epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Падзяка

Каралю Тамашчыку

 

Жанчына — ёй пад трыццаць —

Вясну прынесла з поля.

А гаспадар святліцы,

Бы той хлапчук у школе,

Хавае ў покут вочы —

Даўно святла не бачыў.

Сказаць ён нешта хоча,

Ды маладзіца плача;

Прабачце, мне здалося,

Не плача, а жартуе...

З вайны так павялося:

Вясна ад слёз ратуе.

Былому партызану

Карціць зірнуць на кветкі.

Ён зноў ад шчасця п’яны

Блукае па палетках —

Шукае пабрацімаў.

Гуляюць недзе, чэрці!

А гэтую жанчыну

Ён ратаваў ад смерці,

Падняўшыся ў атаку

Ля роднага Ліптава...

А хто памог палякам?

І чэхі добрым словам

Не раз яго ў сялібах

Цішком успаміналі —

Як сына з торбай хлеба

Ў дарогу выпраўлялі...

Прайшлі гады. На голях —

Куды ні глянь — кашары.

Сядлякі1 брынзу соляць,

Сякуць сушняк на тару.

Адтуль і кветкі носіць

У горад маладзіца.

Няхай шуміць калоссе

І лёгка п’ецца джыца.

Стары ваяка ўпотай

Збіраецца ў дарогу.

Спадае з воч маркота —

У Татрах кветак многа...

1 Сядлякі — сяляне (славацк.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 57-58
Крыніца: скан