epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Сон старога збуйніка

«Чырвоны пас,

за пасам — бронь...»

А навакол раздолле.

Рве цішыню магутны бас:

«Чыя чарга сягоння?

Хто, пабрацімы, будзе пець?

Засумаваў наш бача...»1.

Звініць на сытых конях медзь —

Атрад у горы скача.

На кожным конніку — кабат,

Абшыты галунамі,

Чырвоны пас — краса Карпат,

Вякоў бунтарных памяць.

Пры боку — зброя.

Нават поп —

А што, хіба ён рыжы? —

Крыж за рамень, каптур на лоб,

За стрэльбу — і на лыжы.

Зірнеш — не поп, а сатана

На луг па гурбах прэцца...

Карчмар зарэзаў барана,

Ракой віно ліецца.

Усё, бы ў казцы. Пастухі

Трасуць за грудзі пана.

Поп адпусціў яму грахі,

Лісой на бачу глянуў:

«Баліць з пахмелля галава.

Мне б выпіць...»

Хлопцы ў рогат.

А бача жонку абнімаў,

Пацешыла старога —

Забрала стрэльбу у папа:

«Хай не псуе нам свята».

З арліцай гэтай на руках

Арлом і бача лятаў.

Паны ў палацах пра яго

Са страхам гаварылі.

Дунай выходзіў з берагоў,

Калі іх кметы білі.

А сёння бачу, хоць бяры

Ды прыкладай да раны:

Свой пас унукам падарыў,

Растуць, аж люба глянуць.

...Стары прачнуўся:

«Годзе, досьць!..»

Глядзіць на горы хмура.

Над ім сягоння маладосць

Пранеслася віхурай.

1 Пастух, стары (славацк.).


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 61-62
Крыніца: скан