У смалакура доўгі дзень,
І ноччу ён на варце.
Час не спыняецца, ідзе;
Дзед алаўком на карце
Старыя вырубкі ў бары
«Азеляніў» садамі
З цаглянай хатай на гары,
Абвітай правадамі.
На правадах сядзяць стрыжы
Рака, напэўна, блізка,
А смалакур на капяжы
Збірае дождж у міску.
На старасць, кажа, ламата
Няшчадна круціць ногі,
Але з пасцелі рана ўстаў:
Расклад у дзеда строгі.
Людзям патрэбен шкіпінар,
Ён ад хвароб ратуе,
І смалакурня ля Панар
Ніколі не пустуе.
Хай тая хата на гары
Каму другому сніцца,
Стары і сёння на зары
Грэў у катле жывіцу,
Каб не мінаў ніхто варот
Каля яго «палаца»...
Гара карчоў. Гара турбот,
Гара шчаслівай працы!