epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Варшавянка

Эх ты, «сэндзя» мой строгі...

Не сярдуй, усміхніся.

Скінь з рахунку астрогі

Ды не плач, а маліся

На свой горад без свастык

І калючага дроту.

Толькі сонца не засці

Сваім дзецям, Дарота.

Мне, прызнацца, карцела

Каля іх прыпыніцца,

Але ты наляцела

На мяне, як арліца:

«Не кажы ім, што мужа

Я сама пакарала...»

Ды не ластаўкі кружаць

Над магілай капрала.

І сама ты, сама

Прагаворышся дзецям.

Быў злы дух і няма —

Пацішэла на свеце.

Партызаны — ён смерць ім,

Запраданец, прарочыў —

З-пад канвою, як чэрці,

Разляцеліся ноччу...

Я патрон той збярог,

Каб ты ведала — веру,

Што ў абойму ён лёг

З самым чыстым намерам.

Ты не мужа забіла,

А падонка, фашыста.

Бо Варшаву любіла

Па-мазурску, агніста.


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 32
Крыніца: скан