Эй, трубач, паслухай,
Букі звоняць лістам!
Набярыся духу —
Рэзні марш агністы.
І чардаш прыдаўся б
Хлопцам на дарогу.
А каб лепш удаўся —
Выпі куфель грогу.
Выпі цераз сілу...
Па вачах мяркую:
Свет табе не мілы
Ў непагадзь такую,
Восень не жартуе
У дрымучым лесе,
А мы тут «кукуем»
Ледзь не цэлы месяц.
Кожны хоча першы
Выканаць заданне,
Потым піша вершы
І пакуе ў ранец.
Дома лесарубаў
Стрэнуць маладзіцы,
Хто ім будзе любы —
Адпачне ў святліцы,
Адпачне ад зморы,
Але не ад песень,
Што прынесла ў горы
Славацкая «есень».