epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Напілася кума...

(з народнага)

 

Напілася кума

На радзінах мёду.

Пайшла б з кумам за раку,

Ды не знойдзе броду.

 

Кум зірнуў на ваду

І прытупнуў ботам:

— Адступіся, рака,

Калі жыць ахвота!

 

Разляглася ў траве

Поперак дарогі.

Во, і хмары нібы

Сцелюцца пад ногі.

 

А пад хмарамі што?

Пахмяліцца трэба,

Бо не ўцямлю, дальбог,

Дзе зямля, дзе неба.

 

Эх, было не было!

За ракой — начлежка.

Лезь на плечы, кума,

Ды паказвай сцежку.

 

Я ж казаў, не пярэч,

Перабраўшы меру...

А як вылез кум з ракі —

Вачам не паверыў:

 

— Вось кума дык кума!

Ён развёў рукамі.—

Браў на плечы ж цябе,

А прывалок камень!


1947-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 23-24
Крыніца: скан