epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

У Ж’яры над Гронам

Тут лес крыжоў ад пыхі аж зіхцеў

Над змрочным кодлам служкі Ватыкана.

О, як бы ён пацешыўся яшчэ,

Калі б убачыў ж’ярцаў «на калянах».

«Дзень год карміў у гэтым захалусці»,—

Тлумачыць гід, і ў замкавай цішы

Забыты бог ажно трымціць ад злосці —

Сплылі ў нябыт «святыя» барышы.

Пустыя сейфы — сведкі тых падзей —

Стаяць паныла ля распяцця ў нішы.

Ніхто да божых ног не прыпадзе,

Ніхто зямлі на кляштар не адпіша.

Ж?’яр у мартэнах выплаўляе песню,

Грон у граніце анямеў, прыціх.

А кардынал яшчэ надзею песціць

Прыбраць яе да сквапных рук сваіх —

Шле з Ватыкана «нізкія паклоны»

Няўрымснай пастве, фарарам былым.

Манашкі пасціралі пыл з іконаў,

Страх перад богам — горш за кайданы,

Але маўчаць — няймецца кінуць вокам

На тое «пекла» з трубамі да хмар:

Бязбожны люд, а лётае высока.

У кожным хлопе — бунтаўшчык, Ікар!..


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 56
Крыніца: скан