epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Самасуд

(абразок з мінулага)

 

Пасекліся кметы1 за межы

няшчадна,

Валетам ляжаць ля старой дравяніцы.

Суддзя з панятымі, прыплёўшыся з Кладна,

Мядзведзем панура гудзе на паліцыю;

Фарар2, яго толькі тут не хапала,—

З кадзілам, як прывід, стаіць над забітымі.

А побач яшчэ ж і цівун з самапалам —

Усе анямелі, як з медзі адлітыя,

Пустымі вачамі свідруюць галоту.

Каму гэта з ёю стагнаць тут ахвота?

Была б толькі ў пана

паўнейшай кішэня...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На шчасце, я ўсё гэта бачыў

на сцэне.

1 Кметы — сяляне (славацк.).

2 Фарар — ксёндз (славацк.).


1972-1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 49
Крыніца: скан