epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

«Трубіў алень, трубіў вясну...»

Трубіў алень, трубіў вясну,

Біў капытом на ўзлессі,

Каб май у горах не заснуў,

П’яны ад хмельных песень.

У паядынках за яго

Алень не ведаў страху,

Насіўся з ветрам наўздагон,

Лясных палохаў птахаў,

Пакуль насустрач браканьер

Не выпусціў маланку.

Палёг над рэчкаю аер,

Хаваючы падранка.

Свінец асілка не зваліў —

У лес ён сцежку торыў.

...Крывёю значыла палі

Вясна на касагоры.


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978. - с. 68
Крыніца: скан