epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Марыца

М. М.

 

Зноў абламалі хлопцы каліну —

Хіліцца долу жухлае голле.

Позна я трапіў на Букавіну,

Але ахвота горш за няволю.

Вось той фальварак з полем да лесу!

Вось тыя букі! Вось тое плеса1

Каля якога ў ноч на Купалле

Мы пераправы ў Татры шукалі.

«Русь, паддавайся!» — нудзіў дынамік.

Потым за намі і перад намі

Плюхалі ў багну міны, як гусі.

Вада і тая гарэла, мусіць,

А мы сігалі па ёй да рання.

Твой брат, Марыца, нагу параніў,

Але не здаўся — рослы, прыгожы,—

Кінуў гранату ў акоп варожы,

Кінуў, бо ведаў — там кулямёты.

А ты злавала: «Жыць неахвота!»

Гнала з двара нас: «Не знаю, хто вы!..»

Гарэлі шчокі. Чорныя бровы

Звяла, як быццам хапіла джыцы2.

Брат ледзь не плакаў: «Сціхні, Марыца!

Мы ненадоўга...»

«То-та ж, каханы.

Ты б гэтай весткай пацешыў пана.

А я... Вось ліха! Ксёндз — плебан прэцца.

І паліцаі ўжо тут, здаецца.

Дай мне вінтоўку! Чуеш, Уладак.

Будзеш дурыцца — за стол не сяду!..»

Села. І брынзай нас частавала.

А паліцаі без самапалаў —

Мы ўжо сказалі, што дзень нясе ім,—

У дзве шарэнгі на пяткі селі,

Злосна сарвалі лычкі з мундзіраў

І пракліналі шэф-брыгадзіра.

Дзе ж яго ліха тады насіла,

Як ты «на чарку» іх запрасіла?

Шэф іх пакінуў на волю лёсу,

І сам скруціўся, астаўся з «носам» —

Трапіў у лесе пад нашы кулі.

Ды мы ўжо крыку яго не чулі —

Пнуліся ў горы, бліжэй да сонца,

Шляхам арліным, шляхам бясконцым,

Дзе толькі вецер біўся аб сосны.

А ты крычала з надрывам, злосна:

«Не адставайце, бо немцы блізка!..»

І я сарваўся: «Ладна, не пыскуй!»3

Але не схібіў, прыбавіў кроку,

Хоць ты была ўжо ад нас далёка.

Надзея стому з плячэй знімала,

Калі ты кветкай цвіла на скалах.

От каб такую ды на Палессе,

Не закаціўся б за хмары месяц!..

Помню, на золку ты мне сказала:

«Божа, ну з кім я свой лёс звязала!

Хто вы і начо4 прыйшлі ў Карпаты?

Глянь, як іх топча вораг пракляты.

У кожнай вёсцы — яма, засада

І трупы, трупы нават у градах».

«Ты украінка?»

«Славачка, пане.

Ды ў нас таксама ўсюды паўстанне.

Жыла тут з братам пасля пажару...»

Аб чым я толькі тады не марыў!

Верыў — адчуеш: мы не фашысты,

Прыйшлі ў Карпаты з намерам чыстым.

Даў нават адрас: «Пішы, пабачыш,

Народ мы строгі, ды не лядачы.

Будзеш сястрою, калі падзеі

Нас назаўсёды зноў не развеюць».

А сёння, бачыш, сівы, вусаты,

У цяжкіх ботах стаю на голі5.

Пад старасць трапіў зноў у Карпаты

І не крыўдую на сваю долю.

На ўсіх шыротах цвітуць каліны,

І ты, напэўна, шчаслівай стала.

Знайшоў я дома сабе дзяўчыну.

А сэрцу цесна, а сэрцу — мала!

1 Плеса — возера (славацк.).

2 Джыца — сыракваша з авечага малака (славацк.).

3 Не пыскуй — не крычы (славацк.).

4 Начо — навошта, чаго (славацк.).

5 Голі — бязлесныя мясціны (славацк.).


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 51-53
Крыніца: скан