epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Раса

З чым параўнаеш кропельку расы?

З аквамарынам? Крышталём? Агатам?

Я век не бачыў прыгажэй красы,

Чым росны луг на досвітку ў Карпатах.

Бушуе май у казачнай краіне

Магутных букаў і жывых крыніц.

Ці не яны наш вырай жураўліны

На поўдзень клічуць?

Тут, ля дравяніц,

Пастух вясну вартуе і зімою,

Трэмбітай будзіць горныя лясы

І мёрзлы хлеб гасцям валашкай1 кроіць,

Як брату брат, як сябар ваш ці сын.

Каштуйце, кажа, рос ён на расе,

У ёй дужэў і наліваўся колас.

 

Славак свой хлеб з пашанаю нясе

На кожны шчыры чалавечы голас.

1 Валашка — сякера з доўгім тапарышчам (славацк.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 55
Крыніца: скан