epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

«Стары цыган калісьці мне казаў...»

Стары цыган калісьці мне казаў:

«Мы, сокал, возім гора на вазах,

Таму нідзе прыстанку не знайшлі...»

Зямля мая! Хоць сонцам ашчасліў

Маіх сяброў, што некалі ў лясах

Далі мне прагу да жыцця ў пасаг

І навучылі песняй даражыць.

Мне і цяпер цыганскія вазы

Начамі сняцца — выскачыш, глядзіш

На бацькаў плот, палеткі, маладзік,

Ідзеш зацішку ля ракі шукаць —

А гэта сосны ля дарог скрыпяць

Па грудзі ў жыце ці сухой раллі...

Яны і песню новую далі.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 37
Крыніца: скан