epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Суладдзе

Мой дзед на слых цымбалы ладзіў,

Пасля ў задуме струны гладзіў

І гаварыў, што ў іх суладдзі

Ўсё падначалена спрадвеку

Зямным патрэбам чалавека.

І, калі ён душою чысты,

У струнах чуйных, галасістых

Ратунак знойдзе ад журботы,

Зайграе так, што людзі потым

Дружней араць і сеяць будуць.

Хто заадно з працоўным людам —

Абы-чаго іграць не стане

Ні ў час бяды, ні на гулянні.

Бо песняй можна і параніць,

Калі дасі патолю гукам.

«Суладдзе, брат, такая штука!..» —

Дзед «браў» акорд і пільна слухаў,

Каб гук які не рэзаў вуха.

Дзед і ў жыцці любіў парадак,

Не парушаў у вёсцы ладу,

Пакуль паны яму за песні

Луг не абрэзалі да весніц.

І адсядзець яшчэ ж прыйшлося.

Вярнуўся дзед з турмы пад восень,

Узяў дубовы кій, цымбалы

І пацягнуўся ў свет памалу.

А следам — злая пагалоска:

«Дзед назаўжды пакінуў вёску...»

Калі ж яго назад вярнулі,

Дзед нават солтыса расчуліў,

Сказаў, што, хоць у панскім ладзе

Няма ні праўды, ні суладдзя,

Ён за цымбалы больш не сядзе.

Ды не паспеў той выйсці з хаты —

Дзед злез з палка ды зноў заўзята,

Але без лішняй спешкі, дбала

Так «падкруціў» свае цымбалы,

Каб на хрысцінах ці вяселлі

Вуглы і тыя ў хатах пелі,

Калі народ за стол пасядзе.

Ў суладдзі думак — спраў суладдзе.

І той, хто гэта разумее,

За трох рабіць і пець умее.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 28-29
Крыніца: скан