Здзічэў на хутары за век.

І Збыш няпэўны чалавек;

З уцёкаў вернецца — глядзі,

Каб нож па тронкі не ўсадзіў

Паміж лапатак з-за вугла.

 

Язэп, падумаўшы, рашыў

Пажыць з дзянёк у шалашы.

Збыш недзе побач. Трэсне сук —

І звер не выкруціцца з рук...

Апроч Язэпа ля ракі

Пад кожным кустам — «рыбакі».

Хто спіць, хто курыць самасад.

Ўсе талакою выйшлі з хат.

Паромшчык цешыцца: — Калгас

Яшчэ не так падружыць нас,—

І, перасеўшы да агню,

Пачаў сароміць старшыню: —

Ты, бачу, дужа падурнеў.

Хто нас, пытаюся, кране?

Збыш? Зяць мой Квапень? Чарвякі!

Мы іх не выпусцім з ракі,

Калі аблепяць наш паром.

Ідзі дадому. Будзе гром.

А я аеру накашу.

І не пярэч, сынок. Прашу...

 

11

Вярнуўся Квапень.— У бары —

Ні войта, ні зямлянак,—

Сказаў ён стомлена ксяндзу: —

Ачысцілі паляну.

 

Ксёндз скочыў з ложка: — Не грашы!

Ты звар’яцеў, шаноўны?!.

Цішэй, васпане, гавары.

Занадта памяркоўны

Быў гэты... як яго... Язэп,—

Ксёндз уступіўся ў шлэбы.—

Ён вас адзін паразганяў?!.

Не раю без патрэбы

Ў Рабках аб гэтым гаварыць.

Не каркай, пане, крукам!

— Збыш, ойча, цэліўся ў яго,

Але дрыжалі рукі,—

Маркотна Квапень загугніў,

Падняўшыся з парога.—

Язэп жа нашых двух забіў

І пакалечыў многа...

Сяляне, значыць, за яго

Цяпер стаяць гарою.

А Збыш тым часам у бары

Аброс, як пень, карою.

Не стала войта, дык і ён

Ад страху сядзе макам.

Самусь падсобіць калі што?

Таксама мне ваяка!

Тфу! — Квапень сплюнуў.— Праз яго

Я выцяў Франка, дурань.

А той нас выдаў і сядзіць

З ружжом у лесе, шкура!

За Буг галюецца ўцячы...

— Цыц! — ксёндз махнуў рукою.—

Ён... сын мой. Толькі ты, мярцвяк,

Мог выдумаць такое! —

І, спахапіўшыся, шапнуў: —

Бог, Квапень, нас карае...

Ідзі здавайся... Не, пастой!

Мы Франка затрымаем.

— Навошта? Франак вас заб’е.

 

Ксёндз пахіснуўся: — Езу!

Стой ля парога і маўчы...

. . . . . . . . . . . . . . .

Апоўначы з абрэзам

Яны зайшлі да Самуся.

Той злез паволі з печы,

Сцягнуў кажушак: — Як жыву?

Хваліцца сёння нечым.

А вы што меліся сказаць?

— Адзенься, выйдзі з хаты!..

Твой зяць застрэліў старшыню,—

Ксёндз, згорблены, цыбаты,

Сказаўшы гэта, застагнаў

І заспяшаўся ў сені.

Рвануў Карвіга з барады

Ссівелай поўсці жменю...

 

12

Лятуць на поўдзень журавы.

Кагаркі, вылезшы з травы,

Малых адводзяць за раку.

Дажджы халодныя сякуць

Вакол плебаніі мурог.

Ксёндз зноў калоціцца: «Мой бог!..»

Чуваць за рэчкай галасы —

Звініць каса, узмах касы.

І грузавік якісь гудзе...

Ксёндз, нібы чапля, па вадзе

Балотам чэша да Збыша.

Чуў — пад аховаю шаша,

На лузе — цёткі сцелюць лён.

Ксёндз гнеўна выціснуў праклён...

Збыш, толькі Збыш яшчэ ў бары!

Зямля пад пробашчам гарыць.

Ёсць на яго сумленні грэх.

Ксёндз ад людзей, ад сына збег...

Мо ўжо ці вернецца ў касцёл,—

Вакол, куды ні глянь — трысцё,

Куп’ё зыбучае ды лес...

. . . . . . . . . . . . . . . .

Паклаўшы шапку на стале,

Амброж развязвае мяшок:

— Вось дзічкі. З пушчы прывалок.

Збыш, праўда, мерыўся не даць,

Але спалохаўся, брыда.

Я б збіў яго на карачы...1

 

Адара хмурыцца: —Маўчы!..

А Наста цешыцца да слёз.

Амброж ёй вестачку прынёс:

«Язэп на попраўцы ляжыць.

Устане хлопец, будзе жыць!..»

* * *

Ноч. Дарога на хутар. Самусь,

крыху п’яны,

Торкаў зяця пад бок: — П-памыліўся ты, Франак,

Што не ўцёк за мяжу. Наста высахла, плача...

— А чаго ёй?

— Маўчы, неданосак сабачы!

Лепш вяртайся назад. Не патрэбен ты дома...

— Квапень выдаў мяне.

— Гэта, зяць, невядома,—

Змрочна буркнуў стары.

Франак чуў яго крокі.

Ён за цесцем ішоў, абшарпаны, высокі.

У руках — карабін не тутэйшае маркі.

— Чуеш, нехта крычыць...

— Гэта, пэўна, кагаркі.

Факт... А Квапень ужо дацінаў мне: «Карвіга,

Эх, і ўпарты ж твой зяць, каб ён ножкамі дрыгаў!

У каго ж ён страляў?..»

— Я? Страляў? Ачмурэлі!

— Цыц! — прыкрыкнуў Самусь.— Ты страляў і

пацэліў.

— У каго?

— Вось яшчэ! У Язэпа. За Насцю.

Ды нам, Франак, не ён, а ты сонейка засціш.

Пробашч, воўк яму сват, быў якраз у Замошшы...

— Хлусіць! Хоча, каб ты не скупіўся на грошы,—

Зноў абурыўся зяць і прыбавіў хады.

— Ты к Язэпу?

— А што?

— Збыш папёрся туды.

— Збыш? Чаго ж ты маўчаў? Пачакай тут хвіліну!

Я паклічу людзей, калі... сам не загіну

Па дарозе ў калгас ад варожае кулі.

— О, ты, Франак, мяне ледзь да слёз не

расчуліў,—

Агрызнуўся Самусь, расхінаючы голле.—

Збыш ізноў, гэта во... тут брыгаду ачоліў.

Гэты знойдзе канцы і збрахне на судзе,

Як і дзе ты з ружжом, мой саколік сядзеў.

Хочаш жыць — уцякай.

— А фальварак? А Насця?

Не, цяпер вы мяне не пазбавіце шчасця...

 

Памаўчалі. З-за хмар месяц глянуў і знік.

Паўз дубняк у Рабкі прагрымеў грузавік.

Гул данёсся адтуль — Франак з месца, як лось,

Ірвануў у кусты.

— Пабаяўся, нябось? —

Засмяяўся стары. Потым ахнуў: — Прахвост!

Дзе ж ты дзеў драбавік? Кінуў, кажаш, пад мост?

Я б яшчэ пачакаў... Чуеш? Лезь у раку!..

 

Франак скінуў штаны: — Годзе, я не ўцяку.

Толькі б следчы хутчэй заглянуў у сяло...

— Лезь! — абурыўся цесць.— Чуеш, зноў загуло!

—Значыць, людзі не спяць...

Вузкаплечы, худы,

Франак доўга тады не вылазіў з вады.

Развіднела. На луг прыляцелі шпакі,

А ён моўчкі на іх паглядзеў з-пад рукі,

Засмяяўся ды зноў, расхінуўшы аер,

Утаропіўся ў дно.

— Ты ім, Франак, не вер...

— Гэтым птушкам?

— Дурны.

Іх — каршун прыбярэ.

Ты падумай пра тых, хто з нас пер'е дзярэ...

Бог забыўся пра нас, а тут, бачыш, кірмаш.

Паляцяць хутары, у тым ліку і наш...

Франак глуха ў адказ: — Адчапіся, стары,

От схавайся за пень ды цішэй гавары.

— Пухнуць вушы?

— Ага.—

Зяць палез у трысцё.—

Ты ж у пробашча быў, а слядоў не зацёр...

Кідай стрэльбу сюды. Так. Цяпер пакажы,

Што ў цябе каля ног у катомцы ляжыць?

— Гэ, а ты жартаўнік! — цесць падаўся назад.—

Ты б мяне, гэта во... задушыць быў бы рад.

Чуў што бокам — маўчы. Пробашч нам не раўня.

Хто ты ёсць перад ім? Вош насупраць каня!

Абадранец!..

— Дык што? Можаш больш не гусці!

Пробашч маці маёй недзе тут, у трысці,

Дротам рукі звязаў і піхнуў у равок...

А мяне суцяшаў: «Бог ласкавы, сынок.

Ён не хоча, каб ты пабіраўся ў Рабках...»

— Шмат,— згадзіўся Самусь. — Але ты не крычы.

Ксёндз таксама не спіць. Ён за намі сачыў...

Адзявайся! — Самусь кінуў Франку штаны.—

Так... А дзе твой мундзір?

— З плеч садралі паны.

Адны, бачыш, рубцы ды кара на спіне...

— Хай іх, сынку, зямля, тых паноў, праглыне!

На,— цесць скінуў пінжак. — Франтам

будзеш, гундцвод.

Тут урваў, там аддаў — вось які мы народ.—

Потым строга шапнуў: — Часу, Франак,

шкада...

Пойдзем, можа, адсюль? Дома стыне яда.

Я ўжо сэрцам адчуў: будзеш жыць у мяне.

Хлопцы ж некага ўчора шукалі ў гумне...

І я ўсё б ім сказаў, ды нязручна было:

Збыш, прыбегшы, забраў іх на сход у сяло.

А яшчэ ён сказаў: «Франка зловім — гамон!

Ён не проста бандыт, а фашысцкі шпіён...»

 

1 Збіць на карачы — даканаць, паставіць на калені.

13

Праўленцы лічаць, колькі хто скасіў.

І жаць пара, а на палях — зацішша...

Цяпер усе гамоняць пра сяўбу.

Ды хто ж такое ў пратакол запіша?

Пярэчыць моладзь: — Мала сто пудоў...

І дзед Амброж загарачыўся: — Мала!

Трэ,— кажа,— так паднаравіць зямлі,

Каб па сто сорак на гектар давала.

— А я кажу, не дасць,— ўзарваўся нечы

бас,—

Тут не Кубань — замнога, васпан, хочаш...

— А каб цябе... — Амброж схаваў кісет

І раптам з кульбай да Збыша падскочыў: —

Прыцёгся сеяць? Дзе ж ты сокал быў?

«Тут не Кубань...» Віншую на пачыне.

Зноў прамахнешся. Выкінься з Рабкоў!

І стрэльбу здай, бо... самасуд учынім.

 

Збыш загрымеў і змоўк — сход хорам заглушыў:

— Не каркай тут... Дзед праўду кажа... Мала!

Мы можам так паднаравіць зямлі,

Каб па сто сорак на гектар давала.

 

14

А Карвіга драмаў, як заўсёды, ў куце.

Зяць, узлёгшы на стол, над блінамі пацеў.

Насця (Франак, мажліва, пакрыўдзіў яе)

Моўчкі з куфра забрала спаднічкі свае

І, аднёсшы ад хаты, схавала пад тынам.

Ах, каб выжыў Язэп ды падумаў пра сына!..

Ля ракі ў хмызняку ўпільнавалі яго.

Збыш імчаўся адтуль з дубальтоўкай бягом.

Насцю ўбачыўшы, сеў, выцер шапкаю пот:

— Бацька дома? Скажы, каб збіраўся на сход.

Там... Маўчы, калі што. У калгасе — грызня.

Я... Куды ж ты? Давай мне, васпані, каня!..

Хочаш — злуй, хочаш — не: Франка зловім —

гамон!..

Слізкі Збыш чалавек. Насця бачыла: ён

Сам ад страху дрыжаў, як асінавы ліст,

Нос уткнуўшы ў каўнер. А яшчэ актывіст!

Не смяшыў бы людзей. Франак — колас пусты...

Ах, каб выжыў Язэп ды каб быў халасты!..

Ёсць, што кпілі з яго: «Наляцеў на ражно!..»

Як сказалі «памрэш», дык заплакаў ажно;

Плашч Адары аддаў: —Апраніся, жанчына,

Я, відаць, сапраўды вас надоўга пакіну...

А рамонак цвіце...— Зноў схапіўся за грудзі: —

Добра, я паляжу... Але сеяць хто будзе?..

 

Ноччу трызніў Язэп — клікаў Насцю, казала,

Нібы тая з яго насміхалася мала.

Як батрачыў у іх, абадраны, галодны...

Прыгадала б — адмовіўся слухаць, нягодны.

— Дрэнна робіш,— шапнуў, калі побач прысела.—

Лепш падай мне каптан. Не пайду ж я ў белым...

— Мог бы дома пабыць...

— Дом, Адара, не ў хаце.

Меў куток я. У ім — толькі печ ды палаці...

Больш не будзем так жыць!

— Ты хвалюешся многа...

— Злосць, Адара, бярэ. Суцяшалі нас богам

І выштурхвалі з хат да паноў у «чваракі».

Мерлі з голаду там беларусы, палякі...

А пры немцах каго тут па вёсках шукалі?

Я ж, уцёкшы з турмы, бушаваў на Падгаллі,

Каб вярнуцца дамоў, як гаворыцца, з песняй.

А яна... Неспакойнае ў нас перадвесне.

— Я... Папраў валасы, бо спадаюць на вочы...

Я хадзіла б на сплаў...

— Там хапае рабочых,—

Запярэчыў Язэп з нейкім дзіўным запалам.—

Наша справа — зямля. А яе тут нямала.

Будуць сеяць — скажы...

І сказала б, канечна.

Ды з Язэпам цяпер гаварыць небяспечна:

Дзе Замошша, а ён, у гарачцы, вядома,

Паскідаўшы бінты, неяк вымкнуўся з дому.

Бегла следам гукнуў: —Не хвалюйся, Адара!..—

А ў Рабках на дзядзькоў наваліўся, як хмара.

— Ты,— сказаў ён Збышу,— не хавайся за дуб.

Падыдзі да мяне, ліхадзей... Душагуб!..

Цесна?.. Горача тут?.. Праваліся ў зямлю!

Час не той... Бандзюкі не растуць на камлю...

Жыў і здохнеш адзін, як чарвяк, у кары.

Хто заўчора ў спіну мне страляў? Гавары!

 

Збыш зашыўся ў натоўп, але цягу не даў:

— Звар’яцеў ён, браты!.. Чалавека шкада!..

— Ясна! — крыкнуў Язэп.— Заўтра склічам

праўленне.

Раскудахтаўся тут... Мы цябе, адшчапенец,

Ў рэчку з хатай піхнём!..

— Супакойся, васпане.

Позна ўжо, лес вакол — пачакаем да рання...

— Хто, пытаю, страляў?

— Хто ж, супернік вашэці.

— Франак?

— То-та ж, браток, але ты не прыкмеціў.

Паўз канюшню ляском уцякаў ён на хутар.

Наконт Франака ты з участковым пагутар...

 

— Гэ,— здзівіўся Амброж і зірнуў на Язэпа: —

Ці не думае Збыш, што нарваўся на кепаў?

Эх ты, вырадак, гад...— Дзед адскочыў ад плота.

 

Даўгавязы, сутулы, ў патрэсканых ботах,

Збыш схапіўся за кол, але ў гэту хвіліну

Нехта збіў яго з ног, а дзед світку накінуў.

— Не краніся! Ляжы! — І паклікаў Адару: —

Можа, скажа, не ён па каморках тут шарыў?

О, і Квапень збялеў... Сып, дачушка, каб чулі!..

Досыць, годзе маўчаць! Ад варожае кулі

Сокал наш...— Дзед устаў, скінуў шапку: —

Клянуся,

Зяць мой Квапень і Збыш з бандзюкамі ў хаўрусе...

Франак, з’еўшы бліны, налягаў на тварог.

Самусь вохкаў: —Хутчэй!.. Пакараў мяне бог.

Кроў псуецца дарма, як ты прагна жуеш.

Я... Ды што гаварыць... З твайго поля кулеш

Ужо з’елі ў Рабках. На дажынках. А ты

З мяне лыка дзярэш і трасешся прытым...

Я б адгэтуль уцёк у лазняк ці куды.

Трэба нешта рабіць. Ты ж яшчэ малады...

Зловяць, кажаш? Не трусь, а трымайся Збыша.

Ён... Пад’еў ты ці не? Тут жа побач шаша,

Людзі ходзяць...

— Няхай,— зяць адсунуўся ў кут,—

Не за тым я прыйшоў, каб заседжвацца тут.

Справа ёсць. Да суддзі...

— Га? — Самусь пабялеў:

Хочаш выдаць каго? Што ж, віншую! Але...

Памаліся раней. Я ўжо бачыў у сне,

Як ты, Франак, вісеў за гумном на сасне.

Для парадку кажу. Я ж табе не чужы...

— Годзе! — Франак устаў. —

Лезь на печ ды ляжы.

 

А Настасі сваё запяклося на сэрцы.

Як і хто будзе жыць у такой паняверцы?

Хутар бацькаў струхнеў, лебядою заплес.

Франак выдасць Збыша і пасунецца ў лес...

«Дажыліся,— стары праклінае жыццё: —

Я б адсюль, гэта во, на край свету уцёк...»

Ён сягоння сцягнуў з варыўні памяло,

Выгнаў з хаты ката, падрамаў за сталом,

Потым Насці сказаў: — Сядзь і слухай, дачка.

Знойдзе нехта пятлю на твайго мужычка.

Зловяць — рук не ламі, а найлепей скажы:

Франак — клопат не мой, ён у нас і не жыў.

 

Я...— стары аж прысеў.— Вон адгэтуль, брыда!

Мы... Не плач, гавару! І мне Франка шкада.

Чужаніца ты нам,— ён устаў з-за стала.—

Зноў, нябось, у Язэпа ў бальніцы была?

Уцякай, калі што, бо замкнецца твой круг.

Франак возьме сваё, гэта вам не пастух.

Чуеш, о! — засіпеў ён сярдзіта і сціх.

Нехта пеў ідучы каля хутара іх:

«Выйшлі ў поле маладзіцы.

Ой, лета, ой лета!

Не хапіла маладзіцам

На вяночкі кветак.

Ой, звязалі сноп пшаніцы,

Брыгадзіра клічуць.

Няма часу брыгадзіру —

Зранку мэндлі лічыць.

Лічыць мэндлі, лічыць копы,

На таку спыніўся:

— Рад бы з вамі на дажынкі,

Ды з падліку збіўся...»

 

Насця выбегла ў сад, у палын, у расу:

— Свята будзе ў Рабках: цёткі пожнік нясуць!..—

Спахапіўшыся, змоўкла, вярнулася ў хату: —

Ах, каб выжыў Язэп ды каб быў нежанаты!..

 

Гарачыўся ён шмат, хваляваўся за вёску,

Не хацеў, каб народ, як раней, на палосках

У нястачы гібеў. З-за Язэпа вясною

Людзі з вёскі Збыша выправаджвалі з боем,

Калі той не пускаў трактарыстаў на схэду.

Сам Язэп у той дзень быў у Квапеня з дзедам

І на хутар зайшоў:

— Трэба сеяць, Карвіга,

А ты парыш зярно...

Самусь сунуў ім хвігу:

— Я на вас не рабіў! — і замкнуўся ў адрыне.

І сягоння ён там прытаіўся за скрыняй.

Насці клопат, туга: злы, ой злы ён, ды... родны...

Павячэраў бы хоць. Не, засне ён галодны,

Калі там, за ракой, пачаліся дажынкі.

Пуста ў скрынях яго. Да апошняй асьмінкі.

Збожжа ў ямах згніло. Толькі соль асталася...

А суседзі яго абжыліся ў калгасе.

Дзед Амброж нездарма узначаліў брыгаду:

Гэты возьме сваё. Мужыкі яму рады.

 

Знешне дзед — хоць бяры ды астуджвай вадою.

Слова скажаш — злуе. Воўчай, кажа, хадою

Не прывык я пятляць, хоць мыляюся часта...

Але, стрэўшыся неяк на выгане з Настай,

Гаварыў, што мяркуе зайсці да Карвігі.

Папракнулі — адцяў:

— Круціць, кажаце, хвігі?

Не паверу. Самусь быў нам сябрам калісьці,

Але пробашч яго да капейкі ачысціў.

Памаглі б вы, хлапцы, заступіліся б, можа.

Хто ж яму, як не мы, у бядзе дапаможа...

Так яно ці інакш, а Карвіга аж плача.

Гараваў пры панах. Што на хутары бачыў?

 

15

Праўда за Амброжам. Тысячу гатоўкай

Вылажыў Карвіга за хутар Яноўку.

А Яноўка тая — клінок поля, хата;

Алавяны Езус на сасне распяты,

Брама, хлеў і нейкі лесаванік1 панскі.

Тарантасік выйшаў з яго элеганцкі.

Выедзе, бывала, у касцёл Карвіга.

А калёсы хорам: «рыгу, рыгу, рыгу» —

Каб у кожнай вёсцы, па ўсёй гміне чулі,

Што Карвіга з возам дзесьці заначуе,

Ледзь не ў самым пекле, стомлены, сярдзіты.

Жонцы скажа:

— Вось што, лепш дамоў ідзі ты.

Мне, прызнацца, трэба на румок — па восі.

Бо, дальбог, струхнелі і падмены просяць...

Крызіс, бачыш, нейкі ахапіў дзяржаву.

— Дык маўчы!

— Вось ліха, хіба я гаркавы!

Вечна ж яна словам пэцкане, як сажай!

Языкоў нам крызіс гэты не завяжа.

Хай наш войт заткнецца! Той, як з куста, трахне:

«Усё добра, людзі!.. Заработкам пахне!

Крочце ў лес за мною...» А чаго — не скажа,

Пакуль з рукава хто пляшку не пакажа.

Тады хусткай вытра нос свой вуграваты,

Захрыпіць:

«Панове, клянуся сенатам!

Спляжаць бор, дый годзе!.. Э-э ды я жартую.

Гандляры нас з вамі ад даўгоў ратуюць».

Брэша, значыць, шэльма! Мне, па меншай меры,

Калі не ў сенаце, то ў Рабках павераць,

Бо гандляр у лесе — пацук у каморы,

Ўсё ён ператрушчыць. Адны мухаморы

Выпнуцца на сонца ад Дзвіны да Буга...

Гандляроў, іх трэба за каўнер — і пугай,

Не, мы не даруем... Я на сплаў паеду!

Без цябе, Ядвіся. Каб ніхто не ведаў,

Чаму плытагоны з Рабкоў ці Зарэчча

Прайдзісветаў розных соснамі калечаць.

Сплаў — не пляж лячэбны з цешчамі ў палатках.

Там свае законы і свае парадкі.

Скінем пень на бераг, паддамо нагамі

І — няма нікога. А гандляр — у яме...

— Ты там быў?

— Мажліва...

— Не смяшы Гнядога! —

Загудзе старая на Карвігу строга.—

Пацеха, дый годзе! Век не быў на сплаве,

Не забіў нікога, а хаўтуры справіў.

Глупства выдумляе. Абібок! Дурыла!..

Я табе, Самуська, ужо гаварыла:

Пільнуй свайго носа. Рад не рад, ды трэба.

Смерць, яна ад бога. Той пасвеціць з неба

Чым-небудзь бліскучым, каб відней, хто з краю,

А яна слухмяна да рук прыбірае

Бедных і багатых. Ксёндз...— Адстань, кабета!

Між ксяндзоў таксама многа прайдзісветаў,—

Адсячэ Карвіга.— Святым усё можна...—

А сам, зняўшы шапку, уздыхне набожна: —

Прашу раз трыццаты і апошні, можа,

Збаў нас, калі можна, ад падаткаў, божа...

— Чмут! — зжахнецца жонка.— Выхрыст!

Гляк! Няўклюда!

Кіруй хоць як трэба...

— Я маліцца буду

Тут, а не ў касцёле. І злаваць не трэба.

Мне відней адгэтуль і зямля і неба.

Будуць ляцець гусі — я гукну ім:

«Гыля!»,

Каб паны па гнёздах шротам не пабілі;

Пастух заіграе пра свой лёс лядачы —

Заадно і я з ім ад душы паплачу;

Паліцэйскі ткнецца, а я ўбачу гада —

Хлопцам, што на сплаве, шапну пра засаду...

 

І шапне. Карвіга — чалавек рашучы.

Крыўда яго з часам і страляць навучыць.

— Но-о! Каштан! Падбіўся?.. Стой, папраўлю

шоры...

І мне, брат, нялёгка,— прабасіць з дакорам

У той бок, дзе жонка. Відаць, меў прычыну.

Прамяняў на ведзьму ён сваю дзяўчыну.

На пасаг пагнаўся. Потым круціў носам:

Ведзьма распанела, а ён голы, босы...

— Божа,— стогне жонка.— Толькі і карысці,

Што вузлы ад пугі аб каня пачысціць...

 

Самусь звядзе бровы: — Кпі, ды ведай меру!

А хто араў поле! Хто пёрся з сякерай

Ажно ў Налібокі па сасну на браму!

Я — мужык твой трэці. Двух паклала ў яму,

Трэці — сам з вусамі... Бачыш мост!

— О Езу!

Дальбог, спіхне ў рэчку... Лепш сама я злезу.

— Злазь...— Карвіга лясне пугаю аб вецце.—

Многа вас, няўдаліц гэтакіх, на свеце... —

Пасля схамянецца: —Прабач за фатыгу...

Адным словам, цяжка зразумець Карвігу

Шляхцюкам, прынамсі, бо гулі: «Бандыта!..»

Але хай, як кажуць, будзе шыта-крыта.

Ці не лепш, пачуўшы падазроны гоман,

Пастаяць у лозках, паглядзець на Нёман!

Там аднойчы жонцы ён шапнуў: — Ядвіся,

Шпарчэй сваім ходам адгэтуль каціся...

Бачыш, о! Лістоўкі...— і саскочыў з воза.—

Дурні, хто ж іх знойдзе пад лісцём у лозах!..

Э-э! — махнуў рукою.— Не мая турбота...

Но-о, Гняды!.. Пажыць, брат, пагуляць ахвота.

Зрэшты... Тпру, нягоднік! Якое ж гулянне,

Калі секвестратар на хутар загляне!..

Ля Рабкоў Карвігу запыняў Амброжы:

— А-а, пан Рыгу-рыгу. Пачакай, а божа,

Што гэта з табою? Твар — як спалатнелы...

— Кінь! — злаваў Карвіга.— Слухаць надаела.

— Каго? Пана войта? Ты не кыш-варона,

І я, трэба думаць, таксама вучоны,

Бачу, нутром чую: прымак у трывозе,

Калі страх у брычцы па ўсёй гміне возіць.

Ці не так сказаў я, га?..

Маўчаў Карвіга.

А калёсы хорам «рыгу, рыгу, рыгу...».

Падумаўшы, пальнуў:

— Быў я ажно ў Клецку.

Дык во нават лапці аб той воск запэцкаў,

Што з грамнічных свечак капаў на падлогу...

І наш пробашч, мусіць, зарабляе многа.

Носімся мы з воскам у касцёл, як пчолы,

Выкладаем грошы, а пан Езус голы.

— Хлусіш! Нутром чую,—

рагатаў Амброжы.—

Хто, скажы, за бога лепш адзецца можа?

— Піць, браток, не трэба...

— Па сабе мяркуеш!

Сплюнь, Самусь, у зелле прымаўку дурную.

Мо шапнеш, як выжыць, калі што вядома?

— Не сярдуй. Амброжы, мне пара дадому,—

Уздыхаў Карвіга па прывычцы ціха,—

Пражывём як-небудзь, прыкупіўшы ліха...

 

І пражыў, хоць доўга яшчэ вохкаць будзе.

Як паноў не стала — акрыялі людзі,

А Самусь тым часам, адчыніўшы дзверы,

Прыхваткам, як кажуць, у хаце вячэраў —

Пільнаваў, каб Наста чаго не забрала.

Сказала ж, што пойдзе. Месца тут ёй мала.

Згарача Карвіга крыкнуў і на ўнука.

А сягоння Насці у акно пастукаў:

— Вось кавалак цукру. Паласуй малога.—

Але ў хаце, мусіць, не было нікога,

Бо сабака рваўся з ланцуга кудысьці.

Уцякла Настася. Хутар бог ачысціў.

Зашчымела сэрца ў Самуся: — Варона,

Хто ж яе прыгорне? Выйшла за шпіёна

Ды хоча, каб людзі яе шанавалі.

Лепш мы гэты хутар, як сметнік, падпалім.

Во! — ён выбіў шыбу.— Навошта мне хата?

І зямлі не трэба. Язэп, чорт лазаты,

Спакусіў, уласціў і мяне, здаецца.

Ўсё ж такі ў калгасе цікавей жывецца.

О, пяюць! — Карвіга выглянуў за браму.—

Не, я не Амброжы. Ў мяне свой напрамак.—

Ён спусціў сабаку: — Брысь, гуляй на волі!

Пасвіць мух куслівых — твая, васпан, доля...

Ў чым, пытаю, шчасце? Дзе апора наша?

Выганю я, мусіць, і каня на пашу.

А што, калі скажуць: «Дзе ты быў учора?

І Каштан твой, бацька, не цягло, а сорам.

Лепш не псуй малюнку... Вон адсюль, шаноўны!»

Язэп да чаго ўжо сціплы, памяркоўны,

А казаў на сходзе, што гэтая паша

Век была і будзе «не твая, а наша»...

Значыць, і Каштан мой людзям не патрэбны?..

Што ж рабіць, каб выжыць? Фундаваць малебны?..

Добра. Зафундую,— вырашыў Карвіга.—

Бегчы клікаць Насту — лішняя фатыга.

З-за мяне, дурніцы, мужыка адшыла

І з Язэпам б’ецца, хоць ён так ёй мілы.

Эхэ-хэ, у хаце толькі печ ды сцены.

Жук і той схаваўся ад мяне пад сена...

 

1 Лесаванік — калёсы з крывулямі для перавозкі лесу.

16

Калгасны дзень, гарачы дзень

Пачаўся яснай раніцай.

Ідуць, грукочуць трактары,

Ажно зямля ўгінаецца!..

А Квапень з дому — нацянькі

Ды ціхенька ў плебанію.

І ўжо сядзіць і слухае

Ксяндзоўскія казані ён

Пра сына блуднага таго,

Пра Магдалену грэшную...

Перажагнаўшыся, жуе

Свянцоную яечню ён.

Яечак, праўда, сам прынёс

Ён з паўкапы ў плебанію,

За гонар лічыцца з ксяндзом

Вадзіць яму кампанію.

Айцец, вядома, недарма

Ля бога аціраецца.

Стары, глядзіш, а за сталом

За двух ён упраўляецца.

А Квапень горбіцца:

— Бяда...

Жыццё — пакута грэшніку.

Пшаніца, ойча, пагніла,

Зарытая ў алешніку...

Айцец жуе сабе, маўчыць,

Усмешкай толькі скаліцца,

Бо што задумана ў яго —

Ён тым тут не пахваліцца.

Недарма ж ксёндз у Рыме быў

І папу, кажуць, бачыў там.

І тут сядзеў ён недарма,

А з пэўнаю задачаю.

Начэй не спіць ён, думае,

І спаць айцу не хочацца.

Адзін на спацыр часта ён

Далёка ў лес валочыцца.

Або, як прывід, з ліхтаром

Таўчэцца у закрыстыі...

Але і там ужо няма

Ад чорных думак прыстані.

Айцец патыліцу скрабе:

Якія ж скласці пацеры,

Каб не патрапіць і яму

Ўзасвет... да божай мацеры?

Але пра гэта толькі бог

І сам ксёндз-пробашч ведае.

Ён заўтра зноў пачне свой дзень

Набожным, мірным снеданнем.

А Квапень? Квапеню — зямля!

Святую лапу чмокае:

— Вярнуць бы, ойча, мне назад

Палі мае шырокія.

Азалаціў бы я касцёл...

— Маліся!..

Квапень вохкае:

— Малюся, ойча, але што ж,

Няма нідзе палёгкі мне.

Сяджу з-за ворагаў сваіх,

Як той барсук, на хутары.

Карвігаў Франак пра мяне

Ужо са следчым гутарыў.

У ліхадзеі запісаў...

Ён і ў Замошшы, гадзіна,

Сказаў праўленцам, нібы я

Кармлю вас, ойча, крадзеным.

— М-так... А Карвіга што? Маўчыць?

Аддаў ім нашу рацыю?!

О! — ксёндз на момант анямеў.—

Цяпер і нас абмацаюць...

— Пасадзяць, значыць?

— Не грашы!

Ад чорных дум, ад блуду ўсё...

Я памалюся за цябе.

— Пра вас я не забудуся...

Айцец маўчыць. Ён з кулаком

Жыць у хаўрусе прагне.

Хто ж у бязбожнікаў ксяндзу

Сырок ці шынку сцягне?

А на бязрыб’і Квапень нат

Лічыўся рэдкай «рыбаю».

Ён да ксяндза яшчэ не раз

З вяндлінкаю прыдыбае.

Ды не памогуць ворагу

Малітвы, сны прарочыя.

Не павярнуць жыццё назад,

Як гэтага ні хоча ён.

 

17

— Гэй, Самусь, прачніся!

— Я не сплю, Амброжы...

— Спаў! Па мордзе бачу. А на полі збожжа

Ад дажджу чарнее. Адным словам, сокал,

Пры такім старанні ўсё згніе навокал!..

— Э-э, ізноў жартуеш, а мне не да смеху.

Дзе Язэп? У суд ён, у раён паехаў?

Будзе следства — ведай: наш пробашч —

галоўны...

Ён тут і са мною не быў памяркоўны.

Мне б цяпер...— Карвіга памаўчаў хвіліну.—

Нашто ён мне — хутар?

Вось агню падкіну,

Дык і ты не будзеш хвалявацца, братка...

— Звар’яцеў!

— Мажліва. Ёсць у мяне кладка.

А ты, бачу, вырас з гонару на сажань...

Але хто на свеце угадае, скажа:

Ці пажнеш ты тое, што сёння пасеяў?

— Хіба ты, як пробашч, варажыць умееш?

Праўду людзі кажуць — быў ды сплыў Карвіга.

Меў я тут размову з панам Рыгу-рыгу,

Што загруз па вушы на глухой асадзе.

Мо не столькі вёсцы, як сабе ты здрадзіў,—

Прабасіў Амброжы строга, па-мужыцку.—

Вечна, як парсюк той, зямлю нашу тыцкаў.

Адным словам, ведай: хутка рогі сколеш,

Бо цяпер па вёсках яшчэ шырай поле...

 

18

Наста схавалася ў дзеда Амброжа.

З бацькам яна не сустрэлася б можа.

Ноччу ён зноў зачыніўся ў адрыне —

Грошы лічыў у кутку пры лучыне;

Думаў — дачка яго вернецца з вёскі,

Франак аддаў ёй свае неданоскі:

Гэта, казаў, яго лепшыя боты.

Летам абула б яшчэ на работу,

Але цяпер ў іх не зробіш ні кроку.

Холадна ўжо, да зімы недалёка.

Трэба купіць маладзіцы абноўку;

Пэўна, ідзе ўжо назад у Яноўку...

Ён жа, Самусь, не такі ўжо лядачы,

Стрэўся б са сватам ці пробашча ўбачыў —

Нехта б з іх лёг мерцвяком каля брамы.

«З хутара ім толькі ў неба напрамак»,—

Думаў Самусь, пагасіўшы лучыну.

Вёска магла, вёска мела прычыну

Выпараць з хаты Карвігу, як звера,—

Мусіць, вяскоўцы яму яшчэ вераць.

Ксёндз праклінае «усходнія крэсы».

Квапень і той, неяк вылезшы з лесу,

Прагна глядзеў спадылба на палеткі,

Цешыў малых:

— Супакойцеся, дзеткі,

Заўтра я, тэго... пушчу вас да дзеда,—

Сунуў абрэз у кастрыцу, паснедаў

І... наляцеў на Збыша у ядлоўцы.

Ноччу страляцца хацелі ў Яноўцы;

Выбег Самусь — загірчэлі:

— Падпалім!..

Сеў на каня уцякаць — адабралі.

Стогне Самусь і мармыча сярдзіта:

— Самі сабе вы зрабілі убытак.

Гэта апошняя ваша пакража.

Чорт, гэта во... вам засаду пакажа!..

 

19

— Хто там? — Амброж падышоў да прычалу,

Ладзіць паром. Паўз капліцу прагалам

Пнецца Карвіга, змакрэлы ад стомы.

Грузнуць калёсы.

На досвітку з дому

Выбраўся ён, небарака, ў дарогу.

Сам над сабою стары перамогу

Упершыню ў гэты момант святкуе.

Новы рубеж чалавек атакуе —

З лесу прасёлкам, ад плёса да плёса,

Цягне Самусь да калгаса калёсы.

Да пабачэння, Карвіга, ў Замошшы!..

 

Дзень над ракою лагодны, харошы.

Вечна зялёныя, вечна калючыя

Елкі шумяць над даламі і кручамі,

Кідаюць цень на выгары пясчаныя,

Варту нясуць над сівымі курганамі,

Цягнуцца ў хмары, ў маланкі пякучыя —

З новымі днямі спраўляюць заручыны...


1958-1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 151-208
Крыніца: скан