В. К.
Не трэба слёз і слоў не трэба,
Жыццё мудрэйшае за нас.
Табе мілей чужое неба,
Хоць і кляла яго не раз.
Гарланяць чайкі над Гудзонам —
Жывыя сведкі тых хвілін.
Хіба заморскія газоны
Заменяць родныя палі?
А ты шукала там ратунку,
Лавіла прагна кожны гук
Пасля агорклых пачастункаў
З плюгавых і нялюбых рук.
Свет для цябе сышоўся клінам
На недабітых «змагарах»1,
А дома гнешся чарацінай
Ледзь не ля кожнага двара.
Твае ж дружкі дзеля забавы
У агонь шпурлялі немаўлят,
Вадзілі з вёсак на расправу
Палескіх хлопцаў і дзяўчат.
І ты нам кветак не дарыла,
Ганяла з хутара, кляла,
Сама сабе магілу рыла,
Шлях да кахання адцяла.
Няхай не ўсё перагарэла
Ў разбітай, стомленай душы,
Ды ўсё ж не нам ты песні пела
Ў сваім заморскім шалашы.
Мараль халоднага разліку
Вяла да лёгкіх перамог...
Чаго ж заходзіцца ад крыку,
Пераступіўшы свой парог?
Хіба палі ў нас не ўзараны
Ці перасохла ўжо рака?
Дарэмна ты вярэдзіш раны,
Чакаеш позняга званка...
1 Так называюць сябе беларускія буржуазныя нацыяналісты, што акапаліся на Захадзе.