epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Легенда

Гналі дзяўчыну ў палон крыжаносцы

Пад строгім канвоем.

Вецер гуляў па разбуранай вёсцы

Над ціхай ракою.

Ой, каб рака разлілася да лесу

Або паглыбела,

Слухалі б каты вячэрнюю месу

У саванах белых.

Людзі каламі збівалі б іх з коней

У мутную завадзь.

Хто ж да чужынцаў падступіцца сёння,

Сарве іх «выправу»?..

Сонца ад дыму счарнела тым летам —

Гарэлі хаціны.

Горкая доля, як кажуць паэты,

Спасцігла дзяўчыну.

Скінула б путы, ды сіл ужо мала —

Нагайкамі білі,

Ноччу на крок ад калоны адстала —

«Савой» ахрысцілі.

Кнехты задумкаю гэтай хацелі

Магістра расчуліць.

Выпеклі крыж паланянцы на целе,

А крыку не чулі...

Маці, нябожчыца маці у белым,

Шапнула ёй строга:

«Ты ж песень, дачушка, сваіх не дапела,

Мацуйся, нябога!..»

«Добра, я ўстану»,— сказала дзяўчына.

І з ціхай журбою

Шуміць на Палессі ля кожнага тына

Блакітнай вярбою.


1947-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 9
Крыніца: скан