epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Бажко

Васількі

Дзяўчына прагнаю рукой

З мяжы вясну сарвала

І з сінявокіх васількоў

Сабе букет звязала.

Хоць поіць іх вадой з ракі

Красуня маладая,

Пажоўклай кветкаю вясна

З букета ападае.

А за акном яна жыве,

Румяніцца на вішнях,

На тыне хмель вянком пляце

Цвіце ля хаты пышна...

Вясна жыла і будзе жыць!

Рукой дзяўчына ўмелай

На палатно кладзе эцюд

Яе тугога цела.

Яшчэ узор адзін, другі —

Зайграюць светацені,

І затрапечацца жыццё

Ў шаўковых нітак жмені.

Вясна жывою гамай фарб

Дзяўчыне ў вочы гляне,

І не павянуць васількі

На вышытым дыване!


1968-1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Бажко А. Каласы і скалы. Вершы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1978.— с. 35
Крыніца: скан