epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Песня

Гаварыла маці, гаварылі людзі:

«Адрачыся, дзеўка, ад свайго кахання...»

А яна пад кулі падстаўляла грудзі —

Паўз вартоўні бегла ў горы на спатканне.

Бегла яна рэчкай, бегла яна лугам,

З-пад рукі глядзела прагна на вяршыні.

Потым яе секлі ў дравяніцы пугай,

І вясна здалася мачыхай дзяўчыне.

Вецер яе косы растрапаў нядбала,

Калі паліцаі на цвінтар цягнулі.

Прыпазніўся хлопец.

Можа, дзе на шпалах

Ці ў бары загінуў ад варожай кулі.

Кажуць, тое поле зарасло травою,

Без акон вячэе ў лозах дравяніца,

Толькі нейкі газда1 з белай галавою

Часта сустракае ля яе зарніцы.

1 Газда — гаспадар, селянін (славацк.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 64
Крыніца: скан