epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Ліцэнзія на адстрэл аленяў

У лесніка яшчэ трасуцца рукі,

Падбег да нас, злуецца: «Бандзюкі...»

Шумяць маркотна на паляне букі,

Пагас агонь, забыты ля ракі.

«Садзіся, брат,— гаворым асцярожна.—

Мы не бандыты. Ёсць мядоўка, плоў...»

Ляснік — сваё: «Прысеў бы, ды няможна,

Сягоння тут якраз пачаўся лоў.

Турысты б’юць аленяў для забавы,

Пасля ў карчму паедуць баляваць.

А мне хоць плач. Прыехаў сын з Аравы,

Яго не ўцешыш — будзе гараваць.

Каторы год жыве малы без маці.

Людзей баіцца. Лес не інтэрнат.

Мы, леснікі, на вас здароўе трацім,

Заб’ешся ў горы — і жыццю не рад. —

Ляснік прыгнуўся, аглядзеў паляну,

Спіхнуў з дарогі у быльнёг валун:

— За звярыну нам плацяць чыстаганам.

А гуслі ў хатах, як заўжды, без струн...»


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 63
Крыніца: скан