epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

На новы лад

Чацвёрты раз пайшоў па хаце ўкруг

Кісет з сярдзітым самасадам,

Але размове не відаць канца.

Ў разгары самым бурная нарада.

Пярэчыць моладзь: — Мала сто пудоў...

І дзед Тамаш загарачыўся: — Мала!

Трэ, кажа, так паднаравіць зямлі,

Каб па сто сорак на гектар давала.

— Не дасць, кажу,—

ўзарваўся нечы бас,—

Тут не Кубань — замнога, браце, хочаш...

— Пакінь, Макар,— зноў запярэчыў дзед,—

—Ты вечна людзям галаву марочыш...

Чаму раней пшаніца не расла?

Хіба мы тут па-панску працавалі?

Расла б яна, давала б умалот,

Ды нашы межы ходу не давалі.

А ты, Макар, надумаўся пярэчыць:

«Тут не Кубань, благая глеба ў нас...»

А хто ж цябе самога ў людзі вывеў,

Жыць навучыў?

Ну хто, скажы?

Калгас!

Бас загрымеў і змоўк —

сход хорам заглушыў:

— Маўчы, Макар... Дзед праўду кажа...

Мала!

Мы можам так паднаравіць зямлі,

Каб і па дзвесце на гектар давала.


1947-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 19
Крыніца: скан