epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Татры

Частка першая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
Частка другая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16


Частка першая

Пачакай, не спяшайся, таварыш.

Адпачнём тут з дарогі, як дома.

У Нясутычах быў я калісьці

Скрыпачом і падпаскам вядомым:

Граў нязграбна, а з пугай за трох

Завіхаўся ля панскага статка.

Бык Пілсудскі і той ад мяне,

Равучы, уцякаў без аглядкі.

Парабкі жартавалі: — Ігнась,

Ты б яшчэ і да пана дабраўся...

Але маці пярэчыла: «Цыц! —

І пра божую кару гула ўсё.—

Лепш,— казала,— пільнуйся кароў.

Нам і так у фальварку не рады.

А пан Езус на вуха тугі,

Калі парабак просіць спагады.

Ля распяцця яго за сялом

Быў павешаны дзед майго дзеда.

І не тут ён, а ў замку служыў,

Але шчасця ніколі не ведаў...

Дзе той замак, пытаеш? Звячэў.

Толькі мёртвы палац ды капліца

Яшчэ муляюць вочы людзям

У маёнтку старога Капіцы».

— Што ж,— казаў я,— святыня згніе.

А палац...

Маці хмурыла бровы:

— Не дурыся! Пара выганяць

На скарбовую пашу каровы...

 

А зімою да позняй пары

Пры лучыне мы ў хаце сядзелі.

Я на прыпеку бульбу варыў,

Маці прала і прала кудзелю.

Толькі раз, прыгарнуўшы мяне,

Уздыхнула з палёгкай, шчасліва:

— Ноччу бацька да нас зазірне

З карабінам, як пан ці мыслівы1.

Але ты не скачы перад ім.

Бацька строгі і стомлены дужа.

Мы з табой ля сяней пастаім,

Каб яго не злавілі з аружжам...

 

Потым зноў загудзеў калаўрот —

Маці торапка прала кудзелю.

Дзе ж той бацька? Каторы ўжо год

Мы з надзеяй на сцежку глядзелі,

Што пятляла паўз наш хутарок

Ад сяла да сяла, як жабрачка.

Можа, ён не заходзіў знарок?

Мо загруз у балоце на Гачках?

Ёсць такое урочышча ў нас,

За вярсту ад былое граніцы.

Я там з пугай бадзяўся не раз,

«Варшавянку» спяваў на зарніцы,

Думаў — бацька, пачуўшы мой спеў,

Адгукнецца прыглушаным свістам.

Ды вакол толькі вецер трымцеў

Сітняком у бязлюддзі імглістым...

 

А на хутары, злезшы з каня,

Пан нахабна дапытваўся ў маці:

— Хто мне качак з-пад носу ганяў?

Штраф за сына, васпані, заплаціш!

Чорт сядзіць і ў тваім мужыку.

Хоча жыць — хай не лазіць па лесе.

Я ўжо сніў, што яго на суку

Мой ляснік, як сабаку, павесіў...

— Сам ты пёс! — Маці брала тапор

І паказвала пану вароты: —

Я... Наш род пачынаецца з гор,

Дык пільнуйся, шаноўны, балота!

Горы... Скуль жа ім выплысці ўраз

На бяскрайняй палескай раўніне?

А мы, грэшныя, ў змрочны той час

Па татранскіх тужылі вяршынях.

Недарма там наш продак Пятрусь

Парадніўся з гейтманам2 гуцулаў.

Я хачу, каб уся Беларусь

Аб іх колішняй дружбе пачула.

 

1 Мыслівы — паляўнічы (польск.).

2 Гейтман — атаман (славацк.).

1

Прынясла славаку падгалянка сына.

Не хапала сыну крылаў сакаліных,

Крылаў сакаліных, крылаў для палёту;

Лазіў за атарай у дзіравых ботах

Па родных Карпатах з голямі на кручах,

Кленучы каменне і быльнёг калючы...

Недзе там і спаў ён пад адкрытым небам.

Пастуху нямнога той выгоды трэба:

Падрамаў хвілінку на авечай шкуры,

Потым зноў ля статка тоўкся, злы, пануры.

А на кручах з ветрам тузаўся заўзята.

Можа, пазайздросціў хлопец арлянятам.

Не было ратунку.

Толькі снег падталы

Зіхацеў на сонцы, асядлаўшы скалы...

Эх, каб мог ён горы распіхнуць рукамі,

Не жылі б сяляне ў пана жабракамі.

Да апошняй ніткі абабраў ён вёску,

Нават луг парэзаў, злыдзень, на палоскі,

Каб садраць з прыгонных большыя аброкі.

Называлі пана Д’яблам Аднавокім.

Замак яго ўпёрся вежамі ў аблокі

І грымеў мастамі на ўсю Верхавіну.

Не адзін пастух там без віны загінуў.

Толькі хітры Ільчык — скамарох з Ліптова,

Зух брахаць на ляшскай і мадзьярскай мовах,

Падкупіўшы стражу, ладзіў з Аднавокім.

Пан яму дукаты запіхаў за шчокі

І канаў ад смеху, калі праз хвіліну

Войт ці ксёндз выплёўваў іх на мешкавіну,

У якой ля печы румзалі шчаняты.

— А-а, дык вось чым вашы трыбухі напхаты.

Падбяры! — Пан кульбай падпіхаў святошу.—

Гэта не аплаткі, ваша чэсць, а грошы.

Без іх не далёка сунешся ў Карпаты,

Калі ў кожнай вёсцы ёсць такія хваты.

Аднаго не ўцямлю: хто маніў у Празе,

Быццам мае хлопы з дыбаў не вылазяць?

Ільчык — хлоп, а вырас на няжатым хлебе,

Ён свайго не ўступіць нават і на небе.

 

Ксёндз, маўклівы, ціхі, не пярэчыў пану,

Ён і гаварыць з ім толькі ў святы мог,

Але раз не змоўчаў, на дукаты глянуў

(Ільчык непрыкметна юркнуў за парог)

І сказаў паныла, як на пахаванні:

— Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане.

Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў

І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты...

Гіне род шляхецкі, нехта ўкраў гарматы.

Я пайду...

— Не тшымам,— пан падняўся з лавы.—

Ўсе вы тут... Дзе сотнік? Скончаны забавы!

Ільчык галавою за падман адкажа.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Замак... Дзесяць вежаў, і на кожнай стража

Пільна віжавала за прыгонным людам.

Не драмаў і сотнік.

Хітры Ільчык цудам

Вырваўся на волю з Д’яблавай цвярдыні.

І хоць ён стаіўся да пары ў яскіні1,

Ўсе паны трымалі свае грошы ў скрынях.

Ксёндз замкнуў капліцу і паплёўся ў горы.

Там ён з мужыкамі вёў перагаворы,

Думаў, шчыра скажуць пра свае намеры.

— Не старайся, ойча, бо турнём за дзверы,—

Асадзіў святошу паляшук Нікодым.—

Лоб разбі — маліся! А мы сваім ходам

Трапім, куды трэба адпраўляць малебны.—

Захадзілі плечы пад кашуляй зрэбнай.

Ксёндз збялеў: «Нікодым жартаваць не будзе.

На Палессі голад, можа еў кару дзе,

А зірнеш... О божа! — Ён пачухаў карак.

Паляшук па сіле не ўступаў райтарам,

Што ламалі ў замку на субоях2 скабы. —

Дзе ж той войт? Дзе шляхта? Не паны, а бабы!

Дасца князю ў знакі гэты хлоп з Палесся.

І мяне тут кметы на суку павесяць,

Каб не замінаў ім. А паны, халера,

Толькі п’юць і зубы на чужое шчэраць.

Свет для іх сышоўся на дукатах клінам...»

 

— А ў мяне ёсць, хлопцы, лепшая навіна,—

Выхваляўся Ільчык, склікаўшы ватагу.—

Страх глядзець на замак, а я піў там брагу.

І яшчэ піць буду. Чуеце, камрады?

— Чуем. Ты ўжо, Ільчык, быў на крок ад здрады.

Пад хвастом у цюцькі пашукай камрадаў.

Край вячыстых смрэкаў3, скал і вадаспадаў,

Рубам лёг ты шляхце папярок дарогі.

А пастух, як быццам адзіноце рады,

Абжываў у Татрах дзікія аблогі.

Вырас ён за лета. Сермячок убогі

Выгараў на сонцы і ў плячах раздаўся.

Ільчык, стрэўшы хлопца, за жывот хапаўся:

— Мой табе паклончык, атаман ягнячы!

Вушы ёсць? Паслухай, мо ксяндза тут бачыў?

Не? Дык будзь здаровы! Стрэнемся ў даліне...

 

Змерклася. На скалах заірдзеўся іней

І пагас без сонца у цямне і сцюжы.

А пастух, як прывід, за атарай кружыць.

 

Земан4 тоўк малога, называў галганам.

— Гэй, малы! — крычаў ён, едучы палянай.—

Скуль ты ёсць? З Трахова?

М-так... І маеш боты?!

Прэч да беглых хлопаў! Гэта іх работа.

Мала мы вас, хамаў, секлі бізунамі...

О, і світка, бачу, ў цябе з галунамі!

Прозвішча?

— Яношык...

— Гэтак і запішам:

Трахоўскай галоце чорт дзяцей калыша.

Балазе ў Ліптове ёсць для вас цямніца:

Хто аб волі марыць, той мне чужаніца.

Зразумеў?

Яношык уцякаў дахаты:

— Не пайду да пана. Ён і так багаты...

— І не йдзі,— шаптала падгалянка сыну.—

Па пярцу на шчасце гусі табе скінуць,

Пастухі з Падгалля прынясуць трамбіту,

Сёстры выткуць пояс, чыстым срэбрам шыты.

Бацька дасць валашку, каб па ўсёй даліне

Пракаціўся гоман аб ягоным сыне,

Што да столі вырас у сялянскай хаце.

І тады...

— Што, мама, што?..

Маўчала маці.

А пан звіў вяроўку для яе дзіцяці

І трамбітай, кажуць, мераў варце порах,

Каб жывым малога не пускала ў горы...

 

1 Яскіня — пячора (славацк.).

2 Субой — паядынак (славацк.).

3 Смрэк — елка (славацк.).

4 Земан — пан (славацк.).

2

А над рэчкай Пінай ў змрочным Каніцове

Рос другі хлапчына. Пан яго на споведзь

Выганяў з чварака: — Не лянуйся, хаме! —

Тоўкся небарака ў панскім замку зрання.

— Смерд! — крычала пані.— Дармаед!

Прыблуда!

Дай хутчэй ружанец, я маліцца буду.—

А каб слухаў, біла, потым шкадавала:

— Супакойся, дурань! Слуг у нас нямала.

Але ты, Пятруська... не хлоп, а спакуса.

Чаго бровы хмурыш? Чакаеш прымусу?

Не чакай. Слухмяным мусіш быць, юнача,

Бацька твой Нікодым з лесу не прыскача.

Бачыш, колькі ў замку збройнага народу?

Пан з каня не злазіць. З ім і мне ў паходах

Давялося трохі наглытацца пылу...

Ды ідзі ўжо, хопіць, бо мне свет нямілы.

Прыбяры ў гасцінай, слухайся загаду.

Мусіць, без лазіны тут не будзе ладу...

 

Ад лазін ды дзяжак і да смерці блізка.

Як чарот у слоту, гнуўся хлопец нізка.

— Пацярпі, нам горай,— уздыхала маці.—

Ты хоць еў учора, а мы ў голай хаце

І кары ўжо рады, сохнучы без хлеба.

Вось які парадак! А жыць неяк трэба.

Помніш, як твой бацька гаварыў сялянам:

«Мужыкі! Хоць шляхта волі не дала нам,—

Звон праб’е! Карыцца і стагнаць не раю...»

А чыя, спытайся, была хата з краю?

Нават наш дзесятнік ваяваў з панамі.

Эх, сынок! Павер мне, чалавек не камень...

 

Гэтага хапала, каб суцішыць сына.

Пан яго за ўдаласць хваліў: — Малайчына!

Я, прызнацца, рады, што жывеш у страху.

А бацьку за здраду зловім — і на плаху!

Срэбны пас дастанеш, калі скажаш шчыра,

Дзе ён атаманіць. Ты ж у замку вырас.

А яго ў канюшні гадавала маці;

Змалку быў паслушны, вырас — бунтам

плаціць.

З ланцугом на шыі вырваўся з цямніцы.

Вольніцы казацкай захацеў, дурніца,—

З усяго Палесся назбіраў сярмяжак,

Б’е паноў няшчадна і маёнткі пляжыць.

Зрэшты... Ён, здаецца, збег на Сеч паціху.

Пас мне застаецца, а ты будзеш мніхам.

З крыжам ды ў сутане не збярэш ватагі.

— Я ўтаплюся, пане...

— Цыц! Бо выб’ю звягі!

 

3

Біты і гаротны быў і той хлапчына,

Што ў славацкіх Татрах рос на паланінах.

Петруся Капіца муштраваў заўзята,

А Яношык з пашы трапіў да прэлата.

А прэлатам, кажуць, быў той ксёндз з Ліптова,

Што на мёд і грошы нюх меў адмысловы.

«Ора эт лябора1, — мармытаў вялебны,—

Нам твой востры розум і твой спрыт патрэбны.

Вернешся ў Трахова святаром, кахане...»

Ды прэлатаў вучань марыў аб паўстанні.

Марыў па-хлапечы. І крыві баяўся,

Думаў, біць магнатаў трэба спакваля ўсё.

«Я ж святар, о, Езу. Не збіцца б з дарогі».

Пан яго ў свой замак браў, як вол на рогі,

Потым клікнуў стражу і прагнаў з касцёла.

Цішыня стаяла мёртвая наўкола,

Калі хлопец скінуў сам з сябе сутану

І сказаў, што больш ён не прыслужнік пану.

Пастухі з Падгалля не прыйшлі ў Трахова.

Дык Яношык з гора сам зламаў аковы...

Земан з польскім крулем меў аб іх размову.

Той якраз праездам загуляў у горах;

Уявіў, што Польшча ад мора да мора,

Сам не спіць і слугам не дае спакою.

Мусіць, і памрэ ён у чужых пакоях

Ля Днястра ці, скажам, у нізоўях Лабы.

Даканаюць трутня гульбішчы і бабы.

Земан ледзь прабіўся да яго з паклонам.

Змардаваны, сумны, ў жупане зялёным

Круль драмаў, прылёгшы ў ботах на пярыне,

Потым сеў, паслухаў земана хвіліну

І сказаў, як быццам падарыў манету:

— Супакойся, васпан. Пададуць карэту —

Паляваць паедзем разам у Карпаты.

А памкнешся здрадзіць, як шчанё, за гнаты2

Ў першай афіцыне на круку павешу!

Ты ёсць князь?

— Даруйце, родам не пацешу.

Бацька мой быў простым цівуном...

— О Езу!..

Цівуны братацца да мяне ўжо лезуць,

А народ не хоча прызнаваць за круля.

Ўсё жыццё ваюю. Зад ужо намуляў

У сядле, як турак ці які татарын.

Не, я строгім буду! Дамагайся кары

На сваіх прыгонных, мосці кавалежа.

Будуць агрызацца — як авец, парэжам!

Хто ў іх тут галоўны?

— Хлоп адзін з Трахова.

Малады, ды ранні і, як тур, здаровы.

Ён бы вас у момант згрыбчыў на манежы.

— Што? Я сам такому галаву адрэжу!

—«Рэжу, рэжу, рэжу»,— загрымела рэха

Ў звонкіх нішах замка.

Земану уцеха:

Тут яго, здаецца, прынялі за пана.

— Рэжце, я не супраць,— кляўся ён тырану,

А ў самога пысак быў ад страху шэры.

Круль яго аблашчыў, але ці паверыў?

Балазе хоць ката не гукнуў у замак.

Дрэнны выбраў земан для сябе напрамак.

Польскі трон хістаўся пад напорам знаці,

А яе не турак, дык швед калашмаціў.

І ўсе разам, злыдні, дралі лыка з чэрні.

Хто ж яе суцішыць, хто назад паверне,

Калі ў страшным гневе рушыць на палацы?

Земана ўжо нехта спадцішка памацаў

Сукаватай палкай, бо гарбіну чэша;

Коні ёсць, а ў Польшчу дабіраўся пеша.

Неспакойна ў горах. Дух вакол збуйніцкі.

Там яшчэ жывая памяць аб Хмяльніцкім.

Земан быў падлеткам, калі гэты рыцар

Дыктаваў законы сёлам і сталіцам.

А цяпер палескі атаман Нікодым

Не дае спакою польскім ваяводам.

Праз яго і ў Татрах вольніца дужэла.

Земан і сканае пад яе прыцэлам,

Калі круль падмогі не прышле ў Трахова.

Ды той не ў гуморы. Земан выпадкова

Глянуў на падворак і замёр ад жаху:

Там ужо камусьці рыхтавалі плаху.

— Трусіш, пан? — У круля заблішчалі вочы.—

Значыць, ты шпіёніць ў маё панства збочыў? —

Ён устаў, паклікаў з пачакальні пажа:

— Спусціш псоў і выхад земану пакажаш.

Ён памрэ ў пакутах, калі на світанні

Не прыедзе ў замак з хлопам на аркане.

 

1 Oro et laboro — маліся і працуй (лацінск.).

2 Гнаты — косці, рабрыны (польск.).

4

Земан не вярнуўся. Для яго, нарэшце,

Не замкнуты дзверы і ў мадзьярскім Пешце.

Круль удзячны богу, што пазбыўся чэха.

Да яго ад хана пасланец прыехаў

І прэлат з Ліптова завітаў з паклонам.

Гэты быў у круля прысяжным шпіёнам.

Гаварылі ціха, быццам нешта ўкралі.

— Ў горах, ваша светласць, і тут, на Падгаллі,

Нам на кожным кроку трызняцца казакі...

— Э, мае райтары з шапкамі набакір

Разнясуць іх, ойча, на сваіх рапірах!

Польшча ў дзікай чэрні не папросіць міру.

— Веру, ваша светласць, мы цяпер у сіле,

Але тут казакі нават шведаў білі.

Люд гэта рашучы і надзвычай смелы.

— Што ж айцец мне раіць?

— Я душой і целам

Ваш слуга... з дазволу папы і сінода.

Атаманаў трэба пасварыць з народам,

Растаптаць іх славу ў Рэчы Паспалітай.

І ўсё, ваша светласць, будзе шыта-крыта.

Спознімся — бог бачыць, давядзецца туга...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пнецца за валамі дзед нямоглы з пугай.

Дзе каго сустрэне — шапку зніме, стогне:

— А бадай іх ліха, а бадай іх вогнік!

Казакі дашчэнту вёску абабралі...

 

Дзед упрочкі едзе з роднага Падгалля.

Людзі на дарогу хлеб яму выносяць.

Але дзед нічога для сябе не просіць.

— Ежце,— кажа,— самі, я па горла сыты.

А за грошы даў бы... скрутак аксаміту.

— Аксаміт... Адкуль ён у старога дзеда? —

Шэпчуцца сяляне па трахоўскіх схэдах1.—

Мусіць, ён ад шляхты з гэтаю прынадай.

— От, стары балбоча, а вы слухаць рады,—

Журыць іх Яношык голасам пявучым.—

Лепш давайце варту выставім на кручах...

 

Ведаў ён: мадзьяры шныраюць па хатах.

Земан свой маёнтак не адпісваў брату,

А прадаў камусьці з будапешцкай знаці.

Можа ён на гэтым і не многа страціў,

Але помсціць будзе мужыкам да скону.

Дзеда стрэўшы, ахнуў, збегаў па ікону:

— Блаславі нас, ойча!.. — Але той ні слова.

Значыць, перабежчык з дзеда адмысловы.

Ён і на мадзьяраў не звярнуў увагі,

Толькі запытаўся, колькі вёрст да Прагі

І чаму ў Трахове не відаць нікога.

Прыпужнулі — ў горы пнецца пералогам,

У руках рыдлёўка і пакунак нейкі.

Плакаў дзед — прыпухлі сінія павекі.

На твары пакута, гнеў і страх звярыны.

О, яму баяцца ёсць цяпер прычына.

— Будзем браць?

— Не трэба. Гэта звер кусучы,—

Зноў пачуўся голас, малады, пявучы.—

Мы яго накрыем ў цікавейшым месцы,

Калі сам зямелькі ў горах не наесца.

Ясна?

На паляне зноў стаіць зацішша.

Толькі вецер сосны ды быльнёг калыша.

Дзед сышоў з дарогі, закапаў пакунак.

Грошы там — адзіны для яго ратунак.

Земан даў прамашку, рана выдаў дзеда.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У крулеўскім замку зноў ідзе бяседа.

Там ужо Капіца шэпчацца з прэлатам:

— Хто мы ёсць? — пытаю.—

Дурні! Курапаты!

Мужыкі тут, ойча, хітрыя, як чэрці.

Вам яны спакойна не дадуць памерці.

І мяне ўжо поруць з пушчы, як мядзведзя...

— Дзе наш круль?

— У Троках. І назад не едзе.

— Глупства, пан, гародзіш! Бог нас на пакіне.

Ад тваёй гаворкі кроў у жылах стыне.—

Зноў зірнуў вялебны на Капіцу грозна.

— Бачыць бог: памрэш ты у малітвах слёзных.

Паскуліў тут трохі згарача, дый годзе.

І не важся крулю, баязлівец, шкодзіць,

Бо згарыш у пекле на сабачым сале.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ледзь жывы дадому ехаў пан з Падгалля.

 

1 Схэды — урочышчы.

5

Прыляцелі гусі з выраю на ранні.

Петрусю уцеха. У ражок барані

Затрубіў і прагна вухам ловіць рэха.

Без дазволу пана ён у лес паехаў,

Думаў, стрэне бацьку ля ракі на лузе.

— Я табе награю. Прэч адсюль, лабузе!

Ну

Пятрусь сумеўся: рана ўстала пані.

А яму карцела выбегчы за шанец.

Там з цямна сяляне корпаліся ў полі.

І яго Алеся, што расла ў няволі,

Памагала татку адрабляць аброкі.

Можа што сказала б. Петруся ж у Трокі

Пан забраць мяркуе да паслуг на лета.

І пані ўжо енчыць: — Лезь ка мне ў карэту...—

Хто ж ёй запярэчыць? Рад не рад, а мусіш.

Трохі ранавата прыляцелі гусі...

 

6

На дзядзінцы коннік спешыўся ля пана:

— Вестка ёсць: у вёсках бунт падрыхтаваны.

Ваш каваль... Прабачце, на ганку кабеты.

— Гавары, хай чуюць: зловім прайдзісвета

І на кол пасадзім. Не, павесім хама.

Дзе ж мой люд? Па конях!..

Зарыпела брама:

Дворня — хто ў кальчузе, а хто і ў камзоле —

З шаблямі нагола рынулася ў поле.

Але дзе той коннік, што прынёс навіну?

Знік? У лес памкнуўся? —

Ў імя ойца й сына! —

Пан збялеў, рукою засланяе вочы:

Хто ж гэта з сякерай да яго падскочыў?

— Стой! — Капіца з'ехаў, як мяшок, з кабылы,

Зняў мушкет, ды стрэліць не хапіла сілы.

Страх адолеў пана: спераду і ззаду

Нехта сек кальчугі, выў ад болю, падаў,

Потым зноў грымела на райтарах бляха.

— О пся крэў! — Капіца пасінеў ад жаху.

Атаман з дубінай падышоў да пана.

— Пазнаеш?

— Злітуйся на хрыстовы раны.

Ты ж мой хлоп, Нікодым. Тваё месца — кузня.

Хто закінуў службу — у даўгах загрузне.

Я...

— Маўчы і слухай, што скажу, пачвара!

Вас б’ючы, заўсёды аб палёгцы марым.

— Прагнеш, значыць, волі?

— Так. І назаўсёды!

— Што ж, за крок ад смерці не пытаюць броду.

Бедны ты, Нікодым, чалавек...

— Мажліва.

Бедны, гэта праўда, але не труслівы.

Хамута не ўздзенеш. Дый пара не тая.

Я ў цябе й пра сына яшчэ запытаю,—

Бліснуўшы вачыма, прабасіў Нікодым.—

З-за мяне ты хлопцу не даваў праходу.

Маеш розум — з мірам адпусці дахаты.

Петруся не купіш, пане, за дукаты...

Змерклася.

Капіца — дзе ў сядле, дзе пеша —

Рад не рад, а ў замак без аглядкі чэша.

 

7

— Не будзе нам шчасця,— калоціцца пані.—

На нашых харомах паблякне ўвесь глянец,

Ніхто не захоча гібець у пустэльні.

І чэлядзь ад нас паўцякае у ельнік.

Няўжо ты, каханы, не бачыш нічога.

Адны мы...

— А шляхта?

— Пабойся ты бога!

Зямля здзірванела, ляжыць пералогам,

Усіх не накорміш.

— Павысім аброкі...

— Не трэба. Ўсё роўна памрэш адзінокі...

 

Капіца устаў, зачыніў аканіцы,

І зноў цішыня залягла у святліцы,

Чуваць, як аб дах нешта грукае глуха.

— Цівун там сядзіць і трасецца, псяюха.

А варту, нябось, не змяніў ля палаца...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пятрусь цівуна у канюшні намацаў:

— Вылазь на святло!

Той сагнуўся, скавыча:

— Адстань ад мяне. Чуў, што кажа ляснічы?

Твой бацька... Маўчу...

— Ты адчыніш мне дзверы?

— Яны ж на замку...

— Памахаеш сякерай!

 

8

Дзе ж сяло? Дзе хата? Дзе старая маці?

І карчма згарэла ля скарбовай гаці.

А ў нядзелю... Позна! Не было нядзелі.

Не ў карчме казакі, а ў кустах сядзелі.

Шляхта іх за рэчку з вёскі адцясніла.

Петрык з тропу збіўся ля глухіх развілак.

Не паспеў ён ноччу бацьку папярэдзіць,

Што прэлат з Падгалля ў Капіцова едзе

Суд чыніць над кожным, хто парушыў веру

І перад ксяндзамі зачыняе дзверы.

Пан яго баіцца, як чумы, і кажа,

Што, спаймаўшы ў лесе, на агні падсмажыць.

Ён жа перад крулем і святым сінодам

Ачарніў, прынізіў пана ваяводу.

А цяпер, напэўна, абтрасе, як грушу,

Калі хто самога ў пушчы не задушыць.

Задушылі б — нельга. Бог караў галоту.

Святара вартуе цэлы полк пяхоты.

«Водзам» гэтай банды быў стары ваяка.

Не было спакою ад яго славакам,

І русіны плачуць у сваіх хацінах.

— Кожны хлоп прыгонны для мяне — скаціна,—

Гаварыў ён летась у Карпатах пану.

«Добра, калі бацьку я ў сяле застану»,—

Петрык у дуброве скрыўся ад пагоні.

А куды ж цяпер ён скакуна пагоніць?

Хто даў меч хлапчыну і панавы латы?

Праўда, панцыр троху хлопцу цеснаваты,

А пра меч мяркуюць па гатунку сталі.

Гайдукі рапіры, шаблі ў ход пускалі,

Ды Пятрусь, падняўшы на дыбкі гнядога,

Лушчыў, як арэхі, шляхецкую погань.

Лушчыў, бо ў Капіцы смерць яго чакала.

Петрык чуў, як пані гайдукам гукала:

— Зачыняйце браму, я застрэлю хама...—

Хай цяпер зачыняць.

Без крукоў і клямак

З пецель тая брама ў пропасць паляцела.

Петрык замарыўся, але сэрца пела.

Ды ў каго спытацца, дзе стары з дружынай?

Без пары даспела, смяглаю ажынай

Ападае лета, і ў кусты на багне

Попелам і чадам ад сялібы цягне.

Толькі дуб за рэчкай уцалеў на ўзлессі...

Конь храпе, нагамі гразь на грэблі месіць.

— Тпру! — Пятрусь прыгнуўся, выцірае вочы.

Шмат разоў ён чуў тут песні, смех дзявочы,

Памагаў Алесі выбіваць палотны.

Лёс яе таксама быў цяжкі, гаротны,

Але і ў нястачы расцвіла дзяўчына.

Нават пан дзівіўся: — А ты малайчына.—

І забраў у замак ткаць яму дзяругі.

А цяпер, напэўна, не шкадуе пугі,

Каб услед за хлопцам не ўцякла з няволі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пан Капіца пысу пры лучыне голіць.

Свечкі пакаёўка беражэ для пані:

Пяты дзень у ложку і не скора ўстане.

А каваль Нікодым... Білі ж у падвале.

Можа дзе жывога ў яму закапалі?

Трапіў у засаду атаман з налёту,

А паны ўжо рады, што маюць работу...

— Божа,— трызніць пані, сашчапіўшы рукі,

Грэх даруй старому і пазбаў ад мукі.

 

Побач нехта ў чорным ціха ёй гаворыць:

— Круль граніцы нашы ад мора да мора

Пашыраць мяркуе. А ты што, Гэлена?

На нагах і ў ложку — сырамяць, палена...

Молішся за хлопа і дрыжыш ад страху.

Хіба мала зброі у багатых ляхаў?

Э-э... Прабач, васпані, чорт мяне паблытаў.

Бачыць бог: я злосны і па горла сыты

Дзёрзкасцю прыгоннай беларускай чэрні.

Будзь ягнём і слухай: я пайду вячэрню

Адслужу ў капліцы ды скажу салдатам,

Каб не называлі тут мяне прэлатам.

Лепш няхай жартуюць, кпяць з мяне паціху.

А што больш патрэбна звычайнаму мніху?

Я, мажліва, нават жабраваць паеду.

Але ты аб гэтым свайму... дамаседу

Пасля маёй смерці толькі ўсё раскажаш.

— Пачакайце, ойча. Мне адна пакража

Стрэмкаю засела ў галаве.

— Маліся,

Пан пры мне за панцыр пакаёўку высек.

Ты ж яму сказала, што Алеся ўчора

Чысціла ў збраёўні панцыр той і шпоры.

А цяпер...

— Што, ойча?

— Не крычы, васпані!

Я ж казаў: і муж твой — кеп, курдзюк барані,

Трэба вашу пуню абкурыць кадзілам.

Дзеўка ж там у сене сына нарадзіла;

Нараклі Іванам і чакаем смерці.

 

Пан забыўся пуню на засоў заперці.

Ноч. Алеся з сынам ціха паднялася,

Выйшла на падворак — толькі б не пачулі...

Лепш памерці ў лесе ад шалёнай кулі,

Чым скарыцца пану і яго наймітам.

Ды ў дзяўчыны цела да крыві пабіта

І ў грудзях ад болю ўсё гарыць, клякоча.

Катаў не расчуліш хараством дзявочым.

І слязой не проймеш.

— Пан тады людзіна,

Калі мёртвым знімуць на шляху з асіны,—

Гаварыў Алесі шмат разоў Нікодым,

А пан чуў і тросся перад ім заўсёды.

Хто ж цяпер магната прыпужне пятлёю?

Атаман — забіты. Зноў Капіца лоем

Абрасце, уссеўшы мужыкам на карак.

Нездарма ж усім ён пагражае карай.

— Дзе ж Пятрусь? Дзе людзі?

Хто суцішыць звера?

Хіба мы жывёла?.. Ёсць цярпенню мера...

Ёсць! — Алеся з дзіцем лезе пад вароты.

Абадрала рукі. Кроў з пяском і потам

Аб траву абцерла і пайшла наперад

Паўз палац, паўз варту — у світанак шэры.

Недзе ж там, за грэбляй, у бары — сяляне.

Паміж іх Алесю шукаць ён не стане.

Пан яшчэ з пасцелі не паспеў падняцца,

А яна ўжо з дзіцем на знаёмай кладцы.

Крый вас бог сягоння трапіць ёй на вочы!..

 

9

Шмат гадоў над Пінай млын стары грукоча.

Летам ён пустуе. Панасюк Мікола

Па загаду пана быў там мукамолам.

Быў і нават нешта засыпаў у жорны.

— Гэты кмет да смерці будзе мне пакорны,—

Гаварыў Капіца за сталом прэлату.—

Толькі да людзей ён трохі звераваты.

Я ж кажу, працуе чалавек слухмяна.

— М-так... А хто сягоння тут валяўся п'яны?

Прасачы, каго ён корміць тваім хлебам.

— Нас, мяне з табою! І мясцовы плебан

Пра яго заўсёды гаварыў з пашанай.

— Ну, дык ён быў дурань і ашукваў пана.

Мельнік твой, Капіца, шкоднік па натуры.

Ён мяне дубінай ад млына патурыў.

А чаму? — Вялебны сеў бліжэй да пана.—

Там Пятрусь. Не верыш? Запытай служанак.

Іх твая Гэлена пасылала ў звяды.

Тут кароне нашай здрадзіць кожны рады...

Пан устаў, пастукаў кулаком у грудзі:

— Пра Гэлену, ойча, гаварыць не будзем!

За яе плячыма — процьма кавалераў,

Але я пакуль што ёй сардэчна веру,

Нават калі бачу, што ілжэ...

— О неба!

Мусіць, мне спачатку памаліцца трэба,

Перш чым зразумею, хто ты ёсць, Капіца...

Зноў жа, і Гэлена хітрая лісіца,

Калі пан дагэтуль ўсё на жарты зводзіць.

Лепш пастаў сакрэты у сваім гародзе.

Шчылін там багата. Нават парадзіха

Недзе ўжо ад пана вымкнулася ціха...

— Хай.— Капіца вяла апусціўся ў крэсла.—

Мо хаваць малога на цвінтар панесла.

А шкада. Заложнік быў бы ў нас ад чэрні.

Уявіце, ойча, дум бунтарных зерне

Камень прабівае і расце паўсюдна.

— Пашкадуй прысутных!

Слухаць пана нудна.

Заўтра зноў аблаву у бары наладзім,

Пусцім пеўня ў вёскі, і чэрнь макам сядзе!

А пакуль...— вялебны выцягнуў кантычку

І прыціх.

Гэлена ў новых чаравічках

З крыкам уляцела у пакой да мужа:

— Млын гарыць! Крыві там цэлая калюжа.

Петруся забілі.

— Чым?

— Млынар вам скажа.

— Слаўны хлоп! Ён рукі мне навек развяжа.—

Пан абняў прэлата і разгладзіў вусы: —

Чокнемся? Не ўсе ж тут вахлакі і трусы.

Панасюк — наш збаўца. Ад яго дубіны

Вораг наш закляты у млыне загінуў.

Звёўся род Карыбаў, ойча, канчаткова!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А Пятрусь тым часам збочыў у дуброву.

Панасюк Мікола ахкаў ад здзіўлення:

— Кропля ў кроплю бацька! От, Пятрусь, здарэнне.

Паламаў мне косці, як мядзведзь, а за шчо?

Бо я піў гарэлку ў Капіцове нашча...

Не магу без чаркі. Бацька твой не ўстане.

А цябе тут шляхта можа заарканіць...

— Патрымай гнядога!

— Хай ён здохне, хлопча!

Гэты конь, як жабу, ў гразь мяне затопча.

Хто ж тады Капіцу напытлюе жыта?

Я тут нарадзіўся і памру наймітам.

— Не памрэш, ты хітры. Маці мне казала...

— Пачакай, не трэба... Мне, брат, самапалам

Прабіваць дарогу ў край ваш давялося.

Быў я вольным птахам. А цяпер з палосся

Не магу, Пятруська, вылезці на сонца.

Пастарэў я дужа. А ў хаце аконца

Як кату пралезці. Вось табе і воля!

Хітраваў, каб выжыць. А памру на голях.

 

Балазе ў Карпаты шлях пралёг лясамі.

Будзем мы панамі свайго лёсу самі.

І не злуй. Так трэба. Бацька твой, саколік,

І арлом і вужам здабываў нам долю...

 

Змерклася. Два кметы аднаго магната

Рознымі шляхамі з-пад ялін калматых

Рушылі наперад з думкай аб расплаце.

Іх сябры чакалі ледзь не ў кожнай хаце.

 

Частка другая

 

1

Год ішоў за годам. Пасівелі сосны.

Гнуліся ад пражы ў паляшанак кросны.

Дзень пры дні Алеся пану кужаль ткала.

А сама скрозь слёзы ціха напявала:

— Ой, даўно, даўно

Я ў мамы была.

Ды ўжо тая дарожанька

Чабром зарасла,

Чабром зарасла,

Лісцём заплесла,

Чырвонаю калінаю

Паабвісла...

 

Колькі ж тых калін на яе шляху?

Засланіў палац родную страху.

У прадзільні — змрок, свечкай гасне ноч.

А дзяўчына тчэ, не змыкае воч.

— Я чабор парву,

Лісцё падбяру,

Чырвоную каліну

Набак адхілю...

— Мільч! — лютуе пан. — Без яды памрэш.

Кожная брыда горла тут дзярэ!

Хоць бы хто яго прыдушыў калі.

На варштат налёг — ледзь не разваліў.

— Хто з табою спіць?.. Гавары, юла!

Я хачу, каб ты з цівуном жыла.

— У мяне ёсць муж...

— А пярсцёнак дзе?

Ты б са мной жыла, каб памаладзеў?..

На, цалуй руку, бо згарыць твой двор.

Гайдукі ў мяне — хлопцы на падбор.

Эй, цівун!

— Я тут.

— Наламі прутоў.

— Не за страх служу. Я на ўсё гатоў.

Лазнячок у нас гнуткі, акарэў;

Кожны прут з яе дзесяць скур здзярэ,—

Загугніў найміт і адбіў паклон.

Не дае жыцця паляшанцы ён.

А Пятра няма. Хоць ты ў рэчку скоч.

На дварэ ўжо дзень, а на сэрцы ноч.

— Не чакай мяне,

Мама, з раніцы.

Прытамілася

На гулянейцы...

Не чакай мяне

Й надвячоркамі,

Ўспамінай мяне

Слязьмі горкімі.

Пагляджу на шлях —

Ямы ды крыжы.

І з панамі жыць

Сэрца не ляжыць...

Ляжа... Мы прымусім. Налягай на кросны.—

Пан ссівеў, сагнуўся і, як хмара, злосны

Цікаваў праз вокны на раку. Там кметы

Выбіралі рыбу з венцяроў і сетак.

Піна іх карміла летам і зімою,

А Капіца вохкаў, пагражаў турмою.

Рыбай пан задобрыць мерыўся прэлата.

Той жа перад богам слова за магната

Абяцаў закінуць у новым касцёле,

Быў там нейкі пробашч, ды яго спаролі

Мужыкі з амбону, каб не кляў нікога.

А прэлат без сведак размаўляе з богам.

Хітры, значыць, шэльма!

Хітры і дасужы,

Зноў прыпёрся ў пушчу, па сялібах кружыць.

Ля Нясутыч плакаў, як дзіцё, святоша;

Потым зняў сутану, падкасаў калошы

І палез па кладцы у равок на гускі.

— Божа, як то пахне! А люд беларускі

Сушыць іх на ежу і кляне магнатаў.

Нездарма ж Капіца, нібы з крыжа зняты,

Сочыць за галотай праз акно з паддашша.

Езу, будзь ласкавы, збаў крулёўства наша

Ад такой, прабач мне, палахлівай знаці.

У цябе ж анёлы. Загадай страляць ім.

Бачыш, о! — Па кладцы ў святочным убранні

Прабегла Алеся.

— Пачакай, васпані! Ты куды?

— Ў мястэчка. Там казакі, ойча...

— Што?! — Прэлат затросся.—

Сплюнь у зелле тройчы!

Ты ж ізноў служанка. І твой сын, кабета,

Пад наглядам нашым сыты і адзеты.

Не сын, а прыманка для прыгожых дзевак,

А пры ім і ты ў нас будзеш, як крулева.

Прэч назад! Ты чуеш?.. О, пся крэў, тут яма! —

Нацянькі без кветак бег прэлат у замак.

 

2

Ноч. Туман.

За Пінай ля агню — нарада.

Атаман злуецца: —Пахне, хлопцы, здрадай.

Лес вакол, балоты, а на грэблі — стража.

Праз каго, пытаю, мы касцьмі паляжам?

Хто данёс Капіцу пра мае намеры?

— Не хвалюйся, Петрык. Мы ў абход аерам

Прашмыгнём на конях у яго цвярдыню,—

Загулі казакі.— Паню-гаспадыню

Паказычам трохі, каб не сумавала...

— Ціха! Не да жартаў. Шляхта валіць валам

Пад сцягі Капіцы з усяго Палесся,

А ў мяне тут жонка, наймічка Алеся,

З сынам асталася ў панскай паняверцы.

Без пары загінуць, чуе маё сэрца.

Я... Даруйце, хлопцы. Ў кожнага — згрызота.

Да мяне тут бацька пры Хмяльніцкім лётаў —

Паднімаў прыгонных супраць шляхты, сокал.

Ўсё тады спявала і гуло навокал.

А за намі, друзі, толькі лес ды поле...

Хто з вас быў у горах на Кралавай голі?

Там наш брат Яношык з навакольных сёлаў

Рапарты прымае ад сваіх саколаў.

Чым жа мы на лёсе мужыкоў заважым?

Тым, што шляхце плечы на шляху пакажам?

Гэта горш, чым нават трапіць у няволю.

К чорту! Хто, пытаю, пабываў на голі?

— Пабрацім твой, Петрык, Панасюк Мікола.

— Дык чаго ты сёння такі невясёлы?

Заўтра зноў паедзеш ад мяне ў Карпаты.

Праз цябе і я тут невысока лятаў...

Збі агонь!

— Навошта?

— Іскра каб не ўпала.

Побач — лес... Па конях! Рыхтуй самапалы...

 

3

Згніў той зруб, дзе Карыбу забралі

Ад малых, сярод ночы ў кашулі.

І пра сына яго на Палессі

Людзі доўга нічога не чулі.

Можа з бацькам на кол пасадзілі

Небараку ля Чортавай гаці,

Толькі восці яго ды сярмяга

Уцалелі ў Алесінай хаце.

А Капіца у замку з прэлатам

Піў тады і дрыжаў, як асіна.

— Гром і пекла! Клянуся палацам,

Лёс звядзе нас з Карыбавым сынам.

Хто, скажыце, шапнуў яму ўпотай

Пра мой суд і пакуты старога?

Мужыкі! А прэлат што мне скажа?

— Трэба ўзяць ад Алесі малога,

Пакажы сваю добрасць прыгонным.

Заадно і заложнік тут будзе.

Мо Пятрусь пабаіцца нам шкодзіць.

Мы спаймаем яго і асудзім.

 

4

Хадзілі дзве долі па Кралавай голі

Ў глыбокай задуме.

Адна з іх з Палесся — пан бацьку павесіў,

Злавіўшы ля пуні.

А жонку райтары ў бары па выгарах

Цягалі за косы...

— Прабач, галубіца, падчашы Капіца

Гуляў нашым лёсам.

Не будзе спагады вяльможнаму гаду,

Хай моліцца богу!

Пятрусь — ён у горы ўцёк ад пагоні! —

Сядлае гнядога;

Гнеў даў яму крылы, каб смерць не скасіла

На ўзлёце арліным.

А доля другая высока крыляе

З Карыбавым сынам.

Пасекшы ахову, Яношык з Трахова

Зламаў яму краты...

За ўдаласць і сілу палескі асілак

Назваў яго братам;

Пятрусь без падману услед за гейтманам

Памкнуўся на волю.

Хоць шляхта страляла, ды ноч іх схавала

На Кралавай голі.

Уся Верхавіна іх кліч сакаліны

Пачула на ранні.

Два цёмныя кметы знайшлі сваю мэту

Ў няроўным змаганні

З драпежнаю знаццю...

Воз грошай патраціў

Мадзьярскі вяльможа —

Палац свой з катоўняй і нават вартоўню

Абнёс агарожай

З пяску і камення.

Аб гэтым здарэнні

Ўсе кметы пачулі.

Князь выслаў дазоры і ўпотай апоры

Шукае ў Стамбуле...

Мінуўшы дуброву, Пятрусь ля Трахова

Чакаў пабраціма:

На золку — атака, а ён, небарака,

Праходзячы міма,

Хістаўся ад стомы. Паранены з дому

Вярнуўся Яношык.

Сеў побач: — У горах лютуюць дазоры.

А ранак харошы.—

Ён скінуў кашулю: — Мадзьярская куля

Засела ў пахвіне...

 

Пятрусь ледзь не плача: — І лоб твой гарачы —

Дарэмна загінеш.

Дзе ж хлопцы, гейтмане? Ў сяле на гулянні?

Віншую з пачынам!

А земаны, браце, тут часу не трацяць.

Ёсць, значыць, прычына...

Не шэнціць нам нешта. А князь з Будапешта

Вярнуўся ў гуморы.

Давай, брат, пра вашы палеткі і пашы

З людзьмі пагаворым.

У нас іх нямашака, ўсе ў каталашках

На панскіх харчах мы сядзелі.

А сёння тут з вамі хлеб цвёрды, як камень,

Каторы гадок ужо дзелім.

— Злуеш.

— Я баюся, што век Беларусі

Свабоднай не ўбачу.

Глянь, колькі прастору. І ўсюды, брат, горы.

А лёс наш лядачы.

Ў разбежку ваюем. Вярнуцца хачу я

Ў бары векавыя.

— З чым? — буркнуў Яношык.— На ўсё трэба

грошы.

— Вазьму Каламыю.

Купцоў там багата. Адтуль і дахаты

Праломім дарогу.

Народ нам паможа.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Трашчыць агарожа

Ля замка старога

Над соннаю Пінай. Цівун, як асіна,

Трасецца на вежы:

— Сцямнела, а кметы на лузе дагэтуль

Мо пана ўжо рэжуць.

Эй, хто там?..— За валам казак з самапалам

Прыціх у ламаччы.

Тутэйшы, здаецца, бо кпліва смяецца:

— А я цябе бачу.

Маліся, цівунка! Дзе сын мой і жонка?

Ты чуеш, пракляты!..

 

Няўжо гэта Петрык? З якім яго ветрам

Прынесла дахаты?

Пан кляўся: райтары на грузкім імшары

Спаймаюць халопа,

Ды хлоп гэты, мусіць, і ў пекле б не струсіў.

І служка галопам

На сытай кабыле па сотніка скача,

Падняўшы трывогу,

Пятрусь, неўгамонны, склікае прыгонных

Сабе на падмогу.

 

5

Прыгожыя ранкі над Пінай улетку!

Спыніўся б Пятрусь, паглядзеў на палеткі,

Крануў бы рукою густое калоссе.

Ды нават яно не шуміць, а галосіць.

А мо гэта сосны, упёршыся ў хмары,

Шапталі яму: «Сцеражыся райтараў...»

За рэчкай — пажар. Аблажыўшы сялібу,

Капіца злавіць намагаўся Карыбу.

Цівун з бізуном забягаў да Алесі:

— Кажы, дзе Пятрусь, бо... сыночка павесім.

Пятрусь жа ніколі не бачыў Івана,

Дык зробім яму падарунак ад пана...

— Не каркай тут крукам! — пачулася ззаду.—

Алеся, пастой каля хаты ў прысадах.

Райтараў прыкмеціш — пастукай у дзверы.

Жывым я не выпушчу гэтага звера.

Замнога крыві на ягоным сумленні...

— Пятрусь? — Ў цівуна затрасліся калені.—

Цябе ж гэта во... Я не выдам нікога.

І жыць тут не буду...

— Якая ж ты погань!

Не, я не памру праз такога на дыбе.

Ты б жыў, ды цяпер у палескай сялібе

Зацішку для вас, дармаедаў, не будзе...

 

У замку трывога. Райтары ў запрудзе

Знайшлі цівуна, як выкошвалі зелле.

— Пракляцце! Пятрусь і мяне б тут застрэліў.

А вы...— Пан Капіца стары, але дужы,

Наймітам сваім пагражае аружжам: —

Дзе хлоп, што ў Нясутычах бачыў Карыбу?

Забраў невады і паплёўся па рыбу?

Лухта! Гэтай казкай пацешце прэлата.

Той хлоп... Ён знайшоў цікавейшы занятак.

Сам д’ябал тут быў у рыбацкім убранні.

Усе мужыкі загулі пра паўстанне,

Пачнецца разня — апусцеюць чваракі...

Мне брыдка за вас перад шляхтай, хлапакі,

Пятрусь толькі пальцам кіўне — і сяляне

Усіх пераб’юць нас на гэтай паляне.

А замак... Вылазьце з вады, дармаеды!

Я помсціць, я вешаць галоту паеду...

Нішто, нават ноч, не спыніла Капіцу;

І ўпоцемках бачыць, як воўк ці лісіца.

Аблазіў ён лес і ля кожнай сцяжыны

Па шаблі з канём у засадзе пакінуў.

— Хвалю за рашучасць і добрыя справы.

Палессе — фарпост каталіцкай дзяржавы,—

Мармыча прэлат, выглядаючы з куста.—

Пан чуе?

— Чаму ж. Тут набожных не густа.

Твой голас для нас — дарагая знаходка...

— Жартуеш?

— Але. І прамою наводкай

З гарматы страляць па ксяндзах загадаю!

Фарпост... А каму тут найбольш пападае?

Не крыж, а наморднік галоце патрэбны.

Інакш... і па вас тут адслужаць малебны.

Пакінь хоць райтарам маім чаравікі...

— Схізматык ты ёсць і нахабнік вялікі! —

Надзьмуўся прэлат і палез у зацішак

(Ён потым данос на магната напіша).

Капіца ж пры ім, апусціўшы забрала,

Заснуў у сядле са сваім самапалам.

Заснуў і... праспаў Петруся, недарэка.

А ў пушчы нялёгка знайсці чалавека.

 

6

Ноч. Імжыць халодны сеянец. Райтары,

Ля агню пасеўшы, моўчкі бульбу вараць,

Балазе ў Капіцы шмат яе на полі.

Не было рыдлёўкі — шабляй напаролі...

Пан жа ля цяпельца сушыць нагавіцы.

Сам не спіць і людзям спаць не дасць Капіца;

Меч паклаў на світку, што знайшоў ля Піны.

Хто ж яе й навошта ў трыснягу пакінуў?

Дзіўны край — Палессе. Нават тут, за валам

Ноч ад пана тайну нейкую хавала.

Ён ужо не верыць і сваёй кабеце.

Гэта ж і ля світкі пан сляды прыкмеціў

Ад яе бархотак на тонкім абцасе.

— Трэба, мусіць, пажа добра аддубасіць.

Ён...— Капіца ботам падчапіў знаходку.—

Не, для Янка гэты сермячок кароткі.

А прэлату будзе ў самы раз, халера.

М-так... А я тут мокну на дажджы, цяцера.

Потым баль пачнецца,

не, не баль, а трызна.

Мёртвых закапаюць, а жывым айчызна

Вуснамі вялебных прайдзісветаў скажа:

«Бачыць бог, мы, слугі свентэго алтажа,

Молімся за круля і маёнткі нашы...»

А прыгонных пеклам да таго настрашаць,

Што...— Капіца сплюнуў: — Выбач мне, Езусе.

Мусіць, твае слугі з д’яблам у хаўрусе.

Мужыкі... Вось ліха, дзе ж мая ахова?!.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

З трох бакоў казакі бралі Капіцова.

Дзень сустрэлі штурмам панскага палаца.

— Азвярэў Карыба. Знішчаць нас, а за цо? —

Пані — ёй Капіца загадаў схавацца —

Уставала з ложка разоў можа дваццаць,

Плакала і гнеўна дакарала мужа: —

Трус! Слімак нікчэмны! Дзе ж тваё аружжа?

Я сама адпомшчу за наш род галоце!..

— Чым? Сваім ружанцам?

Падумай аб цноце,—

Выдыхнуў Капіца, скінуўшы кальчугу.—

Нам... Не злуй, кахане. Глова ходзіць кругам:

Мужыкі ад брамы разагналі варту.

Бачыць бог, райтарам не хапае гарту

Адбіваць атакі ачмурэлай чэрні.

Мусіць, мы ў пакутах стрэнем звон вячэрні.

Толькі паж твой Янак выкаціў гармату

І сячэ прыгонных, як д’ябал, заўзята.

Не пускай Алесі да яго з гасцінай...

— Янак — мой збавіцель.

— Значыць, ёсць прычына

Адпісаць на хлопца ўсё наша багацце...

Не, Пятрусь з маленства марыў аб расплаце,

І сынок, падросшы, уцячэ к сялянам.

Хлоп не быў ніколі і не будзе панам!

Дай мушкет...

— Не трэба. Пачакай да ночы.

Ты, мілы, відушчы, і паж мае вочы.

Прамахнешся — ў шчэпкі разнясе святліцу.

Лепш аддай мне грошы ды... лезь на званіцу.

 

Янак ля гарматы пачарнеў ад сажы.

— А-а...— Пятрусь хлапчыну здаляка

заўважыў.—

Не страляй! — Ён шаблю выхапіў і з ходу

Асядлаў гармату.— Пашкадуй народу,

Чортаў хвост! Паганец! Ну...

— Ад хама чую!

— Дык памрэш! Ў абдымкі к вам не палячу я.

На тым свеце будзеш адбіваць паклоны.

Колькі вас, наймітаў? Сто? А нас — мільёны! —

Загрымеў Карыба, глянуўшы на сына.—

Ты б на маім месцы скінуў палавіну?

Эх, Іван, бяскрылы вырас ты ў няволі.

А твой дзед Нікодым за лепшую долю

Ваяваў з панамі да апошняй кулі.

Пра яго ўсе людзі на Палессі чулі.

Толькі ты, няшчасны, як гладыш на тыне,

Сам сабою звоніш, пакуль хто не скіне...

— Я — гладыш? — У пажа памутнелі вочы.—

Смерд мне тут вашывы галаву марочыць!

Злазь, кажу, з гарматы, бунтаўшчык! — Ён з

шабляй

Кінуўся да бацькі і... рукі, як граблі,

Распасцёр, павісшы на халоднай сталі.

Атамана хлопцы ля ракі здагналі.

Ехаў прэч ад замка праз туман, у лозы.

На твары — пакута і скупыя слёзы.

 

7

А ў Татрах гуцулы, каб шляхта не чула,

Употай на Кралавай голі

Аб шчэбень і спражкі вастрылі валашкі.

Яношык прыгонных ачоліў —

Мадзьярскаму князю, свайму «гаспадзіну»,

Адпомсцяць яны за няволю.

У князя ахова, і сам ён здаровы:

Мячом рассякае калоду.

А спіць у кальчузе. Ля замка ж на лузе

Сабралася процьма народу.

Пакажацца сонца, і ўся Верхавіна

Пакліча на суд ваяводу.

 

Ёсць мера цярпенню. Славак на калені

Не стане, пазбаўлены волі:

Як сокал у клетцы, трапечацца, б’ецца —

Спагады ў чужынцаў не моліць.

Яношыка білі, ды смерць ён асіліў,

І цёмная ноч з перунамі

Дала яму крылы.

А маці пашыла

Навыраст каптан з галунамі.

Цяпер і галодны не пойдзе ён з родных

Вяршыняў мірыцца з панамі.

Рашучы і строгі, апоўнач на ногі

Падняў упацёмках дружыну:

— Чакайце сігналу. За Горнаўскім валам

Начуе багаты купчына.

З Палесся прыехаў. Пянькою і мёдам

Гандлюе цішком у далінах

І весткі, пракляты, пра нашага брата

Для польскіх магнатаў збірае.

І князь наш, сабака, прадаўся палякам!

— Ну, што ж, гэта песня старая...

Ля вогнішча — камень. Сяляне рукамі

Яго прыкацілі з паляны

І сілу прабуюць. Яношык жартуе:

— Заморкі! Скразняк калашманы!

На гэтым тачыле маланкі вастрылі

Ўпацёмках свае ятаганы.

Хай горы вартуе. Ў пару залатую

Сустрэнемся тут на бяседу.

Я першы з даліны на злёт сакаліны

Да вас, пабрацімы, прыеду.

Знімайце дазоры. І самі глядзіце,

Каб тут не пакінулі следу.

Купец той, здаецца, з аховаю прэцца,

Бо коннікаў шмат на дарозе.

Няхай пагарцуюць. Мо тут заначуе

Ў густой зеляніне на возе.

Жывым не прачнецца. Ёсць сокалы нашы

Ужо і ў ягоным абозе...

 

8

Прэлат саграшыў: без ружанца на ранні

Устаў ён сягоння маліцца з паслання.

Дзядоўнік і мох замянілі пярыну.

Айцец назаўсёды Палессе пакінуў,

Жыве ля Днястра на зацішнай паляне,

Ссівелы, худы, у дзіравай сутане.

Ля копанкі — крыж без распяцця драўляны.

Затое на вудзе Хрыстос алавяны

Вісіць паслухмяна заместа грузіла.

Прэлат азвярэў: — У-у, нячыстая сіла!..—

Сарваўся шчупак, з-за якога вялебны

Прамок на дажджы, прапусціўшы малебны.

Цяпер ён і з панам братацца не стане.

Капіца, казаў, крывасмок, ашуканец.

А замак ягоны — гняздоўе распусты...

З такім не падзеліш апошняе лусты.

Нічога няма ў панскім сэрцы святога.

Няхай мужыкі спадзяюцца на бога

І зносяць у лес медзякі на святыню.

Тады і ад кулі ніхто не загіне,

Уцёкшы ад пана на Сеч ці ў Карпаты.

Усе перад богам цяпер вінаваты.

Прэлат распрануўся і ладзіць сняданне.

А побач Іван на ягонай сутане

Ляжыць ля агню — набіраецца сілы.

Алеся ў будан лахманоў нанасіла

І моўчкі сядзіць у траве каля сына.

А дома ж яна гаварыла мужчынам:

— Атруты б яму, каб не ганьбіў нікога.—

Праз сына яна учарнела, нябога.

Капіца зламаў, абяскрыліў Івана.

За здраду Радзіме юнак пакараны...

А можа Пятрусь быў залішне гарачы?

Прэлат жа гудзе:

— А мужык твой лядачы.

Маліся, дачка, і не плач без патрэбы.

Не вернецца ён. Ты не верыш? О неба!

Пятрусь твой памрэ без прычасця ў палоне.

— Няпраўда! Ён быў тут, мой сокал, сягоння.

Забраць нас кудысьці адгэтуль мяркуе.

— А я? Мусіць, муж твой пятлю мне рыхтуе.

Маўчыш? Перасела бліжэй да Івана?

Магу прысягнуць на ягоныя раны,

Што я перад вамі, як тое ягнятка...

— Вы, ойча, заўсёды гаворыце гладка.

— Амін. Я маўчу. Ты здурнела, васпані.

І муж табе зоркі з нябёс не дастане.

Убачыш — скажы, хай паноў не чапае.

Капіца дужэйшы. Ён золата мае...

 

Прачнуўся Іван невясёлы, пануры.

Зірнеш — не жылец, адны косці ды скура.

А вочы гараць, і прэлату здаецца,

Што ён, гэты хлопец, ізноў з кімсьці б'ецца.

А некалі ж быў паслухмяны, набожны...

— Не спіцца? Маліся! — прэлат асцярожна

Адсунуўся ўбок і ўтаропіўся ў хмары.

Іван будзе сам ля агню кашаварыць.

Не хоча, дзівак, каб гаіліся раны.

Пашнырыўшы ў кайстры, маркотны, заспаны,

Ён кпліва глядзіць на прэлатавы лекі.

Айцец не пярэчыць — заплюшчыў павекі,

Ўздыхнуў і храпе, як завознік, ля пажа.

А той ужо нешта скаромнае смажыць

І смачна жуе, выцягаючы з рынкі.

Алеся яму размачыла скарынкі.

— Пад’еж... ды хутчэй адзявай свае латы.

— Навошта?

— Цалейшы заедзеш дахаты.

Ты ж кляўся, што бацьку адпомсціш старому.

— А ты?

— Я — жабрачка, няма ў мяне дому.

— Дык сціхні! — Іван адвярнуўся, сярдуе.

Асунуўся змрок на траву маладую,

Падкраўшыся з гор непрыкметна і ціха.

— Не шастай галлём, нібы тая ласіха! —

Заенчыў прэлат, перамогшы дрымоту.—

Івану пажыць у дастатку ахвота.

Я сам паміру яго з панам Капіцам.

Навошта ж гібець і карміць тут блашчыцы?

А ты... Дзе ж ён дзеўся? Паслухай, васпані!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Грыміць нечы бас ля Днястра на кургане:

— Па ко-о-нях, браты! Пераправа гатова.

Сіл хопіць — сустрэнем зару ля Трахова...

 

9

Едуць хлопцы лугам,

Едуць хлопцы борам,

Зацягнулі б песню —

Бой пачнецца скора,

Бой цяжкі, гарачы,

Па-казацку дзёрзкі.

Цесна ў Татрах панству

І купцам заморскім.

Колькі тых казакаў

Завітала ў горы,

А іх гучна славяць

І Попрад і Горынь.

Толькі Ваг пятляе

Ў скалах за Ліптовам,

Быццам з Аднавокім

Падпісаў умову.

Князь — ён пасварыўся

Са славацкай знаццю —

Перавёз у Прагу

Ўсё сваё багацце.

Ён цяпер рыхтуе

Гайдукоў да бою.

А ганец ягоны

З меднаю трубою

Па глухіх сцяжынах

На Палессе скача...

 

Панасюк Мікола

Дачакаўся ўдачы.

Ён ганца абчысціў

У карчме дазвання

І стаіць, як прывід,

З шабляй на кургане.

Міма едуць хлопцы,

Чорныя ад пылу.

Панасюк жартуе:

— Цэ ж та сама сіла,

Ад якое шляхта

Перайшла на лекі.

Што ні хлоп, то процьма

Зла і небяспекі...

Ён і сам не ўломак,

Хоць усохся трохі,

І язык, як джала,

Ў гэтага прайдохі.

Ільчык, кажуць, браўся

Абламаць Міколу

І... прачнуўся ў панскай

Сабакарні голы.

Толькі лапці побач

На круку віселі,

А штаны і зброю

Як цяляты з’елі.

Сам на рэдкасць хітры,

Але справядлівы,

Не хацеў Мікола

Дагаджаць пачціва

Адстаўному блазну

Князя-забіякі;

Даўся ён нядаўна

І Капіцу ў знакі.

Пан пазнаў Міколу,

Але збіўся з тропу

І ад страху ў поле

Паскакаў галопам.

Следам — пані ў чорным

Уцякла з палаца...

А Мікола ў замку

Ўсе вуглы абмацаў,

Разагнаўшы дворню,

Каб не замінала.

У гасцінай нехта

Шабляю няўдала

Спрабаваў адбіцца

Ад яго валашкі.

— Згінь! — гукнуў Мікола.

Мой абушак цяжкі...—

А цяпер жартуе:

— Перапіў я трохі.

Пані ж частавала...

А вы, скамарохі,

Нават не зірнулі

У той бок, дзе брама.

Пан махнуў у поле.

А прэлат пад храмам

У яго грабніцы

Скавытаў ад страху.

Эх, Пятрусь!.. Вазьмі, брат,

Маю апранаху

Ды наймайся пасвіць

Дзе-небудзь жывёлу.

Хто ты ёсць?

Мурашка!..

— Не блазнуй, Мікола.

Нас, такіх мурашак,

На зямлі мільёны,

Ды адразу нельга

Вырвацца з прыгону,

Нават калі будзем

Мець свае гарматы...

— Дык чаго ж мы, дурні,

Перліся ў Карпаты!

Тут,— Мікола шапкай

Паказаў на горы,—

Не паны, дык туркі

Голадам замораць.

— Што ж, і гэта можа

Здарыцца, Мікола.

Але ж і славакі

Не дрэмлюць у сёлах.

Злазь з каня, хай людзі

Адпачнуць з дарогі,

Бо дамоў вярнуцца

Суджана нямногім...

 

10

Вось-вось навальніца.

Кулік ці мо вецер

За грэбляй упоцемках плача.

А ластаўкі з гнёздаў сваіх

падняліся;

Няўжо тых маланак не бачаць,

Што неба, як бляху,

Сякуць на кавалкі?

Сякуць ды не спаляць!

А ластаўкам трэба

Малых прывучыць да палёту,

Бо іх па дарозе на поўдзень

чакаюць

Яшчэ ці такія грымоты.

Прэлат блаславіў іх.

Ён нават па-свойму

Зайздросціць птушынаму племю.

Ды бог паскупіўся,

Не даў яму крылаў —

Смыляць мазалі на каленях...

А горы наўкола

Аж стогнуць ад грому,

Упёршыся шапкамі ў хмары.

Прэлат азірнуўся,

Шукае начлегу

На голым, як бубен, выгары,—

Баіцца абвалаў...

А можа пранюхаў,

Што ў Татрах паўстанцаў багата

І князева войска

За Ваг адступіла,

Ў пасечаных шлемах і латах.

Дарэмна вялебны

Сачыў за Карыбам

І кляў яго ўсюды заўзята.

Не хочуць славацкія

Кметы змагацца

За рай каталіцкі ў Карпатах!..

Не велькая радасць

Хавацца ад чэрні,

Махнуўшы на божыя справы.

Да польскага круля

Прэлат павалокся

Шукаць на Карыбу управы.

 

11

Закружыліся бярозкі,

Тры маленькія бярозкі

На паляне.

Да бярозак тых і клёны

Па расе ў брылях зялёных

Заспяшаліся з дубровы

На гулянне.

А Іван паўз луг маланкай

На сваім кані ў напрамку

Лесу скача,

Устрывожаны, рашучы;

Раптам спешыўся — на кручы

З-пад рукі глядзіць. Дзе ж людзі?

От задача!

Ні душы вакол. А ноччу

На пастой сюды не збочыш —

Зловяць кметы...

— Стоп, гняды! — Іван сярдуе.—

Мусіць, смерць сваю знайду я,

Размінуўшыся з сябрамі

Ў лесе гэтым.

Бацька скажа:

«Эх, Іване,

Зноў ты сэрца мне параніў.

Здай аружжа!..»

Што ж рабіць? Пакінуць горы?

Не! — Іван сцяжынку торыць

Да вяршынь — паны там кметаў

Не акружаць.

З ног саб’ецца князеў пошук.

Паж ад бацькі чуў: Яношык

Зноў спайманы.

А зямля гудзе. Сяляне

Ў бой ідуць, як на гулянне.

І Іван адпомсціць шляхце

За гейтмана.

Маці плакала:

— Няшчасны,

Праз каго я свечкай гасну

На чужыне?

Не чапай паноў. Ты ж... хворы.

— Добра,— паж каня прышпорыў.

Але перш хачу іх бачыць...

На асіне.

Дзе ж яна, асіна тая?

. . . . . . . . . . . . . .

Пан Капіца ліст чытае

Пра сваіх няўдзячных кметаў

Ад прэлата.

Сам прэлат яшчэ ў дарозе.

Ногі, злыдзень, адмарозіў,

Пасучы цішком на голях

Грэшны статак.

«Трэба,— просіць ён,— сялянам

Аб’явіць, што спакваля нам

Нельга збавіць іх ад ціску

І нястачы.

Хай пільнуюцца касцёлаў.

Езус вунь таксама голы,

А цярпіць, бо і ў пакутах

Святасць бачыць.—

А ў канцы пісьма — заўвага: —

Мусіць, я касцьмі тут лягу

Праз такіх, як ты, скарэднікаў,

Васпане.

Прысылай кажух і грошы.

Снег паляны запарошыў —

Чэрнь з нары мяне, як сусліка,

Дастане...»

Пан скрывіўся: — Хітры клеха,

Хвацка з суслікам пад’ехаў,

Але... мне яго паслугі

Не патрэбны.

Туркі вольніцу разбілі.

І Пятрусь мо дзе ў магіле.

Хай пасе касулі ў горах

Наш вялебны...

 

12

Зялёны палетак,

Зялёныя клёны,

І вечар зялёны,

А песня не спета.

Сарваў яе вецер

З карэлага сучча

І гоніць у свет

Па далінах і кручах.

За песняй і людзі

Плятуцца кудысьці.

Шасціць пад нагамі

Пажоўклае лісце.

Вясной яго сонца

Абрыне ў патокі.

Заплешчацца песня

У скалах высокіх

Ды з новаю сілай

Памкнецца ў даліны —

Бліжэй да сяліб

І чашчоб салаўіных.

Там жыць ёй і жыць

У разводдзі зялёным,

Калышучы звонкія

Раніцы ў кронах.

Ды сёння ў трахоўскіх

Чашчобах і падзях

Паны з гайдукамі

Сядзяць у засадзе.

Карыбу спаймаць

Загадаў ваявода.

Ды хто саўладае

З бунтарным народам?

Два коннікі ў світках

Праехалі міма.

Паны правялі іх

Да вёскі вачыма.

Там князевы служкі

Таўкуцца ў гасподзе.

Хто ў рукі ім даўся —

Назад не выходзіў.

А коннікі выйшлі

І з месца, як чэрці,

Рвануліся ў горы —

Далей каб ад смерці!

Карчмар пачакаў —

І да князя, як злодзей:

— Карыба пасек

Вашых слуг у гасподзе.

— А дзе гайдукі?

— Іх таксама пабілі.

— Скажы трубачам,

Каб трывогу трубілі...

 

13

Пан Капіца зноў нязграбна

На тапчан прылёг і стогне:

— А бадай вас, бабы, вогнік!

Ноччу плакала ў пасцелі,

А цяпер...

— Мялі, Ямеля,—

Пані выбегла на ганак,

Потым зноў прыйшла да пана.—

Не сярдуй.

Вось ліст ад круля.

Ён мяне да слёз расчуліў.

— Пакажы!

— Баішся здрады?

Пачакай, я побач сяду.

Ты ж сляпы, што крот, кахане.

А кароль на паляванне

Запрашае нас у Трокі...

— Ашалеў! Парог высокі

Для мяне ў яго палацах.—

Пан устаў, жывот памацаў: —

Час палуднаваць. А з Трокаў

І да плахі недалёка...

Надакучыў я сялянам,

Шляхту выражуць, і аман.

Але ты маўчы, кабета.

Ў караля хапае клетак

І для вас, падонкі Евы.

А ў мяне ты ёсць крулева.

Маеш замак свой і світу.

— Янку мне вярні...

— Вось ліха!

Ён, напэўна, ўжо забіты.

Я к табе прыстаўлю мніха,

Што прыплёўся к нам з Трахова.

Ён табе на розных мовах

Пра збавенне душ раскажа.

Там ён,— пан кіўнуў на дзверы.—

Мо падслухаў нас, халера...

Гэты клеха з імем бога

На агні б мяне падсмажыў,

Каб дачуўся, колькі кметаў

Уцякло ад нас у горы.

Зрэшты, мы яшчэ аб гэтым

З ім без сведак пагаворым.

 

Пані зыркнула на мужа:

За паўста яму, а дужы.

Ад такога цяжка збегчы.

Дворню выстраіць і крэкча:

— Што вы чулі пра Карыбу?

Маўчыцё? Прыгон не цётка.

І не думайце пра волю,

Нарадзіўшыся ў калодках...

 

А на вежу ўзлезшы, енчыць:

— Зноў гараць вакол асады!..

Саграшыў я з мужыкамі,

І сам чорт не дасць ім рады.

 

14

Чорт у змове з богам выстругаў манаха.

Доўгі, як жардзіна, ён ужо на плаху

Да гейтмана прэцца са святым распяццем.

— Скуль ты тут узяўся, вялебны прэлаце? —

Дзівяцца вайскоўцы з князевай дружыны.

— Гэ! — прэлат смяецца.—

Я на падстрыжанах

У князёўны вашай хросным татам буду.

А пакуль сардэчна памагаю суддзям

Выганяць гардыню з гэтага апрышка.—

Ён пралез наперад і падскочыў крышку,

Каб зірнуць з натоўпу шляхты на гейтмана.—

Дзёрзкі смерд. І выгляд мае велікана.

Бачыць бог, ён слухаць не хацеў пра споведзь.

Хай суддзя спытае, з кім ён быў у змове.

Пастухі, мяркую, не сядзяць на месцы.

Толькі лірнік нейкі па нашай абвестцы

Прыцягнуўся сёння на гэту расправу.

— Вы б яго забралі, ойча, у Варшаву.

Круль ваш, кажуць, любіць з кметамі дурыцца.

— Ён цяпер у Троках. Але дзён праз трыццаць

Пасланец ягоны тут са скрыптам будзе.

На Палессі ж пана аднаго ў запрудзе

Нехта з вашых кметаў утапіў на спаса.

Трэба іх...

— Панове! — гаркнуў сэндзя басам.—

Не марнуйце часу у пустых размовах.

Перад вамі гейтман Яношык з Трахова,

Наша смерць... даруйце, атаман галоты.

Парадзела шляхта ад яго налётаў.

Быў ён тут, нягоднік, крулем без кароны

Гэтых гор скалістых і дуброў зялёных.

Сведкі ёсць. Яношык за разбой адкажа.

Мы яму сягоння тут язык развяжам.

— О-о!..— Прэлат зашыўся у натоўп.—

Не трэба.

Збуйнік гэты вырас пад славацкім небам.

Ён таго... над намі у душы рагоча...

 

А суддзя тым часам на памост ускочыў,

Адпіхнуў манаха і... назад падаўся:

— Я... Прашу прабачыць. Кроў ужо сышла ўся

З гэтага славака, а глядзіць ён зверам...

Уставай! Падпішаш пры людзях паперу.

Князь табе, гейтмане, прапануе службу.

Рэгіментам будзеш кіраваць. Хай дружба

І зацішак вечны паміж намі будзе...

— Прэч! —

Яношык сэндзю штурхануў у грудзі.

На памосце глуха зарыпелі дылі.—

Я б табе, сабака, карак тут намыліў,

Ды ланцуг астрожны не дае размаху...

Кліч з ратушы ката, хай рыхтуе плаху.

Ну!..—

Ў натоўпе зычна заспявала лера.

Гейтман азірнуўся. Твар, ад болю шэры,

Пасвятлеў на момант.— Не хвалюйся, дружа

Я да вас у горы не вярнуся вужам...

Смерць панам! — Яношык скочыў на калоду: —

Слухай, мосці сэндзя, і вы, ваяводы!

Каб былі пры мне валашка,

Востры меч і самапалы,

Каб была пры мне дружына

Юнакоў-хлапцоў удалых,

Ускалыхнуў бы я Карпаты,

Бор дрымотны, паланіны,

Іскры высек бы са скалаў

Ўзмахам крылаў сакаліных.

— Ты памрэш!..

— Ад мёртвых чую.

Не забудзьцеся, што ў горах

Ваша смерць, паны, начуе.

Маўчыцё? Пажыць ахвота?

А я чую ўжо грымоты

І пагібель вашу бачу.

Мне зямля тут будзе пухам,

А па вас асіны плачуць...

Не выкручвай рук, паганец! —

Кінуў ён з пагардай кату.

І заціх... Ляжыць асілак,

Рагацінаю падцяты.

Кат падняў над ім сякеру,

Азіраецца: — Дзе ж суддзі?..

— Слухай наш прысуд, Яношык,

На круку матляцца будзеш.

Ёсць на гэта скрыпт ад папы

І кароннага гетмана.

Ты ўжо трапіў чорту ў лапы

І цяпер яму адданы.

Затрашчаў памост. Яношык

Адпіхнуў суддзю нагамі:

— Крумкачы!..

— Маўчы, схізматык!..

— К д’яблу... з вашымі... багамі...

 

Твар ягоны зноў ад болю

Пабялеў, скрывіўся, стыне.

А ў вачах — агонь і слёзы...

Дзе ж сябры? Няўжо ў даліне

Каля кожнай вёскі варта?

Не, яны ўжо не паспелі б.

— Кат,— гугніць суддзя упарта,—

Пачынай!..

— Павіс...

— Нічога.

Пад дзевятую рабрыну

Падчапі круком, і з богам...

 

15

— Гэй, браты-славяне!

Налівайце чаркі

Ды падкіньце крыху

На кастрышча дроў.

Ад віна старога

Весялей на сэрцы.

Вып’ем, каб у жылах

Не астыла кроў.

Хай калышуць букі

Нашу славу ў горах.

Памянём гейтмана

Песняй на зары.

Не любіў ён змрочных

Думак, пабрацімы,

І пра смерць ніколі

Нам не гаварыў.

Кожным сваім словам

Ён будзіў надзею.

Вып’ем, каб нікому

Свет не апастыў,

Ды ў паход.

— Нас мала,

А вакол — мадзьяры,

Прападзём,— Іванка

Шабляй сек кусты.

— Ціха. Табе, хлопча,

І пятроўка — свята,

Калі хто гарэлкі

Чарку паднясе.

Нельга жыць без веры

У людзей, шаноўны.

Кеп ты ці ад брагі

Раптам акасеў?

І наконт мадзьяраў

Менш тут распінайся.

Нам паны-магнаты

Не даюць жыцця,

Іх кароль на плаху

Пасылае кметаў,

Але нашай песні

Крылаў не адцяў.

Жыць ёй тут вякамі

У непрыступных скалах.

Прыйдзе час, і людзі

Вынесуць яе

З поцемкаў на волю.

Можа й нас ў народзе

Нехта тады словам

Добрым памяне.

 

16

Жыве легенда пра арла,

падбітага стралою.

Да ног ён ворагу не ўпаў,

а ўзвіўся над гарою,

Адчуўшы рану пад крылом

і боль глухі, пякучы;

Акінуў позіркам скалу

з пустым гняздом на кручы

І знік у хмарах, каб зірнуць

яшчэ хоць раз на голі.

Застыг ён, горды, на ляту,

бо прагнуў жыць на волі...

Так і Карыба паміраў.

Падстрэлены з мушкета,

Ён сцяг Івану перадаў

ды з песняй недапетай

У Піну рынуўся з канём.

І конь яго гарачы

Па дну палескае ракі

на ўсход да сонца скача.

Гул ад ягоных капытоў

я чуў у непагоду

І бачыў грыву скакуна

на быстраку ля броду.

Гняды там іскры высякаў

з каменных глыб нагамі,

І ноч у Піне зорны шлях

раўняла з берагамі.

А той, хто сеткаю цяпер

там вылавіць падкову,

Пачуе гоман, што да нас

даносіцца з Трахова.

Два пабрацімы на зары

праз гарады і сёлы

Вядуць гаворку пра жыццё,

што аж гудзе наўкола.

Пятрусь гукае: «Мой народ

здабыў сабе свабоду...»

«І мы свой край не аддалі

на здзекі ваяводам»,—

Грыміць Яношык у адказ,

трубою склаўшы рукі.

Па схілах радасна шумяць

цяпер у Татрах букі...


1963?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 91-150
Крыніца: скан