epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

На варце Радзімы

Мы ехалі ў горы па вузкай дарозе,

Што змейкай вілася паўз вёскі да неба.

Там недзе Яношык таміўся ў астрозе,

Па камеры ў дыбах з трывогаю шлэбаў.

Астрог той і сёння чарнее на кручы,

Як беркут, што выпусціў з кіпцяў ахвяру.

А мы на прывале ў чашчобе дрымучай

Гуляш па-славацку з бараніны варым.

Таёмнік акрэсу1 — маўклівы ліптовец,

Зірнуўшы на кручу, кіўнуў на шафёра:

«Калісьці мы разам тут секлі ядловец

І ціха знімалі чужыя дазоры.

А потым мяне расстралялі фашысты —

Дзве кулі сядзяць пад рабром і сягоння.

Жывучыя, значыцца, мы, камуністы.

І мёртвыя строй свой на маршы дагонім...»

Дагналі — хто ў горах, хто ў вёсках, хто ў лесе,

І ўсе, як салдаты, вартуюць краіну.

І я сваё сэрца ў Ліптоўскім акрэсе

Ля іх абеліскаў на памяць пакінуў.

1 Таёмнік акрэсу — сакратар райкома (славацк.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 46-47
Крыніца: скан